Вторник, 29 Май 2018 15:40

#МАЁЛЕТА

Юлия ГАВРИЛЕНКО

Пяць лепшых фальклорных фестываляў і этнаконкурсаў вобласці паводле версіі “МП”

«Маладзечна-2018», 8--9 чэрвеня

Толькі жывы гук і толькі родная мова -- васямнаццаты раз ладзіцца ў Маладзечне гэтае свята. Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі займае ганаровае месца ў фэставым руху краіны. Ён адлюстроўвае патэнцыял нашай культуры, яе ўнікальныя асаблівасці, багатую народную спадчыну. Дарэчы, гэта адзіны фэст, які мае статус нацыянальнага і вызначае культурную прастору сучаснай Беларусі. Цягам  двух фестывальных дзён на галоўных канцэртных пляцоўках горада запланаваны творчыя сустрэчы і канцэрты. На «Фестывальнай сядзібе» можна будзе пазнаёміцца з экспазіцыяй вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а на адкрытых пляцоўках пабачыць выступленні лепшых творчых калектываў рэгіёна. У гэтыя дні будзе раскрыта і галоўная інтрыга года -- журы вызначыць пераможцу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

«Сонечная цеплыня дрэва», 5--14 чэрвеня

Гаспадыняй свята-конкурсу майстроў драўлянай манументальнай скульптуры доўгі час была Смалявіччына. Свята вандруе па ўсёй Міншчыне, на яго карце ўжо пазначаны Крупскі, Валожынскі, Старадарожскі, Вілейскі, Барысаўскі, Маладзечанскі раёны. Дзякуючы гэтай імпрэзе малыя гарады становяцца сапраўднымі музеямі пад  адкрытым небам. Сёлета майстры збяруцца на Любаншчыне. Кожны з іх за дзесяць дзён зробіць драўляную скульптуру ці дэкаратыўнае пано, карыстаючыся рознымі тэхналагічнымі прыёмамі мастацкай апрацоўкі драўніны і аздаблення гатовых вырабаў. Сачыць за тым, як са звычайнага бервяна нараджаецца прыгажосць, можа кожны. 

«Нясвіжскі фэст», 16 чэрвеня

Абласное свята народнай творчасці аб’яднала адразу тры мерапрыемствы: фестываль народнай музыкі «Грай, гармонік», саломапляцення «Саламяныя дзівосы» і лозапляцення «Лазовыя карункі».

«Грай, гармонік» -- фэст унікальны: паспаборнічаць тут могуць толькі лепшыя ансамблі і індывідуальныя выканаўцы. А яшчэ толькі на гэтым фэсце вы зможаце пачуць народныя прыпеўкі з усіх раёнаў Міншчыны. 

З кожным годам, пачынаючы з 1997-га, калі ў Мар'інай Горцы адбылося першае абласное свята саломапляцення, яно набывае ўсё большы размах. Калі ў першым удзельнічаў усяго 41 майстар, дык у апошнія гады на «Саламяныя дзівосы» з'язджаюцца сотні ўмельцаў і іх вучняў з усіх раёнаў вобласці. Яны, а таксама майстры лозапляцення ладзяць выставы і спаборніцтвы, даюць урокі ўсім аматарам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Абласны пленэр скульптараў, ліпень

Сёлета  мерапрыемства па вырабу дэкаратыўных скульптур з каменю пройдзе на маляўнічай Мядзельшчыне. Удзельнікамі стануць прафесійныя скульптары і сябры грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз мастакоў». Пад  іх рукамі валуны за некалькі дзён ператворацца ў  сапраўдныя шэдэўры. Але мала стварыць скульптуру, яе трэба як след прадставіць. Ці атрымаецца гэта ў мастакоў -- даведаемся ў ліпені.

«Бярэзінскія лыжкары», жнівень

Драўляная лыжка -- сапраўдны брэнд Бярэзіншчыны. У раёне ёй прысвяцілі цэлы музей (адзіны ў сваім родзе) і нават паставілі помнік. Не так даўно ў райцэнтры з'явілася 23-метровая скульптура з міфалагічным сюжэтам: лыжку ў зубах трымае цмок. Бярэзінская лыжка на пяць метраў большая за румынскую рэкардсменку і можа заняць ганаровае месца ў Кнізе Гінеса. Таму не дзіўна, што столькі народных умельцаў з усіх рэгіёнаў вобласці з'язджаюцца ў Беразіно на свята-конкурс «Бярэзінскія лыжкары».  Майстры спаборнічаюць у вырабе самай вялікай і самай маленькай лыжак, выразаюць лепшую лыжку для прыгатавання ежы і лыжку -- сталовы прыбор. Тут можна будзе ўбачыць выступленні аматарскіх калектываў, якія выкарыстоўваюць лыжкі ў якасці музычных інструментаў.

5 САМЫХ ВІДОВІШЧНЫХ ОПЕН-ЭЙРАЎ МІНШЧЫНЫ

На парозе чэрвень -- пара фэстаў, святаў і вечарын пад адкрытым небам. Мы зрабілі падборку самых маштабных культурных падзей, якія адбудуцца на   Міншчыне, і даведаліся, дзе можна пазнаёміцца з рыцарамі, паслухаць рок і дакрануцца да неба.

ШТО? Купальскі фэст «Свята сонца» 

ДЗЕ? Музейны комплекс «Дудуткі» 

КАЛІ? 16--17 чэрвеня

Купалле  адзначаюць ля вогнішча. Водзяць карагоды, спяваюць песні, плятуць вянкі і шукаюць папараць-кветку. А на фэсце «Свята сонца» сучасная музыка і стагадовыя традыцыі сплятаюцца ў адно цэлае. Опен-эйр абавязкова спадабаецца ўсім аматарам фолк-рок-культуры. У праграме канцэрт на дзвюх сцэнічных пляцоўках, фэст агню, купальскі кірмаш, этна- і інтэрактыўныя пляцоўкі. У рамесных майстэрнях можна паспрабаваць сябе ў кавальскай і ганчарнай справе, саломапляценні і ткацтве. А яшчэ  тут навучаць апрацоўваць камень, чаканіць манеты і шыць абрадавыя лялькі.

Арганізатары абяцаюць пасля поўначы запаліць на  беразе ракі Пціч самыя вялікія вогнішчы. Тут можна будзе пускаць вянкі па вадзе і скакаць праз ачышчальны агонь. Для гасцей і ўдзельнікаў на тэрыторыі фэсту будзе дзейнічаць палатачны лагер.

ШТО? Міжнародны рыцарскі фэст «Наш Грунвальд» 

ДЗЕ? Музейны комплекс «Дудуткі» 

КАЛІ? 21--22 ліпеня

Міжнародны рыцарскі фэст «Наш Грунвальд» сёлета юбілейны, ён праводзіцца дзясяты раз і традыцыйна будзе прысвечаны вайсковай і свецкай культуры, звычаям нашых продкаў. Галоўнай падзеяй імпрэзы стане рэканструкцыя самай маштабнай бітвы ў сярэднявечнай Еўропе, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж Тэўтонскім ордэнам і войскамі-саюзнікамі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. 

У рэканструкцыі эпізодаў Грунвальда прымуць удзел прадстаўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі і Літвы.  На працягу двух фэставых дзён будуць адкрыты пляцоўкі для спартыўных спаборніцтваў і кірмаш прадметаў даўніны, пройдуць турніры рыцараў, коннікаў, лучнікаў і алебардыстаў, бугурты (масавыя бітвы), бітва на мосце і штурм замка.

ШТО? Рок-фестываль «Рок за Бобров»

ДЗЕ? Аэрадром «Баравая» 

КАЛІ? 4 жніўня

Адпачыўшы пасля рыцарскага фэсту, можна наведацца на яшчэ адзін опен-эйр, які пройдзе на “Баравой” у пачатку жніўня. Летась «Рок за Бобров» наведала 25 000 чалавек, у гэтым годзе арганізатары чакаюць рэкордныя 30 тысяч. «Рок за Бобров» маштабна выходзіць на арбіту другога дзесяцігоддзя і, як звычайна, дорыць жывы гук. Сёлета на сцэне можна будзе пабачыць 10 груп, у тым ліку легендарныя ДДТ, «Звери» і «Сплин».

ШТО? Фестываль-рэканструкцыя ранняга сярэднявечча «Шлях вікінгаў»

ДЗЕ? Парк гісторыі «Сула»

КАЛІ? 18--19 жніўня

Адзіны фэст, які пераносіць нас у легендарную эпоху вікінгаў і расказвае гісторыю ўзнікнення знакамітага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Ён праходзіў праз беларускія землі і злучаў Скандынавію з Візантыяй. Насычаная праграма ўключае ў сябе рэканструкцыю масавых пабоішчаў, бітваў і штурмаў замкавай брамы, а таксама адзіночныя і групавыя спаборніцтвы. Умелыя рамеснікі прадставяць прадметы побыту, касцюмы вікінгаў і зброю тых часоў. Але галоўнае -- атмасфера сярэднявечча. Дзень і ноч -- тэматычная музыка, майстар-класы па танцах, гульні і забавы.

Дарэчы, сюжэт кожнага наступнага фэсту -- гэта працяг гісторыі, расказанай на мінулым. Летась напярэдадні 950-годдзя Мінска галоўным акцэнтам стала рэканструкцыя бітвы на Нямізе, якая адбылася 3 сакавіка 1067 года паміж войскамі полацкага князя Усяслава Чарадзея і дынастыі Яраславічаў. Што чакае ўдзельнікаў і гасцей зараз -- пакуль невядома.

ШТО? Міжнародны фэст феерверкаў «Навальніца» 

ДЗЕ? Гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс «Лагойск» 

КАЛІ? 25 жніўня

Апошняя суботняя летняя ноч без перабольшання стане самай яркай падзеяй года, а Лагойск -- горадам з самым маляўнічым небам. Менавіта тут пройдзе чарговы міжнародны фэст феерверкаў «Навальніца», дзясяткі прафесійных каманд будуць змагацца за Гран-пры. Хто-хто, а яны ведаюць, як здзівіць гледача і аўтарытэтнае міжнароднае журы. І хоць асноўныя імпрэзы пачнуцца з надыходам ночы, весела ў гарналыжным комплексе будзе з самай раніцы. Арганізатары запланавалі дзясяткі спартыўных гульняў і квестаў, будуць працаваць дзіцячы гарадок і  атракцыёны. А  бацькоў тым часам чакаюць фудкорт, зона барбекю і пляж.

ПАЕХАЛІ? ПАЛЯЦЕЛІ!

Чуеце рокат матораў і віск тармазоў? Гэта гоншчыкі, байкеры і лётчыкі з усёй Еўропы спяшаюцца ў Мінскую вобласць для ўдзелу ў лепшых мота- і авіяфэстах гэтага лета.

Мiжнародны фестываль рэтраматацыклаў «Кoла чaсу»

Вілейскі раён, аграгарадок Людвінова

22--24 чэрвеня

Адзіны ў Беларусі і адзін з самых буйных ва Усходняй Еўропе рэтрамотафестываль «Кола часу» кожны год мяняе сваю дыслакацыю. Сёлета ралі пройдзе на адным з берагоў маляўнічага Вілейскага вадасховішча. Апроч традыцыйных спаборніцтваў --  новыя мерапрыемствы. Так, упершыню пройдзе прабег-экскурсія-вандроўка на рэтраматацыклах «Крывiцкае падарожжа». А яшчэ можна будзе паглядзець на сабраныя ўласнымі рукамі і адрэстаўрыраваныя матацыклы розных часоў.

Авіяцыйны фэст #ПраНеба 

Аэрадром «Баравая» 

28--29 ліпеня

І вось яны зноў вяртаюцца ў наша неба -- верталёты, спартыўныя, пілатажныя самалёты і сапраўдныя паветраныя шары. Убачыць іх можна на аэрадроме «Баравая» (уваход свабодны), таму збірайце сяброў і пачынайце планаваць самыя неверагодныя выхадныя гэтага лета. 

З 23 па 29 ліпеня на аэрадроме «Баравая» ўпершыню адбудзецца чэмпіянат свету па верталётнаму спорту, у якім прымуць удзел  40--45 экіпажаў з 10--15 краін. Самымі масавымі стануць два апошнія дні. Менавіта на 28 і 29 ліпеня запланаваны штогадовы авіяцыйны фэст #ПраНеба.  Відовішчнай падзеяй стануць спаборніцтвы па дрон-рэйсінгу. Яны праходзілі на Мальце і Гавайскіх астравах, у Кітаі, Румыніі і Францыі. На чарзе Мінск. У рамках фэсту будуць арганізаваны  аглядныя палёты для гасцей на розных лятальных апаратах. Цікава будзе не толькі ў небе, але і на зямлі, дзе можна наведаць выставу авіяцыйнай тэхнікі, зрабіць сэлфі ў незвычайных фотазонах, паслухаць лекцыі і жывую музыку.

Прочитано 178 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»