Четверг, 30 октября 2014 15:12

Усё залежыць ад нас

Михаил МАСЮК
Усё залежыць ад нас zelenogorsk-online.ru

У кастрычніку на Міншчыне проходзіць месячнік па навядзенню парадку на зямлі, добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый. 

Усе мы звыкла карыстаемся багаццем роднай прыроды, часам забываючы, што маці-зямля не толькі для нас адных, трэба думаць і пра наступныя пакаленні. Бо ўсе мы на гэтай зямлі суседзі — мірныя жыхары: дрэва і травінка, куст і кветка, пчала і мурашка…

Усе мы — зямляне. У чысціні і прыгажосці хочацца жыць кожнаму. А вось прывучыць жыхароў вёсак і гарадоў да парадку і беражлівасці цяжка. Купіў у магазіне цукеркі, марожанае, банан, з’еў — абгортку, лупіну пад ногі, выпіў пляшку мінералкі — пусты посуд у акно аўтамабіля. А колькі акуркаў і пачкаў з-пад цыгарэт валяецца на пешаходных сцежках, на аўтобусных прыпынках, каля пад’ездаў дамоў, у кабінах ліфтоў, каля скрынь для смецця! Няўжо цяжка кінуць у сметнік паперку ці акурак? Шмат смецця застаецца ў зонах адпачынку, на прыдарожных палосах, на аўтастаянках, на пляжах і каля альтанак. Чаго толькі тут няма: шклянкі і пластыкавы посуд, пакеты і папера, рэшткі ежы пасля пікніка. Але ж усе гэтае смецце можна было б аккуратна сабраць у пакет.

Многія мяркуюць, што работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельвыканкамаў, лясгасаў абавязаны прыбіраць месцы адпачынку на ўлонні прыроды, а самім грамадзянам быццам бы не трэба прымаць удзел у добраўпарадкаванні тэрыторый. Не ўсе жыхары шматкватэрных дамоў сочаць за парадкам на лесвічнай пляцоўцы, вакол дамоў, у ліфтах. Прыемна зайсці ў пад’езд дома, дзе чыста, прыгожыя малюнкі на сценах, шмат вазонаў на падаконніках. Відаць, што ўсе любяць тут чысціню, парадак і прыгажосць. Але у многія пад’езды сорамна зайсці — стаіць тытунёвы дым, сцены брудныя, валяюцца акуркі, выбітае шкло ў рамах, паламаныя дзверы. Мяркую, час ужо развітацца з прынцыпам — «гэта не маё, а грамадскае, значыць, можна і не берагчы».

Калі мы і далей так будзем ставіцца да роднай зямлі, прыроды, нанясём ім непапраўны ўрон. Паглядзіце, якое пануе бескультур’е ў лясах. І засмечваюць іх жыхары навакольных вёсак, дачнікі. Але ж патрабуецца тут зусім нямнога — культура і беражлівасць. Да лесу, да ўсяго жывога. Мы павінны быць адказнымі за грамадскую маёмасць, за кожны пад’езд, за газон, за вуліцу, за прыгожую кветку. Павінны прымнажаць прыродныя багацці, каб навакольны свет вечна дарыў сваю прыгажосць.

Дык зробім жа наш край яшчэ больш прыгожым, утульным — для нас, нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў! Для ўсіх зямлян. 

Прочитано 2367 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»