Четверг, 20 августа 2015 02:59

Чыстыя рукі па-ранейшаму актуальныя

mpravda.by
Рубрика

Летам павышаецца рызыка ўзнікнення некаторых інфекцыйных захворванняў. Аб мерах прафілактыкі карэспандэнт «МП» гутарыць з загадчыкам інфекцыйнага аддзялення Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Алегам Еліным.

Летам звычайна назіраецца ўсплёск кішэчных інфекцый.

Бактэрыі і вірусы, як вядома, любяць цёплае асяроддзе і з’яўляюцца ўзбуджальнікамі многіх сур’ёзных захворванняў. Скажам, на Чэрвеньшчыне ўжо зафіксавана некалькі выпадкаў сальманелёзу. Гэтая кішэчная хвароба звычайна працякае цяжка. Яе сімптомы — вадкі стул да 20 разоў у суткі, з прожылкамі крыві, слізі, высокая тэмпература. Могуць паражацца ныркі.

Што з’яўляецца прычынай гэтага захворвання?

Практычна заўсёды схема тут аднолькавая. Альбо чалавек ужываў яйкі свойскай птушкі недастаткова тэрмічна апрацаванымі ці ўвогуле сырымі, альбо пасля куратніка элементарна не вымыў рукі. Бо сальманелы ў вялікай колькасці знаходзяцца менавіта на шкарлупіне яйка. Таму асноўныя меры прафілактыкі гэтай інфекцыі — абавязкова вымыць яйкі гарачай вадой з мылам і правесці дастатковую тэрмічную апрацоўку. Калі варыць — дык укрутую, калі смажыць — каб жаўток быў вельмі шчыльным. Плюс захоўваць правілы асабістай гігіены пры доглядзе свойскай птушкі.

Таксама летам назіраецца рост кішэчных інфекцый, выкліканых вірусамі. У прыватнасці, энтэравірусам. Інфекцыя можа праяўляцца ў розных формах, ад лёгкіх да цяжкіх. І яе крыніцу часцяком выявіць вельмі складана. Гэта можа быць сырая пітная вада, нямытыя фрукты, кантакт з хворым альбо носьбітам віруса...

І якія прыкметы такой інфекцыі?

Па сутнасці, тыя ж: часты вадкі стул, тэмпература, ваніты. У дзяцей — энтэравірусная ангіна, высыпанні на целе. І практычна заўсёды — кішэчныя праявы. Зай мацца самалячэннем ні ў якім разе не трэба, неабходна адразу звярнуцца да спецыяліста. Бо вірусная і бактэрыяльная кішэчныя інфекцыі маюць свае асаблівасці ў лячэнні. Яшчэ сустракаецца харчовая інтаксікацыя. Лячэнне — тое ж. Бо часты вадкі стул — прыкмета таго, што арганізм з хваробай змагаецца. І пры гэтым губляе солі, вадкасць. Але трэба не сырую ваду піць, а спецыяльныя растворы, ужываць абсарбенты. Пры лёгкай форме харчовай інтаксікацыі чалавек папраўляецца дні за тры. Сярэдні тэрмін лячэння кішэчнай інфекцыі — 5—6 дзён. Бываюць, канешне, цяжкія выпадкі — у дзяцей, у пажылых людзей.

Ці па-ранейшаму актуальная «хвароба брудных рук»?

Ужо год 6 не сустракаўся з дызентэрыяй, «хваробай брудных рук». Але зараз на змену бактэрыяльнай кішэчнай інфекцыі прыходзіць вірусная. А яна, на жаль, мае такі механізм перадачы, што толькі захавання правіл асабістай гігіены тут недастаткова.

Ці ёсць магчымасць засцерагчыся гэтых хвароб, зрабіўшы прышчэпку?

Так. Думаю, усе чулі пра такую хваробу, як вірусны гепатыт А, які ў народзе называюць жаўтухай. Раней толькі на Чэрвеньшчыне фіксавалася некалькі соцень выпадкаў на год. А ў 2004-м у Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Рэспублікі Беларусь увялі прышчэпку ад гепатыту А. Пачалі яе рабіць шасцігадовым дзеткам, якія ідуць у школу, бо ў іх недастаткова сфарміраваны навыкі асабістай гігіены. І што адбылося? Апошні выпадак гепатыту А я назіраў у 2007-м годзе. І зараз у рэспубліцы фіксуюцца адзінкавыя выпадкі, у асноўным — так званыя прывазныя. Яшчэ не ўключана ў каляндар прафілактычных прышчэпак, але робіцца на платнай аснове прышчэпка ад ротавіруснай інфекцыі. Яе гарантыя для дзіцяці — амаль 100%. А для дарослых гэтая хвароба практычна неактуальная.

Парады чытачам «МП»

Самым актуальным па-ранейшаму застаецца элементарнае мыццё рук, не адзін раз у суткі. Калі набываеце фрукты — абавязкова памыйце іх перад ужываннем гарачай вадой. Не забывайце пра тэрміны захоўвання прадуктаў, асабліва ў спёку. Бо нават халадзільнік не з’яўляецца гарантыяй таго, што прадукты, якія захоўваюцца там месяцамі, не стануць крыніцай кішэчнай інфекцыі. Тым, хто збіраецца на адпачынак за мяжу, раю ні ў якім разе не піць там сырую ваду з-пад крана, не купляць прадукты проста на вуліцы, з зямлі. І зноў-такі раю як мага часцей мыць рукі.

Прочитано 2290 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»