Понедельник, 12 Июнь 2017 11:46

Ад слова да «Слоўка»

Ларыса ПАЎЛОВІЧ

Карэспандэнт «МП» нават і не ўяўляла, што возьме інтэрв’ю, магчыма, у адзінага на ўсю краіну... трактарыста-філолага. Прынамсі так у ваенным білеце пазначаны цывільныя спецыяльнасці Уладзіміра Куліковіча, якога нашы чытачы добра ведаюць. Ён вядучы рубрыкі «Беларускае слоўка». 
Уладзіміру Іванавічу сёння, дарэчы, спаўняецца 50.
У нас была нагода павіншаваць юбіляра і адначасова даведацца, якім чынам нараджаецца гісторыя кожнага «Слоўка», перш чым яна трапляе на старонку газеты.

Даведка «МП»

Уладзімір Куліковіч – загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Аўтар больш як 400 навуковых і навукова-метадычных прац па беларускай мове, тэорыі і практыцы рэдагавання для агульнаадукацыйных школ і ВНУ.

– Уладзімір Іванавіч, убачыўшы ўпершыню вашу рубрыку, падумала, што яго вядучы, напэўна, мае глыбокія беларускія карані…
–Так яно і ёсць. (Усміхаецца.) Маё дзяцінства было, як і ў многіх маіх равеснікаў, бесклапотным, вясёлым, напоўненым будзённай сялянскай працай, адкрыццямі, надзеямі... Яно прайшло ў вёсцы Станцыя Ашмяны, што на Гродзеншчыне. За 50 кіламетраў ад Вільні, куды мы ездзілі па марозіва, цукеркі і каўбасу. Кожная пара года тады для нас, вучняў Дакурнішскай сярэдняй школы, мела свой прысмак. Восень – гэта найперш дружная, хоць і нялёгкая праца на бульбяных палетках саўгаса, сумесныя абеды ўсім класам дзе-небудзь на ўзлессі падчас адпачынку, вэнджанае сала, кіслая капустка, салёныя гуркі… Зіма помніцца снегам, санкамі, канькамі, не раз ламанымі лыжамі, а яшчэ – канцэртамі, якіх было безліч па школах раёна ды і ў сябе дома. Вясна –
традыцыйны збор металалому. Калі ўвесь клас, бывала, на дзвюх фурманках дапазна гойсае па ваколіцах, каб прывезці найбольшую колькасць жалеза і выйсці пераможцам сярод школ раёна. І трэба прызнацца, мы былі пераможцамі, за што і ездзілі пасля сёмага класа ажно на тыдзень у Кіеў. Прыходзіла лета – і пачыналіся купанне, рыбалка, сенакос. А самае запамінальнае гэтай парой – начное. Калі нам, падлеткам, зрэдку даручалі выпасваць коней ноччу… Са школы я выйшаў з атэстатам выдатніка і пасведчаннем пра набытую спецыяльнасць трактарыста.

– І ці ж давялося папрацаваць трактарыстам?
– Зусім нядоўга. Месяцы два ў студэнцкім будаўнічым атрадзе ў Карэліі, калі вучыўся ў Белдзярж­універсітэце. Там толькі на трактары і пераадольвалі асобныя ўчасткі дарог, адпаведныя адлегласці…

– Вы закончылі філфак БДУ. Што падштурхнула пайсці ў гуманітарным кірунку?
– Выпадковасць. Пасля восьмага класа сур’ёзна рыхтаваўся да паступлення ў тэатральнае вучылішча імя Барыса Шчукіна ў Маскве. Помніцца, часта дэкламаваў са сцэны на розных канцэртах дзясяткі баек, вершаў. Аднак мара стаць акцёрам засталася там, у юнацтве. Калі прыйшоў ліст-выклік з’явіцца на іспыты, першай прачытала яго матуля. І паколькі там папярэджвалі: «Інтэрнат іншагароднім не прадастаўляецца», сказала: «У нас няма сродкаў, каб цябе вучыць у Маскве. Ідзі ў дзявяты клас, а там час пакажа…»

– І што паказаў час?
– У выпускным класе я марыў пра журфак БДУ. Нават, згодна з умовамі конкурсу, падрыхтаваў каля дзясятка сваіх нататак з раённай газеты. У іх распавядалася пра школьныя будні, пра в’етнамскага хлопца, якому давялося адпачываць у санаторыі «Ашмяны». Але на канчатковае рашэнне паўплываў таксама выпадак. Напярэдадні прыёмнай мітусні па тэлевізары паказалі выступленне фальклорнага калектыву філфака БДУ. А паколькі я сам толькі-толькі самастойна навучыўся іграць на баяне, мая душа прагнула быць бліжэй да тых, хто прыгожа спяваў у нацыянальных строях, здаецца, на свяце філолагаў у Вязынцы. Вось так мой атэстат апынуўся на філфаку. Затым – экзамены, залічэнне. Студэнцкае жыццё. За час якога былі два гады армейскай службы ў Падмаскоўі. У маім ваенным білеце захаваўся ўнікальны запіс, які нагадвае пра тыя часы. У графе «Спецыяльнасць» можна прачытаць: «Трактарыст, філолаг».

– А рубрыка «Беларускае слоўка» як нарадзілася?
– Ідэя аповеду пра гісторыю слоў не новая. Мабыць, кожны мовазнавец за сваю творчую кар’еру расказаў у друку хаця б пра адно якое-небудзь цікавае слоўка. У мяне ж задума стварыць своеасаблівую навукова-папулярную энцыклапедыю беларускіх слоў пачала выкрышталізоўвацца ў 90-я гады. Калі працаваў з настаўнікамі на курсах павышэння кваліфікацыі; са школьнікамі – падчас правядзення творчых конкурсаў і алімпіяд; у дарослай нефілалагічнай аўдыторыі – калі вывучалі абноўленыя правілы беларускай арфаграфіі (Сакратарыят Савета Міністраў, БЕЛАЗ, Белтэлерадыёкампанія і іншыя). А вось сама рэалізацыя ідэі пачалася з 2013 года пры падтрымцы тагачаснага галоўнага рэдактара газеты «Вечерний Минск», чалавека творчага і абаяльнага, Вольгі Аляксандраўны Шпілеўскай. У многім дзякуючы ёй, а таксама супрацоўнікам і чытачам газеты «Мінская праўда» гэтая рубрыка працягваецца і ў «цэнтральнай газеце цэнтральнага рэгіёна». Менавіта яны – супрацоўнікі і чытачы – падказваюць, пра якое слоўка варта было б напісаць, падбадзёрваюць, натхняюць. Бо, прызнáюся, не заўсёды проста і лёгка знайсці патрэбны час, каб цікава распавесці пра нашы самабытныя лексемы. Іншым разам, каб напісаць адну старонку тэксту, даводзіцца каля трох сутак «жыць» гэтым словам…

– Цікава, а як вашы калегі-тэхнары з універсітэта ставяцца да рубрыкі?
– Надзвычай прыязна. Больш за тое, асобныя матэрыялы для рубрыкі я атрымаў менавіта ад «тэхнароў». А калі даводзіцца пісаць пра спецыфічныя, так бы мовіць «тэхналагічныя» слоўкі, то многія вучоныя ўніверсітэта становяцца добраахвотнымі кансультантамі. Напрыклад, дзе можна сабраць цікавы матэрыял для слоў брукаванка, выспа, гасцінец – падказалі супрацоўнікі факультэта тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці. Пра дзьмухаўцы, пралескі, сáжалкі шмат займальнага распавялі навукоўцы з факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў. Супрацоўнікі інжынерна-эканамічнага факультэта дапамаглі разабрацца з тэрмінамі рэшта, скарб, спадчыннік. Так што можна смела сцвярджаць, што рубрыка – гэта вынік творчага супрацоўніцтва гуманітарнага і тэхнічнага складнікаў БДТУ, на чале якога стаіць неабыякавы да развіцця нацыянальнай культуры чалавек прафесар, доктар тэхнічных навук Ігар Вітальевіч Войтаў.

– Ваша прозвішча стаіць на вокладках вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ. А што новага чакаць сёлета?
– Сёлета сапраўды, як ніколі, хочацца завяршыць і выдаць тры манаграфіі. Адну з работ збіраюся прысвяціць настаўнікам Мінскай вобласці, з якімі мяне звязвае сяброўства з 90-х гадоў. На курсах павышэння кваліфікацыі ў Мінскім ІРА многім з іх я паабяцаў да новага навучальнага года выпусціць гэтае выданне ў свет з фотаздымкамі настаўнікаў. Другая манаграфія будзе прысвечана гісторыі беларускага кнігадрукавання. Прэзентаваць яе плануем разам з рэктарам універсітэта Ігарам Войтавым падчас юбілейных мерапрыемстваў да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Тэматыка трэцяга навуковага выдання – беларуская арфаграфія. Для школы ж планую выдаць другі выпуск серыяльнага выдання «Дзённік алімпіёніка».

– Сур’ёзныя планы. Зычым, каб яны былі рэалізаваны. Здароўя, поспехаў, натхнення!
– Дзякуй. «Мінскай праўдзе» – удзячных чытачоў і цікавых тэматычных рубрык! 

Прочитано 163 раз
Оцените материал
(2 голосов)
« Август 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31      
Система «Расчёт»