Понедельник, 19 Июнь 2017 09:52

МЛЫН НАВІН

Максiм КОРОТКIН

Голад – не гарантыя даўгалецця
Ужыванне меншай колькасці калорый для падаўжэння жыцця бессэнсоўна – зрабілі выснову навукоўцы.
У пачатку 90-х гадоў у Амерыцы праведзены цікавы двухгадовы эксперымент пад назвай «Біясфера-2». Восем чалавек былі ізаляваны ад знешняга свету ў своеасаблівым падабенстве марсіянскай калоніі. Адзін з удзельнікаў – знакаміты евангеліст тэрапеўтычнага галадання Рой Уолфард – угаварыў астатніх спажываць толькі 70% калорый ад сутачнай нормы на працягу амаль усяго тэрміну даследавання. У пачатку эксперымента Уолфарду споўнілася 69. Ён збіраўся прытрымлівацца галадання і пражыць да 120 год, але, на жаль, памёр у 79. Абмежаванне калорый і перыядычнае галаданне ідзе на карысць тым жывёлам, каму прыродай наканавана кароткае жыццё: чарвякам, мухам, мышам, пацукам, хамякам і інш. Дзякуючы галаданню даходзіць да 50% прыросту працягласці іх жыцця. Аднак падобнага эфекту ў жывёл, што жывуць значна даўжэй, пакуль не заўважана. Эксперыменты на прыматах даказалі: абмежаванне калорый павялічвае працягласць жыцця крыху больш за 5%. Такім чынам, гавораць даследчыкі, пераядаць, вядома, не варта, бо жыццё гэтым можна радыкальна скараціць. Але і марыць сябе голадам дзеля некалькіх міфічных гадоў жыцця будзе глупствам. 

Фараоны родам з Каўказа?
Нямецкія навукоўцы з інстытута Макса Планка і ўніверсітэта Цюбінгена часткова аднавілі геном 90 егіпецкіх мумій узростам ад 1 500 да 3 500 год. Прааналізаваўшы яго, прыйшлі да высновы: старажытныя егіпцяне не з’яўляліся афрыканцамі. Адны былі «туркамі», іншыя – выхадцамі з Паўднёвай Еўропы і з месцаў, дзе цяпер знаходзяцца Ізраіль, Іарданія, Сірыя, Ліван, Грузія і Абхазія. Крыху раней аналагічныя даследаванні правялі біёлагі з генеалагічнага цэнтра ў Цюрыху. Яны аналізавалі генетычны матэрыял, што ўзялі ўсяго з адной муміі. Затое – самога фараона Тутанхамона. Спецыялісты параўналі геном хлопчыка-фараона і сучасных еўрапейцаў. Высветлілася: у сярэднім палова еўрапейскіх мужчын – «тутанхамоны» (сваякі фараона). А ў некаторых краінах іх доля даходзіць да 60–70% – як, напрыклад, у Вялікабрытаніі, Іспаніі і Францыі. Генетычныя даследаванні швейцарцаў і немцаў яшчэ раз пацвердзілі: сучасныя егіпцяне ў большасці сваёй не з’яўляюцца нашчадкамі фараонаў і не ма­юць з імі амаль нічога агульнага. Швейцарскія вучоныя мяркуюць, што агульны продак егіпецкіх цароў і еўрапейцаў жыў на Каўказе прыкладна 9 500 год таму. Яго прамыя нашчадкі рассяліліся па Еўропе каля 7 000 год таму. A нехта дабраўся да Егіпта і выбіўся ў фараоны. n

Тынэйджары, высыпайцеся!
У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя патлумачылі, як зберагчы моладзь ад атлусцення. Спецыялісты лічаць, што неабходнасць спаць дастатковую колькасць гадзін з’яўляецца ўмовай для прафілактыкі лішняй вагі сярод падлеткаў. Паміж недастатковай колькасцю сну і развіццём атлусцення існуе непасрэдная сувязь, адзначаюць у СААЗ.
Падлеткам варта спаць дзевяць ці больш га­дзін. Пры гэтым людзі, якія мелі лішнюю вагу ў падлеткавым узросце, з высокай верагоднасцю будуць пакутаваць ад яе і пазней. Строгі распарадак дня (у тым ліку абмежаваны час на прагляд тэлевізара, рэгулярны прыём ежы) зніжае верагоднасць таго, што дзіця сутыкнецца з праблемай лішняй вагі.
Даследчыкі Каліфарнійскага ўніверсітэта высветлілі, што ў людзей, якія ўжываюць шмат салодкіх напояў з кафеінам, павялічваецца верагоднасць набыцця лішняй вагі не толькі прама, але і ўскосна. Той, хто п’е салодкую газіроўку занадта часта, спіць менш за пяць гадзін у суткі. n

Вада замест таблетак
Пры перыядычным галаўным болю некалькі шклянак ахалоджанай вады і расслабляльны душ, мокры кампрэс ці ванна мо­гуць цалкам замяніць таблеткі.
Калі боль выкліканы стрэсам або стомленасцю, то звычайнае пітво і водныя працэдуры – добры сродак. Акрамя таго, важна памятаць: вада не толькі дапамагае змагацца з галаўным болем, але і не дапускае яго ўзнікнення. І вы павінны піць менавіта ваду, а не іншыя вадкасці. Бо такія напоі, як кава ці газіроўка, прыводзяць да абязводжвання арганізма, выклікаюць галаўны боль.
З народных рэцэптаў: пры галаўным болю зрабіце сабе кампрэс. Намачыце тканіну ў халоднай вадзе, адцісніце і прыкладзіце да лба. Палёгка адчуваецца адразу. 

Штраф за хударлявасць
У Францыі мадэлям забаранілі быць занадта худымі. Працадаўцам, што наймаюць на работу вельмі худых мадэляў, пагражае шэсць месяцаў турмы і штраф у 75 тысяч еўра.
Каб удзельнічаць у Парыжскім тыдні высокай моды або ў фотасесіях на тэрыторыі Францыі, мадэлі павінны будуць прад’яўляць медыцынскія даведкі аб адсутнасці сур’ёзнага дэфіцыту вагі.
Акрамя таго, рэтушыраваныя фатаграфіі мадэляў у рэкламе павінны суправа­джацца адпаведнай паметкай. Тым самым міністэрства аховы здароўя Францыі хоча спыніць распаўсюджванне недасягальных ідэалаў прыгажосці, дамагчыся скарачэння выпадкаў захворвання на анарэксію сярод моладзі.
Мода на экстрэмальную хударлявасць прыйшла ў фэшн-галіну ў 1960-я гады і канчаткова замацавалася ў 1990-я. У другім дзесяцігоддзі XXI стагоддзя модная індустрыя, што на працягу доўгага часу адрознівалася неверагодна строгімі стандартамі, дазволіла выходзіць на подыум манекеншчыцам, чыя знешнасць і параметры не адпавядаюць класічным уяўленням пра прыгажосць. Так на подыумах і ў глянцавых часопісах з’явіліся манекеншчыцы з пышнымі формамі, а таксама пажылыя мадэлі. 

У імя кібернетыкі
У нямецкім горадзе Вітэнбергу з’явіўся робат-святар, які благаслаўляе вернікаў і чытае Біблію. Большую частку металічных грудзей машыны, распрацаванай Евангелічнай царквой Гесэна і Насау, займае сэнсарны экран. Робат вітае карыстальніка і прапануе выбраць голас і тып блаславення. Затым ён узносіць рукі да нябёсаў і прамаўляе: «Хай Бог блаславіць і абароніць цябе!» Потым агучваецца выслоўе з Бібліі, якое пры жаданні можна раздрукаваць.
Прадстаўнік царквы Себасцьян фон Герэн прызнаўся, што электрамеханічны святар выклікаў неадназначную рэакцыю. Палове прыхаджан ён спадабаўся, іншыя не могуць уявіць блаславенне ад машыны. Затое робат асабліва зацікавіў людзей, далёкіх ад рэлігіі. Цяпер многія прыхо­дзяць да машыны кожную раніцу і вечар. 

Хто рана ўстае…
Людзям неабходна прачынацца а шостай гадзіне раніцы. Тады арганізм лепш працуе на працягу ўсяго дня. Як высветлілася, ёсць шэраг пэўных фактараў, якія здольныя задаць арганізму тонус з самай раніцы. Менавіта ў гэты час нейроны галаўнога мозгу працуюць неабходным чынам. Таксама адбываецца выдатнае аднаўленне большасці клетак у арганізме. Навукоўцы таксама адзначаюць, што ўсе важныя рашэнні трэба прымаць да пачатку другой паловы дня. У прамежак з раніцы да абеду мозг чалавека яшчэ не нагружаны інфармацыйным смеццем і можа думаць максімальна рацыянальна. Заўважана, што бліжэй да вечара разумовая здольнасць людзей больш слабая. n

Рабочы дзень даўжынёй у дзве гадзіны
Тое, што ў хуткім часе рабочы дзень можа істотна зменшыцца, не выключае кіраўнік міністэрства працы Расіі Максім Тапілін. Як паведаміў міністр, стандартны ў XX стагоддзі рэжым 40-гадзіннага рабочага тыдня не адпавядае патрабаванням часу. «Можа быць, у XXI стагоддзі будзе стандарт чатыры гадзіны, можа быць, пяць, можа, шэсць, я не ведаю. Ці калі-небудзь мы за дзве га­дзiны ўсё адпрацуем і пойдзем займацца сваімі справамі», – адзначыў Тапілін. Ён таксама падкрэсліў, што скарачэнне рабочага дня не будзе азначаць падзення заработнай платы. У сваю чаргу першы намеснік старшыні Цэнтрабанка Сяргей Швяцоў заявіў: ужо праз 15 год пятніца ў Расіі стане выхадным днём. На яго думку, тры выхадныя дні дазволяць развіваць новыя сектары эканомікі. 

Каб справіцца з бяссонніцай, трэба падмануць мозг
Незвычайнае вырашэнне праблемы бяссонніцы прапанавалі канадскія навукоўцы. На іх думку, тут можа дапамагчы візуалізацыя, якая «падмане мозг» і дасць магчымасць справіцца з недасыпаннем. Трэба ўвесці мозг у такі стан, калі думкі замяняюцца выявамі. Напрыклад, можна ўзяць любую літару ў алфавіце і выбраць слова, якое пачынаецца з гэтай літары. Далей уявіць, як могуць выглядаць гэтая літара і гэтае слова. Можна прыдумаць кароткае апавяданне пра любое са слоў. Пры дапамозе такога метаду некаторыя лю­дзі пагружаюцца ў сон за пару хвілін, іншым патрэбна больш часу, хвілін 15–20. Пазбавіцца ад надакучлівых думак, якія замінаюць заснуць, дапамагае таксама «метад алоўка і паперы». На аркушы паперы запісваюцца разважанні пра тое, што турбуе, – гэта супакоіць хваляванне і паспрыяе засынанню. Усе запісы робяцца толькі ад рукі, бо выкарыстанне гаджэтаў толькі пагаршае сон.
Акрамя таго, выдатным сродкам ад бяссонніцы з'яўляецца трапічны плод ківі. У ім ёсць сератанін – адзін з асноўных нейрамедыятараў, які нярэдка называюць «гармонам шчасця». Гэты хімічны элемент не толькі перашкаджае дэпрэсіі, але і дапамагае пазбавіцца ад сумных думак, расслабіцца. 

Прочитано 57 раз
Оцените материал
(0 голосов)