Пятница, 28 Июль 2017 10:42

«Івалга»: штодзень – маленькі цуд!

Марына СЛІЖ

Схаваўшыся ад гарадскога тлуму ў лесе паміж Маладзечнам і Вілейкай, дзіцячы аздараўленчы лагер «Івалга» жыве вялікай 
і дружнай сям’ёй. Кожны дзень насычаны цікавымі мерапрыемствамі, што праходзяць пад шум векавых соснаў і спеў птушак.

«А «флейту» нашых лясоў – івалгу – чуць даводзілася?» – пытаюся ў сацыяльнага педагога гімназіі №6 горада Маладзечна Наталлі Бярловай, якая працуе ў лагеры з дзецьмі восьмае лета запар. «Думаю, што так, – смяецца яна. – Але ж ці вылучыш яе з агульнага птушынага хору, у якім часам зліваюцца па некалькі дзясяткаў галасоў».

У Наталлі з гэтым летнікам адносіны асаблівыя. Кажа, што ён для яе, як, дарэчы, і для многіх калег, – лад жыцця, па якому пачынае сумаваць з канца зімы. Падабаецца сама атмасфера, радасць быць побач з дзецьмі і бачыць, як яны развіваюцца, вучацца новаму. Многія напачатку сумуюць. Але, знайшоўшы сяброў і адчуўшы сябе часткай адной сям’і, прыязджаюць сюды на працягу ўсяго школьнага жыцця. А стаўшы студэнтамі, просяцца ў лагер на практыку.

«Дэвіз нашага калектыву – усё павінна быць вельмі добра ці… ніяк! – кажа дырэктар «Івалгі» Мікалай Крывой. – І гэтага прынцыпу мы прытрымліваемся як падчас падрыхтоўкі розных мерапрыемстваў, так і арганізацыі самога адпачынку».
Да сёлетнега сезона ва ўмацаванне матэрыяльнай базы ўкладзена больш за 50 тысяч рублёў.

На асаблівым кантролі ў дырэктара і харчаванне школьнікаў. «Кормім мы сваіх дзяцей пяць разоў на дзень, – расказвае Мікалай Серафімавіч. – Прыкладны рацыён на два тыдні зацвярджае галоўны інжынер-тэхнолаг па харчаванню ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Фінская. Да патрабаванняў санітарна-гігіенічнай службы таксама ставімся сур’ёзна. За 13 гадоў працы, менавіта столькі я ўзначальваю лагер, не было выпадку, каб дырэктара альбо повара аштрафавалі за дрэнную работу харчблока. Больш за тое, летась па выніках агляду-конкурсу лагераў Мінскай вобласці нас прызналі пераможцамі ў намінацыі «Лепшая арганізацыя харчавання».

Меню ў летніку самае разнастайнае. На дзіцячым абедзенным стале калабкі тварожныя з курагой і смятанай, рыба запечаная з гароднінай, блінчыкі фаршыраваныя мясам, а таксама салата з кальмараў з яблыкамі, філе птушкі ў сыры. «Адны дзеці ядуць з задавальненнем, другіх даводзіцца ледзь не карміць з лыжкі», – кажуць выхавальнікі.

Дырэктар вучыць хлопчыкаў сачыць за сабой, прыбіраць у пакоях і дае майстар-класы па мыццю шкарпэтак. У першы ж дзень заезду ў лагер забірае ў выхаванцаў мабільнікі і выдае іх толькі пасля сямі гадзін вечара патэлефанаваць бацькам. «Дзеці падчас адпачынку павінны насіць у руках мячы, скакалкі, а не гэты «цуд тэхнікі», – кажа Мікалай Крывой. І, далучыўшыся да рэспубліканскай акцыі «Лета – час адкрыццяў», якая праводзіцца ў выхаваўча-аздараўленчых установах, стараецца разам з выхавальнікамі распісваць кожны дзень сваіх падапечных да дробязей.

«Сумаваць мы дзецям не даём ні хвіліны, – расказвае Наталля Бярлова. – Урачыста адзначылі пачатак лагернай змены, які прыпаў на 3 ліпеня, правялі Дзень беларускай культуры і арганізавалі Дзень казкі. Шукалі таксама папараць-кветку, вывучалі культуру і традыцыі розных краін. Разам з выхавальніцай Алай Ляшкевіч адзін з атрадаў прадстаўляў Беларусь. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі, танцавалі народныя танцы, частавалі нацыянальнымі стравамі. І дранікі, і бульба з салам, і халаднік былі такімі смачнымі, што некаторыя нават прасілі даць рэцэпты, каб гатаваць пасля ўсё гэта дома».

Дзеці кажуць, што ў лагеры, дзе праходзіць столькі розных конкурсаў, мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў, ім камфортна і цікава. А выхавальнікі стараюцца, каб вакол кіпела жыццё, каб дзецям не было калі сумаваць і кожны дзень у «Івалзе» здараўся хоць які маленькі цуд, а лепш – адразу некалькі… 

Прочитано 124 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Сентябрь 2016 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30    

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»