Пятница, 01 сентября 2017 12:27

Даражэй, танней ці столькі ж?

Святлана АДАМОВІЧ
Даражэй,  танней ці столькі ж? Фота Святланы АДАМОВІЧ

Разам з жыхаркамі Чэрвеня цэнамі на айчынныя і замежныя лекавыя прэпараты ў цэнтральнай раённай аптэцы №20 цікавілася карэспандэнт «Мінскай праўды».

5 капеек эканоміі

Напачатку марна «адсвечваюся» ў аптэцы: там не тое што пенсіянераў – увогуле нікога няма. Дзесяць хвілін, дваццаць… Ну што за дзіва?! Канешне, добра, што прастудны сезон не пачаўся яшчэ, але хто-небудзь сёння па лекі прыйдзе?!
Каб не нерваваць фармацэўтаў фотаапаратам і дыктафонам напагатове, выходжу прагуляцца вакол шматпавярхоўкі, што прылягае да аптэкі. А на зваротным шляху знаёмлюся з Людмілай Агурцовай – яна крочыць у аптэку:
– Ці чулі вы, што кошт на лекі павінен зніжацца? – звяртаюся з пытаннем.

– Па праўдзе, то не.

– Ну, давайце тады разам паглядзім, колькі вы сёння тут сэканоміце.

– А для мяне і так танней атрымліваецца, – тлумачыць Людміла Агурцова. – Па пенсійным пасведчанні на беларускія лекі скідка 15%.

У аптэцы жанчына купляе валідол, актываваны вугаль, параскафен – усё па адной пласціне. З улікам 15-працэнтай скідкі – 1,29.

– Гэта 12 900 ранейшымі? – удакладняе яна. – Так, а што тут па чым?

Валідол каштуе 38 капеек.

– Патаннеў, – кажа Людміла Аляксандраўна. – Раней брала, дык 40 капеек аддавала.

Адна пласцінка параскафену каштуе 82 капейкі, дзве адпаведна – 1,64.

– Патаннеў таксама, на 2 капейкі, – дапамагаюць нам фармацэўты.

А вось цана вугалю актываванага не змянілася – 25 капеек за пласцінку.

– Яшчэ, бывае, ад ціску бяру эналапрыл, – зазначае Людміла Агурцова. – Але калі моцна галава забаліць, тады спачатку іду да тэрапеўта.

– А колькі эналапрыл? – ці­ка­віц­ца ў акенцы. – Так, барысаўскі каштуе 1,70, а быў 1,75. Мінус 5 капеек.

– Я яшчэ раней цытрамон набывала, – прыгадвае жанчына. – Але ён перастаў мне дапамагаць.

Цікавімся цаной – стаў таннейшым на 1 капейку.

– Карацей, дробязь – 4-5 капеек эканоміі, – махае рукой.

– Але ж сёння пяць, заўтра пяць – гля­дзіш, і рубель назбіраецца, – разважаю я.

– Ну, так, – пагаджаецца Людміла Аляксандраўна.

На развітанне шчыра жадаю ёй не хварэць і радзей наведваць аптэку.

Аспірын не патаннеў

Ля другога акенца нечакана заўважаю сваю даўнюю знаёмую Любоў Альшук.

– Па якія лекі прыйшлі, Любоў Іванаўна? – цікаўлюся.

– Ад ціску бяру звычайна ды ад сэрца, – адказвае. І замаўляе ў акенцы:

– Эналапрыл гексал.

– І па якім кошце?

– Калі шчыра, не памятаю. Але, здаецца, асабліва не памяняўся, – сведчыць наведвальніца. – Што апошнім часам не даражэў, дык дакладна. Вось цана яго – 3,39. Ён нямецкі, а наш чамусьці мне не ідзе. Дайце дзве ўпакоўкі, калі ласка. І параскафену дзве.

– Дык пра яго мы ўжо даведаліся – скідка дзве капейкі, – зазначаю.

– А з дзвюх упаковак, значыць, чатыры, – падлічвае Любоў Альшук. – А яшчэ мне памятаецца, што я яго даўней за 1,90 брала ці што… Значыць, сапраўды, зніжаюць цэны на лекі...

– А вось калі банальны аспірын, напрыклад, спатрэбіцца? – падказваю, пра што яшчэ спытацца.

Разам даведваемся, што цана яго апошнім часам не змянялася – 34 капейкі каштуе. Гэтак жа на месцы стаіць цана на аспікард – 1,70.

Мінус 10. Рублёў!

Даведаўшыся, што іду ў аптэку, мама просіць набыць гепарынавую мазь. За яе, 25-грамовую, вытворчасці «Белмедпрэпараты», аддаю 2,47. Параўноўваю з цаной на пустой упакоўцы, узятай для памяці – 22 700 (недэнамінаваная цана). Па-новаму гэта 2,27. Атрымліваецца, што год таму яна каштавала трохі танней.

А пра самыя значныя скідкі давялося пачуць ад знаёмых. Напрыклад, «Нольпаза» замежнай вытворчасці знізілася з 25,25 (дзесьці на пачатку года) да 18,25 зараз. Сем рублёў! А замежны ж Кальцый Д-3 Нікамед Фортэ «скінуў» амаль тры рублі. Мінус 10 рублёў?! Аказваецца, гэта рэальна… 

Ад аўтара
Я прывыкла да БАДа «Чарніцы-фортэ з лютэінам» расійскай вытворчасці і дагэтуль набываю па дзве-тры ўпакоўкі ў аптэцы. Але не ў чэрвеньскай, бо тут звычайна прапаноўваюць толькі беларускі аналаг, а ў сталічнай. А хацелася б мець выбар… І цану, супараўнальную з расійскай. Ведаю пра яе не па чутках: неяк прывезла з Піцера аднакласніца 100 таблетак. Іх кошт не нашмат адрозніваўся ад набытых «чарніц» тут, у Мінску. Толькі ва ўпакоўцы «мінскіх» было роўна напалову меней – 50… Мо падчас чарговага прыезду ў сталіцу і гэтыя цэны мяне прыемна здзівяць?!

Прочитано 393 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Июль 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31            

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»