Вторник, 26 сентября 2017 11:40

Таямніцы майстэрства

Аляксандр НАВАХРОСТ, Светлана КУРЭЙЧЫК (фота)

Абласное свята «Слуцкія паясы» прайшло трэці раз і паспела ўжо стаць адной з найбуйнейшых культурных падзей не толькі Міншчыны – усёй Беларусі. Сёлета сваю творчасць прадставілі больш за паўтысячы народных майстроў сталічнага рэгіёна. Карэспандэнты «МП» акунуліся ў святочны рытм Слуцка, які на дзень ператварыўся ў старажытны горад майстроў.

З самай раніцы на цэнтральнай плошчы і бліжэйшых вуліцах панаваў асаблівы настрой: рамеснікі ўладкоўвалі свае латкі, з калонак галоўнай сцэны гучала беларуская музыка, а сярод шаноўнай публікі можна было ўбачыць лю­дзей у вышыванках і нацыянальных строях.

Наталля Карыцкая займаецца пляценнем на пальцах. Яна прыехала з Мядзельскага раёна:

IMG 5786
– Традыцыя пляцення на пальцах – ад нашых далёкіх продкаў. Калі ў ткача заставаліся рэшткі пражы, ён выкарыстоўваў яе для пляцення паясоў: розных па памерах, стылях і колеравай гаме. З адных выраблялі, напрыклад, невялічкія торбы, іншымі падпярэзвалі мужчынскія кашулі або проста насілі на вопратцы як упрыгажэнне.

Яўген Осіпаў, народны майстар з Беразіно, прадставіў на свяце вырабы з дрэва:

IMG 5820

– Займаюся апрацоўкай дрэва каля 20 год. Праца даволі складаная: патрабуе ўвагі і руплівасці. Але самае галоўнае для рамесніка – любоў да сваёй справы. Вось я, напрыклад, усё жыццё пражыў побач з лесам, вабіць ён мяне яшчэ з дзяцінства. І не ўзяць у рукі маленькую сякерку ды не пачаць нешта майстраваць – не меў права. (Смяецца.)
З Пухаўшчыны прыехала Ан­жэліка Шлык. Яна працуе ў аграся­дзібе.

– Неяк задумалася: як зрабіць актыўны адпачынак у аграсядзібе яшчэ больш цікавым? Вырашыла паспрабаваць развіваць напрамак народнай творчасц, – расказала жанчына. – Мы ўстанавілі некалькі ткацкіх станкоў, каб можна было пасадзіць людзей і паказаць ім аўтэнтычны працэс ткацтва. А не так даўно зацікавіліся інкрустацыяй яек. Дзятва ў захапленні: любіць маляваць гарачым воскам і паглядзець на канчатковы вынік. Калі да нас прыязджаюць замежныя турысты, таксама стараемся звярнуць іх увагу на беларускую культуру. Апранаем у народныя строі, садзім да станка.
Яшчэ адзін прадстаўнік Бярэзіншчыны – Мікалай Гоман змалку пляце з лазы кошыкі і капелюшы:

IMG 5495

– Лаза вельмі пяшчотны матэрыял. Яе трэба варыць пэўную колькасць часу, у залежнасці ад таго, на якую ступень мяккасці пруткоў ты разлічваеш. А потым у работу ўключаюцца рукі, і самае галоўнае для майстра – фантазія і добры настрой.
Юлія Літвінава і Зміцер Мурашка з Валожынскага раёна робяць беларускія прысмакі па старадаўніх рэцэптах:
– Мы з мужам займаемся толькі натуральнымі прадуктамі. Самі нарыхтоўваем зёлкі для гарбаты, збіраем мёд, робім квас, варым варэнне. Наша мэта – каб кожны чалавек паспрабаваў натуральны прадукт.

Ну а разынкай свята стаў конкурс «Беларуская лялька». Пакуль слуцакі ды госці прагульваліся па горадзе майстроў, удзельнічалі ў майстар-класах і гля­дзелі выступленні народных калектываў, журы выбірала найлепшую ляльку. Падвядзенне вынікаў зацягнулася амаль на дзве гадзіны: усе прадстаўленыя работы былі проста цудоўнымі, і зрабіць выбар, паводле прызнання журы, было вельмі складана. Але ў выніку Гран-пры конкурсу ўжо другі раз атрымала Ірына Яскевіч з Любанскага раёна. Пераможца падзялілася сваімі эмоцыямі:

IMG 6086

– Я нават сказаць зараз нічога не магу! (Смяецца.) І падумаць не магла, што атрымаецца яшчэ раз перамагчы. Увогуле, лялькі я раблю каля 5 год. Вучылася сама, па спецыяльных гістарычных кніжках. Калі ты робіш лялечку, ёй трэба аддаць крышку сваёй душы, размаўляць з ёю. Тады яна будзе атрымлівацца. Нашы лялькі – гэта своеасаблівыя сімвалы. Кожная з іх нешта значыць. Напрыклад, лялька «Зярнушка» – да добрага ўраджаю, «Вярбніца» прысвечана Вербнай нядзелі, а лялькі ў выгля­дзе мамы і дачкі сімвалізуюць моц сям’і. Сёлета на конкурс вырашыла прадставіць ляльку-пастушка.

Стараюся перадаць свае веды маладому пакаленню, вяду гурток. Напачатку дзеткам даволі складана, але потым яны ўцягваюцца і робяць сапраўдныя шэдэўры. Спадзяюся, што мае выхаванцы калі-небудзь таксама атрымаюць прызнанне.

Як зазначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Святлана Баранок, Случчына не выпадкова абрана месцам правядзення такога свята: Слуцкія паясы, як сімвал народнай творчасці, – своеасаблівы брэнд беларускай дзяржаўнасці:

IMG 5491

– Свята рамёстваў «Слуцкія паясы» праходзіць на Случчыне ўжо трэці раз. Першапачатковая ідэя гэтага фестывалю падмацоўвалася праграмай адраджэння Слуцкіх паясоў, як адной з галоўных каштоўнасцей беларускай культуры. Мы бачым гэтае свята як квінтэсэнцыю народнага традыцыйнага мастацтва ў цэлым, паколькі запрашаем майстроў самых розных напрамкаў дзейнасці. На сёлетняе свята з’ехалася каля паўтысячы ўмельцаў з усёй Мінскай вобласці. Гэта прыкладна 10% ад агульнай колькасці рамеснікаў Беларусі – можна ўявіць сабе маштаб мерапрыемства. Значэнне фестываль мае вельмі вялікае.

Па-першае, гэта магчымасць паказаць сваё майстэрства ў дынаміцы, паколькі нашы народныя традыцыі пастаянна прымнажаюцца. А па-другое – гэта навуковая каштоўнасць. Напярэдадні асноўнага дня свята прайшла навукова-практычная канферэнцыя, у якой удзельнічалі прадстаўнікі не толькі Беларусі, але і іншых краін, яны выступілі з дакладамі аб захаванні і развіцці народных традыцый. 

IMG 6011

Сафія Гранік з Фаніпаля – самая юная  ўдзельніца дэфіле нацыянальных касцюмаў «Погляд у мінулае». Маленькай красуні ўсяго 4,5 года

Прочитано 401 раз
Оцените материал
(2 голосов)
« Июль 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31            

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»