Вторник, 10 октября 2017 14:32

«Яны на працу – а я на аўтобусны прыпынак»

Марына СЛІЖ

Шэрыя восеньскія хмары абрынулі на горад моцны дождж. Зразумеўшы, што парасон не ўратуе, нырнула пад дах аўтобуснага прыпынку і аказалася ў кампаніі смешнай бабулі, захутанай у вялізарную клятчатую хустку. «Аўтобус, дзетачка, толькі-толькі пайшоў, – пачула я ласкавы зварот да сябе. – Але ты прысядзь, яны тут часта ходзяць. Гэта ж не ў нашай вёсцы, што раз на тыдзень».

Адразу мне падалося, што яна заблудзілася. Прыехала ў горад, уладзіла нейкія свае справы, а дарогу да вакзала не знайшла. І вось сядзіць на аўтобусным прыпынку, пільнуе які-небудзь жоўты «пазік», а ён не ідзе і не ідзе…

«Ты хаця нічога не падумай, – быццам бы падслухала мае думкі бабуля. – Добра ўсё ў мяне, па толку. Сумую толькі, да дзяцей на зімоўку прыехаўшы. Яны на працу, а я на аўтобусны прыпынак. Пасяджу тут гадзіну-другую, з людзьмі пагаманю. Многія ўжо ведаюць мяне. Падыходзяць, вітаюцца, пытаюцца пра здароўе. Я ж трэці год да вас прыязджаю. Вунь у той дом, што глядзіць вокнамі на нас».
Але па ўсяму было відаць, і пытацца не трэба: гарадское жыццё для гэтай бабулькі – цяжкае выпрабаванне. І вясны яна чакае з нецярпеннем, як тая ластаўка на чужыне.

З хаты – ні на крок
– Жыццё наогул – складаная штука, – разважае сацыяльны работнік з вёскі Лоск, што ў Валожынскім раёне, Марыя Гнілазуб. – Не бяруць дзеці бацькоў да сябе, тыя крыўдуюць. А зробяць гараджанамі – зноў скардзяцца. Маўляў, маркотна ім у шматпавярхоўках, нудна. Дома хоць сусед які зазірне альбо паштарка пра навіны раскажа. А тут ні на вуліцу выйсці, ні загаварыць з кім.

...На зіму баба Зіна сабралася ў горад да дзяцей.
– Хопіць, нажылася адна, напрацавалася. Хоць пажыву на старасці па-людску. З тувалетам, вадой гарачай, – хвалілася яна суседцы бабе Вольцы.

Тая згодна ківала галавой і маўчала. Яе саму ўжо не раз клікалі дзеці ў горад. Не асмельвалася. Ды нават да каго ­ехаць, не ведала. У дачкі – двухпакаёўка, але і дзяцей жа двое. Можна было б падацца да сына (у яго свой дом) – нявестка не абрадуецца. Не раз ужо кідала на вочы, што сваю маці мае. «Ну й не трэба, – ужо ў каторы раз вырашала жанчына. Пакуль сілы маю – са сваёй хаты ні на крок. А занемагу – хай што хочуць робяць».

Восенню баба Зіна прадала карову, лішкі бульбы і... пакаціла ў горад. А ў пачатку снежня ўжо аблівалася слязамі на парозе суседчынай хаты. Не дала рады жыць з дзецьмі, збегла, пакуль тыя былі на рабоце. Не магла паскардзіцца, што яе крыўдзілі: жыла ў асобным пакойчыку, харчавалася за агульным сталом. Пойдуць раніцай дачка з зяцем на работу – сама сабе гаспадыня. Хочаш – у ванне мыйся, хочаш – тэлевізар глядзі, радыё слухай. Але ад такога панскага жыцця яна проста вар’яцела. І не было таго дня, каб не ўспамінала родную вёску, хату, мясцовых людзей.

«Як вы думаеце, чаму людзі не перасаджваюць старыя дрэвы, – пытаецца ў мяне, хаваючы вільготныя ад слёз вочы загадчыца вясковай бальніцы, куды на зіму звозяць з усіх вёсак раёна адзінока пражываючых бабуль і дзядуляў. І, не чакаючы адказу, працягвае: – Таму што не прыжывуцца. Не знойдуць у сабе сілы пусціць карані ў новых умовах, на новай, хай сабе і больш урадлівай, зямлі. Тое ж адбываецца і з чалавекам. У цяпле, накормлены, дагледжаны (здаецца, усё добра!), а не жыве – чахне. І кожны дзень у думках ходзіць роднымі сцежкамі».

– Я вам магу расказаць безліч такіх гісторый, – уздыхае Марыя Гнілазуб. – Аднаму ў гарадской кватэры дрэнна спіцца, другому паветра мала, трэцяму гул машын за акном замінае. Сыны і дочкі родныя, ды сцены чужыя. І жыццё ў іх іншае, і правілы свае. Гасцюй, як кажуць, ды азірайся. Таму і вучу вясковых жанчынак: клічуць дзеці да сябе – радуйцеся, дзякуйце за клопат. І ў той жа час пакуль ходзіце, пакуль можаце ўпраўляцца самі, не цурайцеся родных хат, дзе і сцены, і вуглы дапамагаюць...

Спіхнуць у казённыя сцены
Плача, размаўляючы з родзічамі па скайпу, 90-гадовая бабуля Таня, якую сын вымушаны быў забраць з роднай вёскі і перавезці ў Калінінград. Ён добра разумеў, што ўсім ім будзе складана, хацеў, каб маці дажыла свой век у роднай хаце і знайшла спачын у роднай зямлі. Толькі не знайшоў чалавека, які пагадзіўся б (а прапаноўваліся вельмі вялікія грошы) жыць з маці і даглядаць яе. Суседзі, канешне, раілі аформіць у дом састарэлых. Сын такі варыянт нават не разглядаў.

Напэўна, бабулі Тані вельмі б пазайздросціла Галіна Адамаўна. Жанчына выгадавала семярых дзяцей, але каторы ўжо год знаходзіцца ў казённых сценах. «Колька мой у Маскве, Галя ў Слоніме, Насця – у Лідзе», – расказвае яна суседкам па палаце. І ў намаганнях рэабілітаваць сваіх дзяцей у вачах медсясцёр і дактароў заўважае, што ўсе яны сардэчныя і добрыя, проста моцна занятыя, таму не могуць забраць да сябе. Каму ўнукаў трэба парадкаваць, у каго са здароўем праблемы. Васька вунь дачу будуе, Саша ў камандзіроўку за мяжу паедзе.

«Прыдумвае яна ўсё, – шэпча ў калідоры санітарачка, – не такія ўжо і занятыя яе дзеці. Тэлефанавалі мы ім. І Ваську, і Галі, і Вользе. Спіхваюць маці адно на аднаго, сварацца».

«Бывае ў жыцці і такое, – кажа Марыя Гнілазуб. – Крыўдна, канешне, балюча. Але яшчэ не было выпадку, каб чалавек сам-насам застаўся з праблемай і ляжаў галодны ў нятопленай хаце. Ёсць сацыяльныя работнікі, медыкі, дзяржава, якая ўладкоўвае адзінокіх у дамы-інтэрнаты, афармляе на сацыяльныя ложкі ў бальніцы. Маюцца ў нас цяпер і «дамы зімоўкі», дамы сумеснага самастойнага пражывання. Проста не проста, але людзі знаёмяцца, наладжваюць свой быт, вучацца жыць пад адным дахам, у адным пакоі».

Утульна, хораша, камфортна. Пра гэта кажуць усе пастаяльцы дамоў састарэлых. Але тым не менш ім цяжка прыстасавацца да новых умоў, прыняць жыццё такім, якое яно ёсць, змірыцца са сваёй нямогласцю. І гэта не тое месца, дзе хацелася б правесці на схіле свайго жыцця дні, што засталіся ў кожнага. Бацькі не копяць крыўды, бо ў сілу свайго ўзросту ведаюць, што гэта незайздросны скарб. Яны проста чакаюць сваіх дзяцей. Да апошняй хвіліны, да апошняга ўздыху. Таму спяшайцеся да іх сёння. 

Прочитано 608 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Декабрь 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»