Вторник, 10 октября 2017 17:13

«А ў вас шчотчыкі ўжо былі?»

Марына СЛІЖ

Увесь мінулы тыдзень Маладзечна не сыходзіла з экранаў тэлевізараў і газетных палос. З 2 кастрычніка ў горадзе і асобных сельсаветах раёна пачаўся пробны перапіс насельніцтва.

«А ў вас шчотчыкі ўжо былі?» – пытаецца пры сустрэчы знаёмая бабулька. Ведаючы, што ламінат яна называе «ліманад», а смс-паведамленне «шамэська», прыкідваю, што б гэта магло быць. І нічога разумнейшага, акрамя таго, што гаворыць жанчына пра спецыялістаў водаканала, якія нядаўна правяралі лічыльнікі, прыдумаць не магу. Былі, кажу, толькі даўнавата, на мінулым тыдні. «А што пыталіся?» – не адступаецца субяседніца. Нічога, паціскаю плячыма я. Прыйшлі, запісалі лічбы ды пайшлі. «А не, то нейкія бесталковыя, – працягвае яна. – Да маёй залоўкі прыходзілі, дык так хораша з ёй пагаварылі. Яна ім і пра мужа расказала, і пра дачу, і пра дзяцей сваіх. Я во таксама пашпарт падрыхтавала, пенсійнае сваё трымаю пад рукой. Памяць жа ўжо ніякая, спатрэбяцца – а я не знайду».

Толькі дома да мяне дайшло, што гаварыла бабуля не пра што іншае, як пра пробны перапіс насельніцтва, падчас якога на Маладзечаншчыне плануюць апытаць каля 15 тысяч чалавек. У спісе як гарадскія жыхары, так і сельскія. Прадстаўнікі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці наведаюць аграгарадок Лебедзева, вёскі Насілава, Цюрлі, Каледзіно, Вытрапаўшчына, Менцюкі. Пытанні задаюць самыя розныя. У тым ліку і пра сямейны стан, месца нараджэння, нацыянальнасць, адукацыю, эканамічную актыўнасць, хатнюю гаспадарку.

«Перапісчыкаў у нас прымала бабуля, – расказвае знаёмая, што жыве ў прыватным сектары Маладзечна. – Пазванілі ў дзверы дзве жанчынкі, паказалі дакументы, расказалі, хто яны і з якой нагоды прыйшлі. А нашай жа Максімаўне, сама ведаеш, дай толькі пагаварыць. Такую бурную дзейнасць разгарнула, ледзь не граматы даставала. А яны нават пашпарт не спыталіся. Пісалі ўсё са слоў, звесткі заносілі ў планшэт.

Не падганялі, давалі падумаць. Але наша бабуля ўсё адно перажывае. Калі расказвала пра гаспадарку, зблыталася. Не ўсіх курэй палічыла. Быццам бы некаму гэта было важна. Затое не забылася на гарбату запрасіць, ад якой госці ветліва адмовіліся. Сказалі, што рабіць ім гэта забаронена».

Аб’ектам тэсціравання Маладзечна стала невыпадкова. Перапісчыкі кажуць, што гэта сярэдні тыповы раён Беларусі, дзе ёсць і шматпавярховікі, і прыватны сектар, і катэджная забудова, і нават пэўны вопыт у людзей. Перад мінулым перапісам, звесткі якога выкарыстоўваюцца ва ўсіх галінах эканомікі, генеральная рэпетыцыя таксама праходзіла ў гэтым горадзе.

Людзі тады адказвалі на пытанні шчыра, вялі сябе адкрыта, карэктна. Прыкладна гэта ж адзначаюць работнікі галоўных упраўленняў Нацыянальнага статыстычнага камітэта і падчас сёлетняга перапісу, які будзе доўжыцца да 13 кастрычніка.

Дарэчы, сярод вуліц, жыхароў якіх плануюць апрасіць, значыцца і Багдана Хмяльніцкага, на якой жыве няўрымслівая бабулька, што чакае «шчотчыкаў». Калі заўтра раптам сустрэну, скажу, каб не хвалявалася. Не пройдзе генеральная рэпетыцыя без яе. 

Прочитано 110 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Декабрь 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»