Вторник, 14 ноября 2017 15:02

Залатая восень патрыярха

Ігар ГАНЧАРУК

Анатолю Ярмоленку – 70!
Да нязменнага кіраўніка і ідэйнага натхняльніка знакамітых «Сяброў», народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі не датэлефанавацца. Нумар легенды савецкай і айчыннай эстрады бясконца, упарта выдае кароткія гудкі. Крыху нават занерваваліся, што не атрымаецца пагаварыць з юбілярам, сказаць, як шануюць яго на Міншчыне, крыху пафіласофстваваць з нагоды – 70 гадоў усё ж! Ды толькі нарэшце неба злітавалася над намі...

 

– Дзякуй, «Мінская праўда», дзякуй! Не забыліся – гэта прыемна. Вельмі люблю сталічную вобласць, заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаю да вас з канцэртамі і на творчыя сустрэчы.

– Не ў такі дзень, можа, казаць, але ж нячаста бываеце на Міншчыне апошнім часам...
– Мы шмат выступаем за мяжой, таму здаецца, што тут – рэдка. Але гэта не так – адгукаемся на кожнае запрашэнне, не прапускаем ніводнае свята, якія адзначае ўся краіна. Былі ў Маладзечне з вялікім канцэртам на Нацыянальным фестывалі, у Слуцку – шмат дзе...(Усміхаецца.) Але так, трэба дома бываць часцей.

Сёння ў нашай хаце свята...

Адмысловая анкета юбіляра

Падарунак
Шчырасць у вачах і добрая ўсмешка
Святочная страва
«Аліўе» і фаршыраваная курыца па рэцэпту маёй жонкі
Кветкі
Тыя, што дораць. (Смяецца.) Каб іх было зашмат!
Напой
Віскі і каньяк
Кампанія
Людзі, з якімі магу шчыра размаўляць
Танец
О-о-о-о! (Смяецца.) З маладосці не любіў таньчыць
Застольная песня
«А я лягу-прылягу» – калісьці я мог сказаць. (Смяецца.) І цяпер спяваем, толькі на новы лад. Пакуль што
Пажаданне-тост
«Ну, каб усе...». А далей кожны дадумвае як хоча

– У маладым узросце здаецца, што ўсё яшчэ наперадзе. Пазней разумееш, што не ўсё паспяваеш у сваім жыцці... А пра што вашы думкі, Анатоль Іванавіч?
– А мне што, шмат гадоў?! (Смяецца.) Юбілеі – яны тым дрэнныя, што нагадваюць, колькі табе насамрэч, і ў пашпарт трэба глянуць – так ці не.

У мяне ніколі не было нейкіх этапаў ці рубяжоў. Працую як заўсёды. Робім зараз новую канцэртную праграму. Здымаемся шмат на тэлебачанні – і на нашым, і на расійскім – у навагодніх праектах. Цікавасць да «сяброўскай» творчасці і песеннай культуры Беларусі вялікая.

(Усміхаецца.) Таму я не філасофствую, бо ў такім разе пачынаеш разумець, што трэба над нечым задумацца. А я не хацеў бы пакуль – трэба працаваць. Хіба калі канчаткова сяду на пенсію, толькі тое і застанецца. 

– Гэта праўда, што ўсё павінна адбыцца ў свой час? Ці, наадварот, ніколі не позна пачаць спачатку?
– Жыццё, мне здаецца, вызначае так: усё павінна быць своечасова. Людзі часта думаюць, што вось яны пачнуць спачатку, з чыстага ліста – і ўсё зменіцца. На самай справе гэта не так. Таму не трэба губляць час і думаць, што жыццё можна перапісаць. Не, яно – не чарнавік...

– Дзякуючы вам «Сябры» ніколі не мітусіліся на эстрадзе, не падладжваліся пад модных персон і кан’юнктуру часу, а ішлі заўсёды аднойчы абраным шляхам – спявалі пра родную зямлю, чалавечыя пачуцці... Няўжо жыццё ніколі не спакушала вас?
– Быць модным – дрэнны густ, маветон. Гэта мая жыццёвая пазіцыя. А вось адчуваць сябе сучасным, як зараз кажуць, у трэндзе – зусім іншая справа.

Цікавіцца трэба жыццём. Тым, што захоплівае маладое пакаленне. Мець гэта ў творчым багажы калектыву. Тады сама музыка дае магчымасць быць сучасным, а не рэтраградам альбо модным. Павінен быць здаровы баланс паміж гэтымі крайнасцямі. 

Мы спяваем пра тое, што зразумела кожнаму чалавеку. Мо, пакуль тынейджары (улічваючы іх узрост і гарманальны ўкід) думаюць пра іншае, але калі яны нараджаюць дзяцей – пачынаюць цікавіцца і творчасцю «Сяброў».

Унук трымае мяне ў трэндзе сучасных музычных кірункаў. Спачатку да гэтага ставіўся скептычна, але прыйшоў да высновы, што гэтая творчасць вартая ўвагі. Але і я імкнуся давесці, што ёсць іншая музыка...

– Можа, гэта ён лепш зразумее, калі ў вас з’явяцца праўнукі?
– (Смяецца.) Можа, і так. Зараз Анатоль запісаў новы альбом. Мне падабаецца, што ў гэтай музыцы і тэкстах ёсць сэнс.

– Былі ў жыцці ўчынкі, за якія, можа, сорамна і зараз?
– Канешне, іншым разам думаю: можа, трэба было б зрабіць не так. Але не магу прыгадаць нешта такое, з-за чаго смылела б усё жыццё...

Сорамна за тое, што калі быў на гастролях у Крыме ў 2000-м, памерла маці. Яна неяк раптоўна адышла. Але я адмяніў канцэрты і паспеў развітацца з ёю. Успамінаю і думаю: можа, калі б быў побач...

– Не бязвоблачнае, але настолькі яркае ваша жыццё і творчы шлях! Што прыносіць найбольшую асалоду зараз?
– Прыемна, што ў мяне ёсць такая сям’я. Галоўнае зараз – каб унукі падраслі і былі нармальнымі людзьмі.
Нядаўна наведваў Ізраіль. Да мяне падыходзіла шмат людзей, казалі: «Мы з вамі быццам усё жыццё ішлі поруч». Часам нават няёмка было ад такой увагі. Але прыемна! Гэта – і адказнасць,
і стымул.

– Калі глядзець збоку, дык вы проста ідэальны юбіляр: цудоўная сям’я, насычанае творчае жыццё, мноства прыхільнікаў вашага таленту, запатрабаванасць і прызнанне. Быццам і марыць больш няма пра што...
– Трэба марыць заўсёды! Мару пра тое, каб як мага больш мы маглі працаваць, каб былі сілы, – гэта банальна, але насамрэч так! Яшчэ пра сёе-тое не хацеў бы распавядаць зараз, бо, кажучы па-руску, «сбывшаяся мечта лишена иллюзий».

– Колькі год таму вы нас напалохалі тым, што быццам бы збіраліся пакінуць сцэну. Больш так не жартуйце, Анатоль Іванавіч, калі ласка!
– Я больш і не жартую! (Смяецца.) Бываюць хвіліны непаразумення... Але не хочацца пра гэта...
Палохаць нікога не буду, але ўсё роўна давядзецца калісьці гэта зрабіць. Лепш самому сысці са сцэны, чым дачакацца моманту, калі адвернуцца людзі. Публіка – гэта такая капрызная дама... Не быць вартым жалю і смешным на сцэне – гэта самае галоўнае.

Прочитано 235 раз
Оцените материал
(3 голосов)
« Декабрь 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»