Пятница, 05 января 2018 12:13

Чароўная крынічка паэзіі

mpravda.by

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Праўда ў тым, што душа чалавечая апроч «хлеба надзённага» патрабуе яшчэ і «хлеба духоўнага». Новы год, Каляды заўсёды павялічваюць чалавечы духоўны патэнцыял, спрыяюць душэўнасці ўзаемаадносін, на якія, на жаль, не заўсёды хапае часу ў запоўненыя шматлікімі справамі будні. Паэзія – гэта менавіта тая чароўная крынічка, якая праз узнёслае Слова дапамагае наталіць унутраны свет чалавека чысцінёй і святлом, спрыяе яскраваму адчуванню прыгажосці свету.

Таму сёння на старонцы нашай «Літаратурнай сябрыны» мы пазнаёмім вас з творчасцю паэтаў Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»: Ліліі Мялешкі і Таццяны Цвіркі з Клецка, Канстанціна Цыбульскага з пасёлка Ждановічы і Рэгіны Рэўтовіч з Дзяржынскага раёна.

Чытаючы іх вершы, разумееш, што самым моцным натхняльнікам творчасці паэта з’яўляецца само жыццё: той куточак, дзе ён жыве, па сцежках якога ён штодзень ходзіць, людзі, з якімі ён сустракаецца, кранальныя ўспаміны дзяцінства, бацькоўская хата, першае каханне… Менавіта гэта надае чалавеку новыя сілы жыць, будаваць планы, марыць і верыць у светлую будучыню не толькі ў наступным годзе, але і на працягу ўсяго жыцця.

Канстанцін ЦЫБУЛЬСКІ – паэт песеннік, які ўслаўляе Радзіму, спявае пра каханне, добрыя чалавечыя пачуцці і ўзаемаадносіны. Шмат год ён аддаў службе ва ўстановах МУС, таму вялікая колькасць яго празаічных твораў, вершаў і песень прысвечана складанай службе супрацоўнікаў міліцыі. Тэксты песень Канстанціна Цыбульскага паклалі на музыку такія вядомыя кампазітары, як Леанід Захлеўны, Эдуард Зарыцкі, Дзмітрый Далгалёў, Валерый Іваноў, а яго песні акрамя яго самога выконваюць знакамітыя зоркі эстрады і творчыя калектывы нашай краіны: Валерый Дайнека, Мікалай Скорыкаў, Якаў Навуменка, ансамблі «Песняры», «Сябры», «Радзімічы» і шмат іншых.

Настальгія па вёсцы
У горадзе шумным агорне самота
Па вёсцы, дзе бэры, як зоркi над плотам.

Дзе мацi чакае адзiнага сына,
Прапалена печ і ўзбiта пярына.
Астыла з блiнамi даўно ўжо мачанка,
А мацi чакае ад ранку да ранку.
Хусцiнка ў гарошак… Аконная рама…
Да горада лёс нас прыкуў кайданамi.
У гнёздах катэджаў і шматпавярховак
Апрануты душы ў бетоны шпаковань.
З асфальту – дарогi, вiтрыны – з неону,
Машын табуны пралятаюць шалёна…

А хлеб аржаны ў супермаркеце стольным
Дурманна так пахне вясковым прыволлем,
Жытнёвай мяжой і бялюткiм рамонкам,
Мурожнай травой і пявучай даёнкай,
Расой і туманам, дажджом навальнiчным,
Заранкi сяйвом і вадою крынiчнай.

…Дзяцей сваiх з горада вёска чакае,
I, нiбы матуля, трывожна ўздыхае…

Маладзечна
Дарогі ўсе вядуць у Рым,
у горад вечны.
А я шчаслівы у сваім –
у Маладзечне.
Бо тут чакаюць зноў і зноў
з блакіту вочы,
Юнацтва першая любоў
і стан дзявочы…

Горад, горад, зімой і летам
Ты каханнем маім сагрэты.
Непаўторны пад Шляхам Млечным,
Заўсёды ў сэрцы ты, Маладзечна.

У небе плачуць журавы,
ляцяць за мора,
Ў далёкі свет ляцім і мы –
чакае горад.
Закружыць восень дзіўны вальс
свой векавечны,
І вернуць успаміны нас – у Маладзечна!..
Са мной тут паркі і двары,
чыгункі рэха.
І не спяшаюцца сябры
далёка з’ехаць.
Надзею дорыць нам заўжды
з цяплом сардэчным.
Прыгожы, родны, малады –
Ты – Маладзечна!..

Мой любы горад, зімой і летам
Цяплом кахання майго сагрэты.
Такі цудоўны пад Шляхам Млечным,
Заўсёды ў сэрцы ты, Маладзечна.

Лілія МЯЛЕШКА ў свой час скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, працавала настаўніцай іспанскай і англійскай моў, але піша цудоўныя вершы на роднай беларускай мове.
Яна ўзначальвае клецкую раённую паэтычную суполку «Натхненне».

Радзіма
Ты мне на ўвесь век адна ­
Дзьмухаўцом ці ружаю –
Белая ад палатна,
Русая ад кужалю.
Ты мне вечная любоў,
Што пры сэрцы песціцца –
Русая ад туманоў,
Белая ад месяца.

Кліча да сябе здаля
Цнотаю-спакусаю
Сінявокая зямля,
Шчасце бела-русае...

* * *
Я скрозь жыццё бягу бягом.
Ды раптам – падлагодзіцца
Радок. І штурхае маўчком:
Запішаш – не ўцячэш.
Пасля мы сядзем з ім цішком,
І штось з яго народзіцца:
Ці замалёўка, ці экспромт,
Ці, можа, нават верш…
А калі ноч плыве ў душу
І свет на часткі крышыцца,
Знікаюць цень, і авадзень,
І дрэвы, і радня –
Я падсумоўваю, пішу,
І хораша так пішацца,
Калі адхлыне дзённая
Ад сэрца мітусня.

* * *
Жыццёвае падарожжа
Адбітак кладзе на твар.
Касметыка не дапаможа,
Бо тут гаспадар – каляндар.

Жыццё ж – гэта строгі рэдактар
І зморшчынам, і валасам.
А твар – аб’ектыўны фактар – ­
Усё за вас скажа сам.

Восеньскі снег
Вятры непагоду нагналі,
Нябёсы –­ дзіравы мех.
І строга па дыяганалі
З хмарыны сыпле снег.

І тчэцца пейзаж зімовы,
Кладзе за вітком віток.
Наўскос аб дарогу-аснову
Б’юцца сняжынкі-ўток.

Вознесение
Исчезли тучи, небо стало ясным,
И воздух вновь прозрачен, как стекло.
Сегодня в Божьем мире все прекрасно,
Сегодня в мире тихо и светло.
Час испытаний вынесла суровый
Земли весенней дивная краса.
Сегодня – Вознесение Христово:
Вознесся во плоти на небеса.

Таццяна ЦВІРКА – маладая пісьменніца, але са стажам, бо вершы пачала пісаць яшчэ ў дзяцінстве. Скончыла Нясвіжскае педагагічнае вучылішча і БДУ (філфак). Шмат год працавала ў дзіцячых установах, зараз займаецца творчай дзейнасцю. Выдала два аўтарскія зборнікі, друкуецца ў вядомых рэспубліканскіх часопісах.

Радзіме
Мая блакітнавокая трывога,
Мая сунічна-канюшынная зямля…
Я часта за цябе турбую Бога,
Прашу, увагай каб цябе не абдзяляў.
Каб вёсны ён твае не падмарожваў,
Жыцця нягодам парасонік падстаўляў,
Не даў з дарогі роўнай збіцца Божа,
Начэй спакойных каб табе не шкадаваў.
Зямля мая! Для кожнага свая ты:
Як на карціне – хто які малюе штрых.
Але Хрыстос адзін на ўсіх распяты,
І неба зорнае – адзінае для ўсіх.
Табе хвалебных одаў не пішу я.
Мая бульбяначка! Дазволь прызнацца мне:
Люблю цябе! Пакутную, святую…
І веру, што на Беларусі Бог жыве!

* * *
Падае долу кляновы лісток сірацінай,
Чырвань каліны ўлагодзіць трывогу душы,
Луг адцвітае – прывычная воку карціна.
Восені подых. Калючы. Халодны. Чужы.

Ціха кружляюць сняжынкі з бялюткіх
аблокаў.
Ружы пад снегам. Іх летам садзіла сама.
След пакідаю на сцежцы. Прыгожы. Глыбокі.
Я ўжо не тая. І больш не здзіўляе зіма.

Дні так бягуць – не зважаеш і нават
не лічыш.
Зноў занявесціцца груша ля спальні акна.
Я не гадаю, калі мяне неба пакліча.
Дый без мяне не заблудзіцца, прыйдзе вясна…

* * *
Усё ў жыцці бывае ўпершыню:
І першы смех, і першы крок,
І слова «мама»,
І першы клас, і першае «кахаю».
І першы верш калісьці быў таксама.

Калісьці быў. Пад спеў маёй душы
Ён нарадзіўся, кволы і няўдалы.
А Муза, што стаілася ў цішы,
Маёю спадарожніцаю стала.

Упэўнена з ёй па жыцці іду.
І не ўяўляю: жыць інакш ці можна?
Радок з радком у новы верш сатку.
Дай, Божачка, каб толькі не апошні.

Рэгіна РЭЎТОВІЧ нарадзілася на Стаўбцоўшчыне, доўгі час жыла і працавала ў Дзяржынску, а цяпер жыве і творыць у вёсцы Станькава. Выдала пяць асабістых зборнікаў паэзіі, шмат друкуецца на старонках газет, часопісаў, калектыўных зборнікаў.

На далонях цішыні
Як жа хочацца падчас
Забывацца на нягоды!..
Цёплым ветрыкам якраз
Вейне радасці і згоды,

І тады з табою мы
Ловім промні залатыя,
Аж да спеўнае зімы
Мы – нібыта маладыя!

На далонях цішыні
Мы нясём жыцця дарункі:
Лета выспелага дні,
Рупнай восені частункі,

Спеў задумлівых дубоў
І крынічкі асалоду,
І нязгасную любоў,
І пяшчоту слоў, і згоду…

А няўрымслівай зімой
Будзем зноў лячыць артрыты –
Руху спрыт і твой, і мой,
Ланцужком хвароб спавіты.

Што нам лекі?! Што нам сны?!
Дачакацца б зноў вясны!
Пад зорным парасонам
Як толькі зорны парасон
Ноч расхіне над летуценнем,
Адыдзе дзень чарговы ў сон,
Усё мінецца, як імгненне.

Усё ў былое адплыве,
Тугой асядуць ва ўспаміны
І росы сонныя ў траве,
І сны, і роспач, і правіны…

І толькі памяць будзе мглець
Там, за сівымі туманамі…
І будзе сэрца зноў балець
Па тых, каго няма ўжо з намі.

І будзе трызніцца куток,
Што даражэй няма і сёння.
І думкі просяцца ў радок,
Што фастрыгуе зноў бяссонне.

Сядзіба
Гляджу – каштан карчакаваты
Нібы рыхтуецца да свята:
Ледзь не навыперадкі з бэзам
У лад вясновае імпрэзы
Запальвае зноў гронкі-свечкі,
Чым аб жыцці і моцы сведчыць.

Двор утравеў, асела хата,
А квецень шчодрыцца заўзята,
І над калодзежам замшэлым
Штогод з каштанам састарэлым
Пільнуе бэз былога скруху –
Сядзібы кінутай разруху.

Сумуюць бэз, каштан і хата,
І быццам я ў тым вінавата,
Што плынь жыцця не ўратавала.
Ды як бы я ні працавала,
Не ўзняць разоранай сядзібы,
Нястач былых не здолець глыбы.

 

Прочитано 87 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Июнь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30  

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»