Пятница, 12 января 2018 12:59

Адчыняйце дзверы – «Шчадрэц» ідзе!

Кацярына СУРМА

У ноч з 13 на 14 студзеня кожны ахвотны можа паўдзельнічаць ва ўнікальным калядным абрадзе, які ўжо не адно стагоддзе праводзяць у вёсках Рог і Восава Салігорскага раёна. Традыцыйны палескі «Шчадрэц» не толькі захавалі ў яго першародным выглядзе, але і зрабілі сапраўдным брэндам рэгіёна. Штогод сотні турыстаў прыязджаюць сюды, каб далучыцца да свята.

Нягледзячы на позні час, гаспадары не кладуцца спаць, а накрываюць багаты стол і чакаюць дарагіх гасцей. А вось і яны – гукі барабана і баяна чуваць амаль з другога канца вёскі – ужо стукаюць у дзверы. Гаспадар з гаспадыняй спяшаюцца адчыніць, каб шчадрацы не падумалі, што ім тут не рады. Шумным натоўпам у вясковую хату ўрываецца сапраўднае свята – Дзед-Продак з Бабай, Каза, Конь, Журавель, Цыган з Цыганкай, Механоша, Звяздар і шматлікія музыканты ды спявачкі.

Больш за ўсё ўвагі да Казы. Яна яшчэ з ганку ніяк не знойдзе спакою: ходзіць па хаце, капрызнічае, а потым раз – і ўпала на падлогу. Дзед галосіць: 
– Каб Каза ўстала, дайце ёй каўбас ды сала!
І гаспадары не скупяцца на пачастункі. Даюць шчадрацам усё, што ў хаце знойдзецца: і сала, і каўбасу, і пернікі, і печыва, і цукеркі, і грошы. За гэта ўдзячныя госці адорваюць вясёлымі песнямі.
Дырэктар Восаўскага Дома культуры Сяргей Каваленя, які таксама ўдзельнічае ў абрадзе, запэўнівае: ніхто яшчэ не адмовіў шчадрацам у пачастунках. Наадварот, калі тыя не завітаюць у якую хату, дык гаспадары могуць і пакрыўдзіцца. Жыхары вёсак Рог і Восава вераць, што са шчадрацамі ў іх дом прыходзяць мір, лад і дабрабыт.
– Ёсць у нас такая прыкмета: да каго «Шчадрэц» не зайшоў, той у наступным годзе застанецца без ураджаю, – расказвае Сяргей Каваленя.

Самы каларытны і адметны персанаж абраду – Дзед-Продак. Ён ходзіць у доўгім кажусе і берасцяной масцы. Дарэчы, гэтая маска – унікальная не толькі для Беларусі, але нават і для ўсёй Усходняй Еўропы. Сакрэт гэтага атрыбута ў тым, што зрабіць яго можна толькі ў маі ці чэрвені, калі кара бярозы знаходзіцца ў самым прыдатным для работы стане. Зрабіў маску шмат гадоў таму вясковы майстар Сцяпан Хаміцэвіч. Захоўвалі калядныя атрыбуты ў сваёй хаце Васіль і Таццяна Хаміцэвічы, дзякуючы якім і ўдалося зберагчы старажытную палескую традыцыю. На жаль, гэтых людзей ужо няма ў жывых, але іх справу працягваюць сучаснікі – калектыў «Палескія крыніцы». Берасцяныя маскі навучыўся рабіць настаўнік з Восава Аляксандр Дубіцкі, ён жа цяпер і ходзіць за Дзеда-Продка. Дзякуючы ім абрад не быў забыты, і ў 2009 годзе «Шчадрацу» быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

У 2009 годзе «Шчадрацу» быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Самаму старэйшаму ўдзельніку абрада 87 год. Васіль Каваленя не адзін дзясятак сезонаў – нязменны барабаншчык у калектыве. Як адзначае дырэктар Восаўскага СДК Сяргей Каваленя, сучасная моладзь таксама праяўляе цікавасць да адраджэння нацыянальных традыцый: існуе і дзіцячы калектыў-спадарожнік, які заўсёды ўдзельнічае ў свяце. Час ад часу ўсё новыя і новыя творцы далучаюцца да «Палескіх крыніц».

– Мы нікому не адмаўляем, прымаем у абрад усіх ахвотных – колькасць удзельнікаў «Шчадраца» не абмежаваная, так што мы толькі рады папаўненню, – усміхаецца Сяргей Каваленя. – Важна памятаць і адраджаць традыцыі нашых продкаў, каб ведаць, хто мы ёсць. Таму запрашаем усіх жыхароў Міншчыны да нас на свята! n

Прочитано 65 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Июль 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31          

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»