Пятница, 12 января 2018 13:22

Душа радуецца тады, калі раздае

Марына СЛІЖ

Ён памятае кожны каменьчык на шляху да ўзвядзення святыні, на карысць якой нясе сваю службу амаль 30 год. Радуецца, калі людзі прыходзяць да Бога і знаходзяць у стасунках з ім шчасце – духоўнае. А яшчэ кіруе Домам міласэрнасці «Вікторыя», дапамагае адзінокім і апякуе дзетак з абмежаванымі магчымасцямі. «Душы добра толькі тады, калі яна раздае», – кажа настаяцель прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Івянцы протаіерэй Віктар Перагудаў, які ў гэтыя калядныя дні атрымаў прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».


У пакоі прыёму наведвальнікаў, дзе мы прызначылі сустрэчу, усё аскетычна проста: стол, крэслы, шафы, тэлефон, абразы на сценах. «Добры дзень, – вітае нас айцец Віктар на роднай мове і тут жа дадае: – Прэмія прысуджана мне, але ўсё гэта заслуга прыхаджан, а таксама нашых сясцёр, працай якіх натхняюся і сам. Не кожная бабуля гатова сёння даглядаць сваіх унукаў так, як яны даглядаюць хворых дзетак. Прэмія пацвярджае, што мы на правільным шляху, што дзяржава разумее важнасць такой працы і падтрымлівае нас».

– Айцец Віктар, ведаю, што вы па першай адукацыі мастак. Раскажыце, калі ласка, як прыйшлі да Бога?
– Гэта вельмі прыватнае пытанне (Усміхаецца.) Але скажу так: у выніку жыццёвых выпрабаванняў і ўнутраных пошукаў сэнсу майго існавання на свеце. 

– Аб гэтым хоць раз у жыцці задумваецца кожны чалавек. І часам не знаходзіць адказу…
– А вы пабудзьце сам-насам са сваёй душой. Выключыце тэлевізар, музыку ў навушніках, адкла­дзіце ўбок гаджэты і хаця б га­дзінкі на дзве застаньцеся ў поўнай цішыні. Якая, і вы гэта адчуеце, і падсілкоўвае, і задае пытанні, і дае падказкі. Знайдзіце час пагля­дзець на сябе збоку, паспрабуйце зразумець, куды бежыце, што пры гэтым адчуваеце. А разабраўшыся, пусціце ў душу Бога, без якога вы ніколі не адчуеце ні паўнаты жыцця, ні шчасця, ні гармоніі.

– Айцец Віктар, дзе вы пачыналі служыць?
– Тут, у гарадскім пасёлку Івянец на Валожыншчыне, дзе служу ўжо 26 год.

– І гэты велічны храм – таксама ваша заслуга?
– Звычайна людзі пачынаюць з нуля. У маёй сітуацыі, як кажа наш Уладыка, было ніжэй за нуль. Але кожны храм, кожны манастыр, які адраджаецца альбо ствараецца, – гэта цуд Божы. Святая Еўфрасіння Полацкая сваёй малітвай узво­дзіла яго разам з намі. У лістападзе 2017-га святыні споўнілася дзесяць год. Столькі ж мы яе і будавалі. Без спонсараў, без нейкіх там арганізацый, якія б дапамогу аказвалі. Самі, сваімі рукамі, перабралі фактычна кожную цаглінку. Разам з вернікамі быў штодзень на рыштаваннях і я. Гэтыя дзесяць год доўжыліся як трыццаць…

– Пад будаўніцтва храма адвялі месца ў самым сэрцы пасёлка, на цэнтральнай плошчы. Атрымаць дазвол было цяжка?
– На той час старшынёй Валожынскага райвыканкама быў Валянцін Іванавіч Малішэўскі, які і пачуў, і зразумеў. Бо ўсе мы прыходзім і пакідаем гэтую зямлю, а святыні застаюцца. Мы і сёння ўдзяч­ныя чалавеку, які дазволіў пачаць будаўніцтва на святым, намоленым месцы – на тэрыторыі былога жаночага манастыра, дзе стаяла прыгожая драўляная царква. У 1952 го­дзе яе разабралі ваяўнічыя атэісты, а мы вось адрадзілі, так скажам, сабралі раскінутыя камяні.

– І загучала ў храме малітва па-беларуску… 
– Так, я беларускамоўны святар. Прапаведую толькі на роднай мове. 

– Як часта можна сустрэць беларускамоўнага святара?
– У Беларусі вельмі шмат лю­дзей, якія падтрымліваюць мяне і намагаюцца пайсці тым жа шляхам. Мова – душа народа, сцвярджаў у свой час паэт і празаік Францішак Багушэвіч. Пра тое, што яна для нас святая, кажа і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

IMG 8528

– 9 студзеня вы атрымалі з яго рук прэмію «За духоўнае адраджэнне». Такой прэстыжнай узнагароды ўдастойваюцца людзі самых розных прафесій: мастакі, дактары, навукоўцы, святары. Раскажыце, калі ласка, пра свой унёсак у агульную справу.
– Не стамляюся казаць, што вакол мяне сабраліся вельмі добрыя людзі: сумленныя, сама­ахвярныя. Я проста не магу быць горшым, таму ўвесь час раўняюся на іх і стараюся быць падобным. У тым ліку і на нашу моладзь, якая не проста прыходзіць у храм, але яшчэ і пытаецца: «Бацюшка, чым дапамагчы?». Разам і падтрымліваем дзяцей-інвалідаў, а таксама адзінокіх, нямоглых людзей. Мы не займаемся аздараўленнем фізічным альбо медыцынскім, бо не можам, не спецыялісты. Царква дапамагае знайсці апору – Бога, а разам з ім і атрымаць першы духоўны досвед. 

З Івянецкім домам-інтэрнатам супрацоўнічаем даўно. Я бываю там часта і бачу, як дзяржава корміць, апранае, абу­вае, развівае, лечыць гэтых дзетак. І робіць гэта на выдатным узроўні. А вось духоўная сфера – гэта ўжо наша справа. Тут ні настаўнікі, ні дактары не дапамогуць. Таму задача і мая, і маіх памочнікаў – дапамагчы гэтым дзецям знайсці свой шлях да Бога. Калі мы дадзім ім хоць маленькі досвед, гэтыя дзяўчынкі і хлопчыкі будуць ведаць, дзе ў складаных жыццёвых сітуацыях шукаць дапамогі, куды ісці. 

Мы займаемся патранатам сваіх падапечных на працягу ўсяго іх жыцця. У вёсцы Пральнікі, што паміж Ракавам і Івянцом, у нас ­ёсць Дом міласэрнасці «Вікторыя», куды былыя выхаванцы могуць прыехаць у любы дзень. Многія з іх даўно лічаць, што тут іх сям’я, і калі нешта ў жыцці ­ідзе не так, звоняць мне, просяць: «Айцец Віктар, дапамажыце, не спраўляюся». І я заўсёды знахо­джу людзей, якія гатовы працягнуць ім руку дапамогі, паехаць ноччу на другі канец горада альбо ў якую-небудзь глухую вёску, каб аказаць чалавеку падтрымку. Таму што, прыйшоўшы аднойчы ў царкву, ужо зразумелі: душа радуецца тады, калі раздае.

– Вы яшчэ і арганізатар пленэру «Святасць зямлі беларускай», які ўжо два гады запар праходзіць у пасёлку ў рамках Праграмы супрацоўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 
– Пад маёй духоўнай апекай ужо прайшлі два такія пленэры. Першы быў прысвечаны 900-годдзю памяці свяціцеля Міны, першага беларускага святога, выхаванне ад якога атрымала і прападобная Еўфрасіння Полацкая. У Івянец з’ехаліся мастакі як з Беларусі, так і Украіны, Расіі, Чэхіі. Гэта была ў першую чаргу спроба пабуда­ваць дыялог паміж рэлігіяй і мастацтвам. Хацелася паказаць, што царква адкрыта і гатова наводзіць масты. 

Мастакі працавалі ў нас на працягу дзесяці дзён. Паводле ўмоў конкурсу, адну сваю работу яны даравалі царкоўнай карціннай галерэі, дзве, з іх дазволу, мы маглі рэалізаваць на карысць хворых дзетак, з якімі яны таксама сустракаліся.

Жылі госці ў аграсядзібе, якая знаходзіцца ў вёсцы Замасцяны. Там жа знаёміліся з нашымі звычаямі, традыцыямі, кухняй, культурай. Ну і, канешне ж, малявалі, у тым ліку і на берагах Заходняй Бярэзіны. Кожны наш новы дзень пачынаўся з малітвы. Праводзілі мы і праваслаўныя чытанні. Гісторыкі расказалі гасцям, хто такі Міна, пазнаёмілі са старонкамі жыцця старажытнага Полацка.
Атрыманы досвед планую скарыстаць і сёлета. Мая мара – 3-ці міжнародны пленэр, які мяркую правесці ў гонар святой Валянціны Мінскай.

– А вам калі-небудзь удаецца ўзяць у рукі пэндзаль? 
– Гэта пакуль што толькі мара. Кожную вясну я дастаю свой эцюднік, рыхтую фарбы, пэндзаль, і не паспею падумаць, што хоць на гэты раз у мяне нешта атрымаецца, – адчыняюцца дзверы і са словамі «Бацюшка, дапамажыце» заходзяць Вольга альбо Мікалай. І, кінуўшы ўсё, пачну дапамагаць ім адбудоўваць дом, які згарэў, альбо шукаць людзей, якія змогуць набыць інваліднае крэсла для іх сына. Пасля паеду ў Дом міласэрнасці, які таксама патрабуе клопату і ўвагі, затым наведаю дзетак у інтэрнаце. А стаміўшыся, пакіну ў машыне свой мабільны тэлефон і схаваюся ў каплічцы на беразе рэчкі, каб памаліцца, папрасіць Божай дапамогі, сабрацца з думкамі, настроіцца на вялікую, цягам 12 альбо 14 гадзін, працу. Дапамагаючы іншым, ратуюся сам.

 

Прочитано 62 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Январь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31        

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»