Вторник, 06 февраля 2018 10:46

Сто год тварылі. Каб цяпер не загубілі...

Алена ПАШКЕВІЧ

Не толькі камедыя, але і драма: адзін з найстарэйшых сельскіх народных тэатраў Беларусі можа знікнуць

Вялікія пачуцці на маленькай сцэне тут пачалі разыгрывацца яшчэ стагоддзе таму. Ці здолеюць у Цімкавічах захаваць традыцыі? Пра творчыя здабыткі і страты, поўныя залы і шасцігадовы антракт карэспандэнту «МП» расказалі артысты з глыбінкі.

 

 

Шлюб, які люб!
…Калі ў Петраградзе бушавала Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, у беларускім мястэчку Цімкавічы рэпеціравалі спектакль «Жаніцьба» паводле п’есы Гогаля. З гэтай пастаноўкай самадзейныя артысты выступілі перад мясцовым гледачом. А ў наступным го­дзе гарачыя апладысменты гучалі ўжо на прэм’еры п'есы Коласа «Антось Лата». Мясцовыя былі апантаны тэатрам. Нават старшыня Семежаўскага валаснога выканкама Уладзімір Барысаў прыязджаў у Цімкавічы на рэпетыцыі ажно за 18 кіламетраў. 

– У тэатральных пастаноўках актыўна ўдзельнічалі маладыя настаўнікі, а ўлетку да іх далучаліся студэнты, якія вярталіся дадому на вакацыі. У іх ліку быў і будучы пісьменнік Кузьма Чорны – тады яшчэ Мікалай Раманоўскі. Ён вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У спектаклі паводле п’есы Леаніда Андрэева «Дні нашага жыцця» ў яго была роля Архангельскага. Гэтая пастаноўка збірала аншлагі ў 1921–1922 гадах. Кузьма Чорны ўмеў прыкмячаць пацешныя моманты з жыцця аднавяскоўцаў, па-майстэрску ператвараючы іх у фельетоны і гумарэскі, якія потым чытаў гледачам. Жартоўныя мініяцюры аўтар ніколі не запісваў і не паўтараў, – расказвае дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч, былая ўдзельніца дзіцячай студыі пры народным тэатры.

У афішы з'яўляліся «Паўлінка» Купалы, «Аповесць аб тым, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам» Гогаля, «Юбілей» і «Раніца дзелавога чалавека» Чэхава. 

Пакаленні самадзейных артыстаў выхоўвалі мясцовыя настаўнікі. Яны сваім прыкладам прывівалі дзецям мастацкі густ, захапленне літаратурай. Напрыклад, настаўнік Аляксандр Наржымскі мог чытаць па памяці ўсе (!) творы пісьменнікаў, якія вывучаліся па школьнай праграме. 

Цімкавіцкі тэатр, што на Капыльшчыне, – адзін з найстарэйшых сельскіх народных тэатраў Беларусі. На яго сцэне праславіўся будучы класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны. З сельскіх тэатральных падмосткаў адзін з артыстаў прыйшоў у Пецярбургскую оперу. Аматарскі тэатр быў вядомы ва ўсёй рэспубліцы – даваў каля 60 (!) спектакляў у год. Самадзейным артыстам шчыра апладзіраваў Іван Шамякін, які спецыяльна прыязджаў у Цімкавічы на прэм'еру аднаго са спектакляў. А пачаўся тэатр з драматычнага гуртка ў 1917 годзе.

У вайну Цімкавічы былі разбураны. Аднак адразу ж пасля вызвалення мястэчка ад фашысцкіх захопнікаў мясцовыя артысты падрыхтавалі спектакль. Расчысцілі пад сцэну параненую бамбёжкамі ды пажарышчамі пляцоўку… 

– У той пасляваенны час драматычны калектыў настаўнікаў паставіў рэкордную колькасць п’ес – больш за 40 аднаактавых і 25 шматактавых драматычных твораў, – адзначае Людміла Ніжэвіч. – З прыходам у 1946 годзе новага кіраўніка калектыву – настаўніцы Зінаіды Раманенка мясцовы тэатр выйшаў на іншы мастацкі ўзровень. У 1967 годзе яму прысвоілі званне народнага. Пры ёй калектыў стаў лаўрэатам І Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці, дыпламантам рэспубліканскага агляду аматарскага тэатра. Зінаіда Іосіфаўна, пасля працуючы дырэктарам сярэдняй школы, праславіла не толькі наш тэатр, але і сярэднюю школу на ўсю рэспубліку. Тут было мноства гурткоў, дзіцячых і настаўніцкіх ансамбляў. Не выпадкова ёй прысвоілі званне «Заслужаны настаўнік БССР».

Тэатр выступаў у многіх раёнах, гастраляваў ва Украіне. Рэпертуар быў самы разнастайны: п'есы «Ірынка» Кузьмы Чорнага, «Партызаны» Кандрата Крапівы, «Прымакі» Янкі Купалы, «Назар Стадоля» Тараса Шаўчэнкі.

– У год давалі да 50–60 выступленняў! З’явіліся тэатральныя дынастыі: дзеці прыходзілі на змену бацькам, а ў некаторых спектаклях увогуле ігралі цэлымі сем’ямі. У адной пастаноўцы ўдзельнічала нават трохгадовая дзяўчынка. Пры тэатры была дзіцячая студыя, дзе таксама ставілі спектаклі вельмі годнага ўзроўню. Талент юных артыстаў высока ацаніў Іван Шамякін. Пісьменнік прысутнічаў на прэм'еры спектакля «Дзеці аднаго дома» паводле яго п'есы. Ён зазначыў, што нашы школьнікі выконвалі ролі свежа і непасрэдна, і спектакль глядзець было цікавей, чым нават у прафесійных тэатрах, дзе дарослыя іграюць дзяцей. Безумоўна, такая ацэнка акрыліла і натхніла да новых прэм'ер, – кажа Людміла Іосіфаўна.

001

За кулісамі творчасці
Артыстка дзіцячай студыі і білетны касір Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Надзея Рудэнка, з настальгіяй прыгадваючы тэатральнае жыццё, заўважыла, што ў спектаклях яна атрымлівала галоўныя ролі:

– Напрыклад, у «Гаўрошах Брэсцкай крэпасці» Алеся Махнача іграла Нюру Кіжаватаву, якая, дарэчы, некаторы час жыла ў нашых Цімкавічах. З гэтым спектаклем у 1986 годзе абаранілі званне народнага. Мы тады былі ўжо студэнтамі, і Зінаіда Раманенка пісала ў інстытуты лісты, каб нас адпусцілі іграць спектакль. Яна нават друкавала тэкст на машынцы для кожнага акцёра. 

Сярод рэквізіту сельскага тэатра былі касцюмы, у якіх колісь выступалі артысты сталічнай сцэны. Уборы, парыкі, грым, шматлікія дэкарацыі цімкаўчанам дарыў Вялікі тэатр оперы і балета, з якім Зінаіда Раманенка сябравала. На жаль, нічога не захавалася. 

Людміла Ніжэвіч, якая сама калісьці была вучаніцай Зінаіды Раманенка, успамінае, як «Пунсовую кветачку» Аксакава, дзе ў яе была роля Алёнкі, за год паставілі ажно 50 (!) разоў. І гэты спектакль, і казка «Адалень-трава» Томіна на пачатку 1980-х збіралі аншлагі. 

Падлетак Федзя Андруковіч, іграючы ў спектаклі  «Пастушкі» паводле  п’есы Міхася Чарота, наўрад ці думаў, што магія падмосткаў паўплывае на яго далейшы лёс – ён стане оперным спеваком. Пасля заканчэння цімкавіцкай сямігодкі ў 1925 годзе ён імкліва заваюе прафесійную сцэну. У 1933-м Фёдар Аляксандравіч стаў салістам Музычнага тэатра імя Неміровіча-Данчанкі ў Маскве, а праз два гады ўжо саліраваў у Ленінградскім акадэмічным Малым оперным тэатры (зараз – Міхайлаўскі тэатр). Сярод яго шматлікіх партый –Фауст у аднайменнай оперы Шарля Гуно, Баструкоў у оперы «Ваявода» Чайкоўскага, граф Альмавіва ў «Севільскім цырульніку» Расіні.

– Апошні спектакль «На заставе», дзе ігралі працаўнікі мясцовага саўгаса, Зінаіда Іосіфаўна паставіла ў 1989 годзе. Затым яна пераехала ў Мінск, і наша тэатральная сцэна, на жаль, апусцела. Спектакляў не было 10 год. І потым я рызыкнула паставіць камедыю «Калі заспявае певень» паводле п’есы Георгія Марчука. Акцёрамі былі школьнікі-старшакласнікі, бібліятэкары, загадчыкі Дома культуры, настаўнікі, качагар. Рэпеціравалі амаль тры месяцы кожны дзень. Была суровая зіма. Памятаю, Зіна Станкевіч і Галіна Курловіч так улюбіліся ў тэатр, што на рэпетыцыі ездзілі на веласіпедах з іншых вёсак нават у галалёд. Вечарамі шылі касцюмы. Цімкаўляне так знудзіліся без пастановак, што на прэм'еры гледачы стаялі нават у праходах – быў аншлаг… І зараз запал не згас. Акцёраў дастаткова: і школьнікі, і дарослыя – хоць заўтра гатовы пачаць рэпеціраваць. Нам бы толькі прафесійнага рэжысёра, каб наша тэатральная традыцыя не памерла, – эмацыянальна падагульніла дырэктар літаратурнага музея. 

Тэатральны… несезон
69-гадовы Станіслаў Чарняўскі, былы настаўнік фізкультуры і кіраўнік танцавальнага калектыву, прыгадвае, як прымяраў на сябе прафесію акцёра:
– Ролі ў мяне былі разнапланавыя: закаханы хлопец, капітан Кіжаватаў, здраднік радзімы Іваноў. Зінаіда Раманенка перад прэм'ерамі часта запрашала спецыялістаў з Мінска, якія давалі прафесійныя парады. Часам рэпеціравалі з шасці гадзін вечара да 2–4-х раніцы. Людзі былі апантаны агульнай справай. Раней школа несла культуру ў масы. У самадзейнасці ўдзельнічалі ўсе – былі абавязаны. А зараз час іншы. Зацікавіць людзей нялёгка. 

Апошняга рэжысёра народнага тэатра, які паралельна быў мастацкім кіраўніком мясцовага Дома культуры, – Алега Голубева, мы, на жаль, у аграгарадку не засталі. Паводле слоў мясцовых, ён паехаў працаваць вахтавым метадам на Камчатку. А можа, на далёкім паўвоставе шукае натхненне для сваёй творчай натуры… Школьнікам ён таксама наведваў дзіцячую студыю, іграў мастака-Цюбіка ў спектаклі «Прыгоды Нязнайкі» М. Носава. Пры Голубеве тэатр чарговы раз абараніў званне народнага з пастаноўкай «Оулд і сада-маза» Аляксея Вінакурава. Апошнюю яго ўдалую работу гледачы ўбачылі ў 2011-м – спектакль паводле п’есы Аляксея Дударава «Не пакідай мяне». Цімкаўляне бачаць у гэтым знак. Саюз тэатра і гледача, што быў заключаны сто год назад, з «Жаніцьбы», павінен мацнець.

Каментарый «без грыму»

Дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ:
– Раз у тры гады тэатр павінен абараняць званне народнага. На месца выязджае спецыяльная камісія, перад якой дэманструецца спектакль. Яна дае афіцыйную ацэнку работы самадзейных артыстаў. Ад Цімкавіцкага тэатра не паступіла заявы аб намеры пацвердзіць сваё званне – няма рэпетыцый і прэм'ер. Таму 29 снежня 2017 года яго часова пазбавілі наймення «народны». Званне можна вярнуць, калі будзе працаваць калектыў, калі з’явяцца новыя пастаноўкі.

Аб захаванні самабытнай культурнай спадчыны найперш павінна клапаціцца раённая ўлада. Калі ёсць зацікаўленасць – любую праблему можна вырашыць станоўча: запрасіць рэжысёра на месца прапіскі самадзейнага тэатра альбо скласці графік выезду яго на рэпетыцыі.

Раённыя ўлады ў сваю чаргу наракаюць: маладыя спецыялісты з устаноў адукацыі культурнага і мастацкага профілю ў глыбінцы, на жаль, працаваць не жадаюць. Пасля атрымання дыплома яны часта свядома не даязджаюць да Капыля, а імкнуцца ўладкавацца бліжэй да сталіцы. Што ўжо казаць пра аддаленыя Цімкавічы…

 

Прочитано 348 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Октябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31        

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»