Вторник, 13 февраля 2018 14:31

Яркае імя. Як зорка

Ігар ГАНЧАРУК

13 лютага– 100 гадоў з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава – дзяржаўнага і партыйнага дзеяча. Дагэтуль добра памятаю цёплы восеньскі надвячорак 80-га. Як раптоўна перапынілася трансляцыя адзінага тэлевізійнага канала (па ім ішлі, у асноўным, перадачы з Масквы), і ўстрывожана-заклапочаны голас мінскага дыктара абвясціў, што чакаецца важнае ўрадавае паведамленне. Прыбегла суседка, якой тата сказаў, што нешта здарылася. Праз некаторы час паўтарылі тое самае яшчэ раз, потым зноў. Бы здранцвелыя ўсе чакалі нечага найгоршага... Так мы даведаліся пра смерць Машэрава. Бабуля плакала, не хаваючы слёз... 

Машэраў – адна з тых выбітных асоб, пра якіх, здаецца, вядома ўсё. Ва ўсялякім разе, даследчыкі ўжо не вядуць актыўны пошук нейкіх новых дакументаў, каб канстатаваць той ці іншы факт машэраўскай біяграфіі. Тым не менш дагэтуль розныя крыніцы ўказваюць дзве даты нараджэння Пятра Міронавіча – 13 і 26 лютага. Дык калі насамрэч нарадзіўся Машэраў?

У Нацыянальным архіве Беларусі лічаць, што адназначна 13-га. 
І прыводзяць у доказ шэраг аргументаў. Сучаснікі Машэрава сцвярджалі, што той, мякка кажучы, непрыхільна ставіўся да новага летазлічэння, «ахвярай» якога міжволі стаў. Заўсёды ў дакументах, у тым ліку ў напісанай уласнай рукою біяграфіі, пазначаў 13-е чысло. І адзначаў свой дзень нараджэння менавіта 13-га. 

Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Інеса Дарагуш расказала, што гадоў пяць таму супрацоўнікі кансультаваліся наконт гэтага з дачкой Машэрава Наталляй Пятроўнай. Тая таксама была катэгарычнай: яе бацька нарадзіўся 13 лютага...


Пётр Машэраў і Міншчына 

  •  Пасля вызвалення Беларусі ўзначаліў Маладзечанскі абкам камсамола
  •  У ліпені 1954 г. стаў 2-м сакратаром Мінскага абкама партыі
  •  З яго імем звязана стварэнне мемарыяльнага комплексу «Хатынь» і адкрыццё Кургана Славы
  •  4 кастрычніка 1980 года на маскоўскай трасе каля павароту на Смалявіцкую птушкафабрыку трагічна загінуў у аўтакатастрофе. Машэраву было 62 гады...

Жыццё і ўзнясенне Машэрава

0-119599
Пётр Міронавіч нарадзіўся 13 лютага 1918 года ў в. Шыркі Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер – Сенненскі раён Віцебскай вобласці).

Пасля заканчэння ў 1939 годзе Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава ён накіраваны настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Расонскую сярэднюю школу.

З першых дзён вайны П. М. Машэраў знаходзіўся ў складзе знішчальнага батальёна, які дзейнічаў на тэрыторыі Расонскага раёна. У ліпені 1941 года, разам з адступаўшымі часцямі Чырвонай Арміі, трапіў у акружэнне, затым у палон, з якога ўдалося ўцячы.

У пачатку жніўня вярнуўся ў Расонскі раён, дзе падчас нямецкай акупацыі са снежня 1941 па сакавік 1942 г. працаваў рахункаводам у калгасе «Расоны» і настаўнікам у школе. Адначасова П. М. Машэраў займаўся арганізацыяй камсамольскага падполля і разгортваннем партызанскага руху ў Расонскім раёне. У жніўні 1941 года ён стварыў і ўзначаліў камсамольска-маладзёжнае падполле ў Расонах, у сакавіку 1942 года – партызанскі атрад імя Шчорса, які дзейнічаў у Расонскім, Дрысенскім, Асвейскім раёнах Беларусі і на тэрыторыі суседніх раёнаў Расіі і Латвіі.

З сакавіка па лістапад 1943 года П. М. Машэраў – камісар брыгады імя Ракасоўскага, у якую ўліўся атрад імя Шчорса. Затым з верасня па ліпень 1944 года – першы сакратар Вілейскага падпольнага абкама камсамола. У 1943 годзе прыняты ў члены ВКП(б).

За гераізм і адвагу, праяўленыя ў партызанскай барацьбе, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года П. М. Машэраву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У 1944 годзе ён абраны першым сакратаром Маладзечанскага абласнога камітэта ЛКСМБ, у 1946 го­дзе стаў сакратаром ЦК ЛКСМБ, а ў 1947-м – першым сакратаром ЦК ЛКСМБ.

У ліпені 1954 года П. М. Машэрава выбіраюць другім сакратаром Мінскага, а ў 1955 годзе – першым сакратаром Брэсцкага абкамаў партыі.

З 1959 г. П. М. Машэраў – сакратар, з 1962 г. – другі сакратар, з сакавіка 1965 г. – Першы сакратар ЦК КПБ. Пад яго кіраўніцтвам Беларусь дасягнула значных поспехаў у развіцці народнай гаспадаркі, навукі і культуры.
За заслугі перад Савецкай дзяржавай П. М. Машэраў атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны сямю ордэнамі Леніна і рознымі медалямі. 

Фота на памяць

0-111190

У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў захоўваецца мноства цікавых фотаздымкаў, гуказапісаў і кадраў кінахронікі, якія распавядаюць пра жыццё і дзей­насць Пятра Машэрава. Пра гэта «МП» расказала вядучы архівіст Алена ПАЛЯШЧУК. 

– Найбольш фотадакументаў. Іх у фотатэцы архіва 609, ахопліва­юць перыяд з 1930 па 2013 год. Па фотадакументах можна прасачыць шлях П. М. Машэрава ад кіраўніка партызанскага атрада да першай асобы рэспублікі.
Тут партрэтныя здымкі Пятра Міронавіча ў розныя гады, фота ў коле сям’і, на адпачынку ў Крыме, падчас працы настаўнікам фізікі ў Расонскай сярэдняй школе, вучобы ў Віцебскім педінстытуце, падчас выступленняў, пасяджэнняў і сустрэч у шматлікіх паездках па Беларусі. Вялікі блок дакументаў прысвечаны сустрэчам Машэрава з творчай інтэлігенцыяй краіны: пісьменнікамі І. Шамякіным, І. Мележам, А. Адамовічам, М. Танкам, П. Броўкам, К. Крапівой, скульптарам З. Азгурам, акцёрамі М. Яроменкам і З. Стомам і іншымі. 

Таксама заслугоўваюць увагі фота, зробленыя падчас уручэння ўрадавай узнагароды П. М. Машэраву 1-м сакратаром ЦК КПСС М. С. Хрушчовым у 1958 годзе і ўзнагароджання яго медалём «Серп і Молат» Героя Сацыялістычнай Працы Генеральным сакратаром ЦК КПСС Л. І. Брэжневым у 1978 годзе. Мноства фота – з вядомымі тагачаснымі палітычнымі дзеячамі розных краін.

Фотадакументы захавалі імгненні пахавання П. М. Машэрава, жалобнага мітынгу і развітання. 8 кастрычніка 1980 года Пётр Міронавіч Машэраў з ушанаваннямі быў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. 
Не менш значныя і цікавыя кінавідэадакументы, якія захоўваюцца ў нашых фондах. Іх – 237. Гэта шматлікія кіначасопісы «Савецкая Беларусь», «Навіны дня», «Сельская гаспадарка Беларусі», «Мастацтва Беларусі» з эпізодамі пра дзей­насць П. М. Машэрава. 

0-133234

Ёсць таксама і цэлыя фільмы, прысвечаныя Пятру Міронавічу. Акрамя гэтага, архіў захоўвае 86 фонадакументаў з запісам выступленняў П. М. Машэрава на розных урачыстых мерапрыемствах. Ёсць у нас і цэлыя радыёперадачы пра дзяржаўнага і партыйнага дзеяча.

Прочитано 321 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Май 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31      

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»