Вторник, 13 февраля 2018 15:45

Наталля Ісачкіна – першая жанчына-падпалкоўнік за 100-гадовую гісторыю Чэрвеньскага РАУС

Святлана АДАМОВІЧ

Хто з юнакоў не марыў служыць у міліцыі – пагоні, раскрыццё злачынстваў. Рамантыка… А што, калі міліцэйскую форму апранае жанчына ў свядомым узросце? Ці рэальна ў строгім мужчынскім асяроддзі зрабіць кар’еру, будучы пяшчотнай дачкой, любячай жонкай, клапатлівай маці?

З музея – у міліцыю

З Наталляй Ісачкінай мы знаёмыя даўно – з часу сумеснай працы ў Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі на пачатку 2000-х. Так атрымалася, што яна, ураджэнка Смалявіччыны, пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ была размеркавана на Чэрвеньшчыну. З-за адсутнасці вакансій ва ўстановах адукацыі тут атрымала сваё першае месца працы. Я ж, наадварот, прыйшла ў музей пасля дзесяцігоддзя работы ў школе.
Лёгкая на пад’ём, кантактная і камунікабельная, гатовая заўсёды прыйсці на дапамогу, Наташа спадабалася мне адразу. Тыя пяць месяцаў сумеснай працы і зараз прыгадваем з цеплынёй.

Затым нашы шляхі разышліся. Я ўладкавалася ў рэдакцыю мясцовай раёнкі, Наталля, настаўнік гісторыі па адукацыі, праз некаторы час пайшла на службу ў міліцыю.

Сустракаючыся  з колішняй калегай, я, бывала, жартаўліва звярталася да яе па званню. Але калі, здаралася, не брала пад увагу колькасць і памер зорачак на пагонах, некалькі разоў прамахвалася. Лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан… Звярнуўшыся чарговы раз «таварыш маёр», пачула ў адказ: «Падпалкоўнік ужо!»

Заўсёды радавалася за Наташу, калі чытала пра яе ў прэсе ці чула пра прысваенне чарговага звання, пра высокую ацэнку работы. Бо ведала як надзвычай працавітага, прыстойнага, сумленнага, адказнага чалавека, прафесіянала.
Наталля Ісачкіна – першая жанчына-падпалкоўнік за ўсю стагадовую гісторыю Чэрвеньскага РАУС. За час службы не мела ніводнага спагнання. Узнагароджана юбілейнымі медалямі, медалём «За бездакорную службу» 3-й ступені, шматлікімі граматамі, падзякамі, дыпломамі рознага ўзроўню. Не аднойчы прызнавалася найлепшым супрацоўнікам міліцыі па Чэрвеньскаму раёну.

Што запісана ў кнізе лёсаў
– Калі б хто мне сказаў у дзяцінстве, юнацтве, ды нават ужо  ў 1995-м, калі прыехала на Чэрвеньшчыну, што аднойчы я пайду служыць у міліцыю, нізавошта не паверыла б! – зазначае падчас нашай гутаркі Наташа. – Бо яшчэ з шостага класа ведала, што стану настаўніцай, і менавіта гісторыі. Па-першае, мабыць, – гены. Мой прапрадзед па мамінай лініі быў вясковым настаўнікам. Па-другое, вялікі ўплыў зрабіла на мяне наша маладая настаўніца гісторыі, якая пачала выкладаць гэты прадмет з пятага класа. Захапілася я настаўніцтвам, нягледзячы на тое што мае мама і тата ўсё жыццё адпрацавалі ў лесе: мама – майстрам, тата – лесніком.

Але, як вядома, нічога выпадковага не бывае. Са сваім будучым мужам, следчым Чэрвеньскага РАУС Аляксандрам Ісачкіным Наталля пазнаёмілася менавіта на Чэрвеньшчыне – падчас вяселля, дзе яна была шаферкай. Сустракаліся будучыя муж і жонка чатыры гады. Ажаніліся, як Наташа скончыла  гістарычны факультэт БДУ. Так наш раён стаў для яе другой малой радзімай. А праз некалькі год, не па чутках ведаючы спецыфіку міліцэйскай  службы, вырашыла крута змя­ніць сваё жыццё.

Хаця я, напрыклад, упэўнена, што ўсё было запісана ў нябеснай кнізе лёсаў, на яе старонцы.
Ад лейтэнанта – да падпалкоўніка

– На службу ў міліцыю я прыйшла ў 31 год, усвядомлена, – прыгадвае Наталля Ісачкіна. – Добра разумела, што гэта  не рамантыка, а цяжкая праца, выклікі ноччу. Але хацелася выпрабаваць сябе, у поўнай меры зразумець інтарэсы мужа.

Пачыналася служба будучага падпалкоўніка міліцыі з пасады інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Чэрвеньскага РАУС і звання лейтэнанта. Працаваць даводзілася са спецыфічным кантынгентам. Некаторыя з асуджаных, якія станавіліся на ўлік, адбывалі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі па 20 і болей год. Але пры чалавечым стаўленні з кожным можна было знайсці агульную мову, падкрэслівае Наталля, дабіцца ўзаемапавагі. Таму яшчэ і зараз многія ўдзячныя ёй за навуку і людскасць, пра што з задавальненнем упамінаюць пры сустрэчах.

Адзначыўшы Наталліну стараннасць, праз два гады ёй прапанавалі пасаду начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх. Вучылася ўсяму на практыцы, у вопытных калег, якія шмат адпрацавалі ў інспекцыі і заўсёды былі гатовы падставіць плячо. Атрымалася сабраць згуртаваны прафесійны калектыў, у сярэдзіне 2000-х гэтае падраздзяленне ўваходзіла ў тройку найлепшых па Мінскай вобласці. Сапраўды, ёсць чым ганарыцца.

А ў сям’і падрастала такая ж, як бацькі, сур’ёзная, адказная, настойлівая і мэтанакіраваная дачка Марына – разумніца і першая памочніца ва ўсіх хатне-гаспадарчых справах. У той час было так: спаць кладзецца – мамы яшчэ няма, прачынаецца – мамы ўжо няма. Такая пасада начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх: у праблемныя  сем’і маглі выязджаць па выкліках і позна ўвечары. А яшчэ Наталля завочна скончыла юрыдычны факультэт БДУ. У яе  дзве вышэйшыя адукацыі.

Захапленне сям’і Ісачкіных – вандроўкі за межы краіны, абавязкова з экскурсіямі. Гэта  паўплывала і на выбар дачкі, якая паступіла на  факультэт міжнародных адносін БДУ.

– Мая калега Юлія Буркун напачатку здзіўлялася, як я ўсё паспяваю і дома, і на працы, – з усмешкай прыгадвае Наташа. – А пасля яна і сама гэтаму навучылася.

Калі новым начальнікам Чэрвеньскага РАУС прызначылі Аляксея Пратаповіча (на гэтай пасадзе ён і зараз), праз пэўны час Наталля Ісачкіна атрымала ад яго прапанову ўзначаліць штаб раённага аддзела ўнутраных спраў. Не буду раскрываць усіх сакрэтаў гэтай службы. Скажу толькі, што сярод іншага падпалкоўнік міліцыі займаецца аналітычнай працай.

Наша чэрвеньская Насця Каменская, прыгадала я тады гераіню папулярных раманаў і серыялаў. Тая, калі не памыляюся, таксама займалася аналітыкай.

…Але неўзабаве  Наташы прапаноўваюць пасаду начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, у падначаленні – 20 мужчын. Наталля Ісачкіна на прапанову пагадзілася. Атрымалася працаваць і тут. Падначаленыя паважалі. Начальнік цікавілася іх жыццём, па магчымасці дапамагала ў вырашэнні праблем, у тым ліку і неслужбовых. Маміны гены – тая як майстар лесу мужчынамі камандавала ўсё жыццё.

А пасля падпалкоўнік міліцыі Наталля Ісачкіна зноў узначаліла штаб Чэрвеньскага РАУС. Паралельна па графіку выходзіць на ахову грамадскага парадку, дзяжурыць падчас гарадскіх святаў на кантрольна-прапускных пунктах, выконвае іншую работу.

Гонар, шчасце, удзячнасць
Падчас гутаркі пацікавілася, ці абавязана Наташа здаваць нарматывы па фізпадрыхтоўцы. Як аказалася, ніякіх скідак для жанчын-афіцэраў не робяць. А па нарматывах у сваёй узроставай групе Наталля Ісачкіна – выдатніца! Ды яшчэ і многім маладым можа фору даць. Дарэчы, падчас службы ні разу не даводзілася выкарыстоўваць прыёмы самаабароны ці табельную зброю – пісталет Макарава. Пераканаць словам нават злосных парушальнікаў правапарадку – такі яе прынцып.

– Я – шчаслівы чалавек, – зазначае Наталля. – Усё ў мяне склалася: дома, на працы, у асабістым жыцці. Прыемна, калі цябе цэніць начальства, паважаюць калегі і падначаленыя. Ёсць жаданне служыць – і ёсць з кім служыць. Удзячная лёсу, што была сведкай і ўдзельніцай святкаванняў стагоддзя міліцыі.

Прочитано 93 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Октябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31        

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»