Пятница, 16 февраля 2018 10:10

Каб вярнуцца дамоў

Ганна МАСЛЯКОВА

Алесь Лось – вядомы і ў Беларусі, і за яе межамі мастак, рэстаўратар, этнограф, музыка і майстра музычных інструментаў. 

Усё яго жыццё нейкім чынам звязана з Віленскім трактам. Пасля ваеннай разрухі бацька пабудаваў хату на рагу Старавіленскай і Крапоткіна ў Мінску, дзе ў 1958-м і нарадзіўся Алесь. Сёння ён жыве на хутары непадалёку ад вёскі Цішкоўшчына Валожынскага раёна. Побач з хатай – заліўныя лугі і рэчка Яршоўка, пасярод лесу – стары Віленскі гасцінец. 

Шлях вялікага князя Вітаўта таксама звязаны з гэтай дарогай. У XV стагоддзі па ёй каралі ездзілі, карэты грымчэлі. Усё тут дыхае гісторыяй, а тыя, хто хоча стаць яе непасрэдным удзельнікам, дакрануцца да багатай спадчыны нашых продкаў, прыязджаюць на «Хутар Дудара», каб паўдзельнічаць у цікавых аўтарскіх праектах Алеся Лася. Свой новы праект ён вырашыў так і назваць – «Шлях Вітаўта».

Сакральныя мясціны
Ад Ракава да хутара Алеся Лася – не больш за 10 кіламетраў. Апошнія з іх па лясной дарозе пераадолець на легкавым аўто ў зімовую бездараж няпроста. Яна вядзе да Ашмян, гэта і ёсць былы Віленскі гасцінец. Шмат тут і цікавай старажытнай тапанімікі: напрыклад, мясціна, дзе знаходзіцца хутар, называлася Лопаўка (ад старапрускага «лапяле» – высылка), а побач з домам – луг Гумбаўка («гумбеле» – востраў, выступ сярод вады). За савецкім часам, у 80-я гады, археолагі тут праводзілі раскопкі паселішча зямлянкавага тыпу. І сам Алесь, калі стаў гаспадаром хутара і капаў крыніцу, знаходзіў розныя чарапкі, жалезкі, дакапаўся і да старажытнага капішча, выкладзенага камянямі, з паленымі касцямі дзікіх жывёлін.

Алесь Лось – мастак-графік, член саюзаў мастакоў Беларусі і Польшчы. У суседняй краіне па благаславенню мітрапаліта Базылія займаўся сакральным жывапісам, афармленнем інтэр’ераў храмаў Беласточчыны. Узнагароджаны ордэнам св. Марыі Магдаліны. Ганарыцца, што дапамог сваёй працай вярнуць на Беласточчыну грэчаскі іканапісны канон, які быў страчаны.

Пра жывапісныя мясціны пад Ракавам Алесь ведаў з дзяцінства: яго бацька Уладзімір Лось і маці Ларыса Мікалаеўна былі мастакамі.

– Бацька вучыўся разам з Міхаілам Савіцкім, Арленам Кашкурэвічам, Леанідам Шчамялёвым. Гэта быў першы пасляваенны набор у вучэльні Глебава. Цвірка выкладаў жывапіс, – узгадвае Алесь. – А сюды прыязджалі на пленэры. Пасля і я з сябрамі наведваўся. Так выпадкова і знайшоў сярод лесу сядзібу. Пазнаёміўся з гаспадыняй – Нінай Маркаўнай Цішковіч. Ёй было каля 90 у той час, на кніжнай паліцы ў хаце – творы любімых аўтараў, якія яна перачытвала: зборнікі Міцкевіча, Лоркі, «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан» Рычарда Баха. Яна з мужам Міхаілам жыла тут з 1924 года. Абое – настаўнікі, мясцовая інтэлігенцыя. Прыязджалі да іх сябры-літаратары з Вільні, Варшавы. У свой час і Якуб Колас бываў госцем тут не раз. Некаторыя з мясцовых сталі прататыпамі персанажаў «Новай зямлі» – Шацкія, Цішковічы. Недалёка ад іх быў хутар Гайкевічаў, Колас хацеў набыць у іх дом пад дачу, але потым купіў на Палачанцы. Раней тут было каля 12 хутароў, пасля 1939-га засталося толькі два: уладальнікаў высылалі, гаспадаркі знішчалі...

З цікавасцю Алесь слухаў гісторыі пра супярэчлівае тагачаснае жыццё. І самі мясціны прыцягвалі маладога мастака. (Ніна Маркаўна наказала дочкам: калі будуць прадаваць хату, дык толькі Алесю. Ён набыў хутар у 1999 годзе)...

Па слядах сялянскіх музыкаў
Як і бацькі, ён спачатку скончыў мастацкую вучэльню, потым у 1983 годзе – тэатральна-мастацкі інстытут. Пасля абароны дыпломаў у 1983 годзе з жонкай Яўгеніяй Ліс, з якой разам вучыліся, паехалі на яе малую радзіму – у вёску Зарудзічы Смаргонскага раёна. Яшчэ студэнтам ён цікавіўся археалогіяй, этнаграфіяй, удзельнічаў у рэстаўрацыі фрэсак Мсціслаўскага касцёла кармелітаў, у даследаванні гарадзішча Мацкавічы. На апошнім курсе ра-
зам з Яўгеніяй заняліся рэканструкцыяй батлеечнага тэатра. Планавалі ў Смаргонскім кальвінскім зборы, які быў на той час складам, стварыць музей-тэатр батлейкі. У 1986 годзе тэатр «Батлейка» пад кіраўніцтвам Яўгеніі і Алеся атрымаў званне «народны». Праз год прымалі ўдзел у міжнародным фестывалі драматычных і лялечных тэатраў у Эстоніі. А ў 1988-м дарослая трупа «Батлейкі» выязджала на гастролі ў чарнобыльскую зону.

Са Смаргоншчыны пачаліся яго этнаграфічныя экспедыцыі па пошуку народных музычных інструментаў:
– Толькі ў адным гэтым раёне на той час жылі 11 класных скрыпачоў і яшчэ чалавек 15, якія некалі вучыліся іграць. Прывозіў скрыпку і прасіў: «Ну, узгадайце, дзядзькі, што ігралі некалі – на вяселлях, хрэсьбінах, якія маршы былі ў вашай вёсцы. І некаторыя разыгрываліся так, што ўзгадвалі даўно забытыя мелодыі – мазуркі, паланэзы мінулых стагоддзяў, – расказвае Алесь. – Ад іх даведаўся пра школу народнай ігры на скрыпцы Магера Ястрэмскага. Вучні жылі ў яго па некалькі сезонаў. Зімой асвойвалі скрыпку, летам адпрацоўвалі ў гаспадарцы. Двух такіх вучняў, ужо дзядоў, я яшчэ застаў...

З экспедыцый прывозіў народныя інструменты, знаёміўся з іх гісторыяй, некаторыя купляў, вучыўся ў майстроў рабіць сам, а таксама іграць на іх. Так сабралася цэлая калекцыя. У кожнага інструмента – свая цікавая легенда.
Вось, напрыклад, скрыпка-барока асіметрычнай формы. Яе зрабіў у 1950 гады Міхаіл Карней, майстра і настаўнік Алеся.

– І бацька яго быў выдатным майстрам не толькі інструментаў. Разам з сябрам з Клідзянятаў зрабілі ровар да вайны, усё было з дрэва, нават ланцуг. Зараз ён знаходзіцца ў Варшаве ў музеі палітэха. Такія былі таленты!.. А пад Вілейкай жыў такі Бохан – пчаляр і майстар, скрыпкі рабіў для кансерваторый Пецярбурга, Парыжа. У мяне ёсць дзве яго скрыпкі, праўда, дрэнна захаваліся. На жаль, не заўсёды нашчадкі цэняць тое, што засталося ад дзядоў-прадзедаў, – кажа Алесь.

Аднойчы ў экспедыцыі па Полаччыне на хутары Алесь знайшоў старажытную дуду – унук на сметнік выкінуў. Колісь маці захоўвала яе ў спецыяльным футарале і гаварыла дзецям: «Ваш дзед іграў і нават у Маскву ездзіў з канцэртамі».

Алесь забраў яе ў сваю калекцыю. Не аднаўляў. Захаваў у тым стане, у якім набыў, як прыклад страчанай пераемнасці традыцый народнай культуры.

Дуда – найбольш рэліктавы інструмент, звязаны з культурай кельтаў і грэкаў. Дуды ёсць па ўсёй Еўропе, у кожнай краіне свой тып. Усе святы абрадавыя праходзілі пад гэты інструмент.

Дуды, скрыпкі, ліры, басэтлі, жалейкі. Ёсць у калекцыі народныя цымбалы з-пад Маладзечна. Іосіф Жыновіч узяў маладзечанскія за аснову і зрабіў сучасныя цымбалы. Ёсць таксама гармонікі, баяны, акардэоны. Любімы інструмент пралетарыяту – гармонь-петраградку 1932 г. Алесь набыў у ветэрана Першай сусветнай.

647A1533

– Быў такі Осіп з вёскі Іжы, у яго было дзве, адна ўсю вайну з ім прайшла, з ёю не пажадаў расстацца. Дзве дзіркі былі ў мяхах – пацэліла нямецкая куля. Цікавы быў чалавек і гарманіст класны.

Цікавая гісторыя і ў акардэона «Хонэр» 1936 года. Не адно пакаленне на ім іграла на вяселлях танга і факстроты. Інструмент быў забаронены бальшавікамі, яго палічылі «буржуазным»:

– Толькі ў 60-х указ адмянілі. За гэты час мы страцілі вялікі пласт музыкаў, якіх ніхто не запісваў. Хаця ў нас была цікавая традыцыя выканання народных песень і музыкі на гэтым інструменце, – гаворыць Алесь.

Ёсць у калекцыі акардэон 1939 года камандзіра французскай эскадрыллі «Нармандыя-Нёман». Ён набыў яго ў жонкі інструктара, які вучыў французаў. Яна расказвала, што лётчыкі бралі яго ў баявыя вылеты як талісман, і той самалёт, на борце якога ён знаходзіўся, вяртаўся на зямлю без ахвяр.

А жамчужына калекцыі – раяль «Бекер» 1892 года, на ім падчас музычных вечарын, якія Алесь Лось ладзіць з сябрамі, іграюць творы айчынных кампазітараў: Агінскага, Грушвіцкага, Ельскага...

Лекцыя ў музеі музычных інструментаў Алеся Лася ператвараецца ў захапляльную вандроўку па розных краінах і эпохах. Цікавыя гісторыі чаргуюцца з музычнымі паўзамі, пранізліва спявае старажытная дуда, пяшчотна – скрыпка і цымбалы. Гучыць музыка – і дзіўным чынам знікаюць усе межы, супярэчлівыя гістарычныя акалічнасці. Традыцыі продкаў, тое, што было важна для многіх пакаленняў нашых дзядоў-прадзедаў, і сёння яднае тых, хто прыязджае на «Хутар Дудара», каб дакрануцца да агульнай спадчыны.

Алесь Лось пабываў у розных краінах, працаваў, і вельмі паспяхова, у Польшчы, Германіі. А ў 2009-м вырашыў канчаткова пасяліцца на хутары:

– Прыцягнулі мяне гэтыя мясціны, адчуў, што лепшых няма. Яшчэ падштурхнула паездка ў ЗША, пабываў у многіх штатах і пераканаўся: трэба паездзіць па свеце, але з адной мэтай – каб вярнуцца дамоў. 

Прочитано 426 раз
Оцените материал
(2 голосов)
« Февраль 2015 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28  

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»