Вторник, 20 февраля 2018 10:14

Вандроўка па слоўка

Юлія ГАЎРЫЛЕНКА

Пакуль на Мядзельшчыне на лаўца прысядуць, у Капылі на санёх паедуць. Пра незвычайныя дыялекталагічныя знаходкі і экспедыцыі па вёсках Міншчыны напярэдадні Дня роднай мовы «МП» расказала загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Вераніка КУРЦОВА.

А ці ведаеце вы, што на ўсходзе і на заха­дзе Беларусі можна пачуць зусім розныя назвы адных і тых жа прадметаў ці з’яў? Ніколі не задумваліся, чаму жыхарам паўночнай часткі краіны іншы раз даволі цяжка зразумець мову палешукоў? Уся справа ў гаворках, якія складаюць пэўны дыялект. На тэрыторыі Беларусі іх два: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі знаходзіцца вельмі асаблівая, унікальная тэрыторыя – паласа гаворак, якія традыцыйна называюць сярэднебеларускімі, альбо цэнтральнымі.

Уся прастора Мінскай вобласці па лінгвістычных адзнаках належыць менавіта да цэнтральных гаворак. Іх унікальнасць, кажа Вераніка Курцова, у тым, што яны не з’яўляюцца асобным дыялектам. Гэта адметнае моўнае ўтварэнне, якое ў большасці сваёй адлюстроўвае вынікі ўнутранага ўзаемадзеяння двух дыялектаў. Пры гэтым ёсць у цэнтральных гаворках не толькі рысы, якія па паходжанню адносяцца да аднаго з двух дыялектаў, але і спадчынныя асаблівасці, якія былі ўласцівы папярэднім жыхарам гэтай тэрыторыі або развіліся як самастойныя.

У Роўбічы паедзем
Уся тэрыторыя Мінскай вобласці па сваіх моўных рысах розная. Напрыклад, у Капыльскім раёне да гэтага часу сустракаюцца характэрныя для паўднёва-заходняга дыялекту словы з адметным канчаткам -ёх. Нягледзячы на тое, што ён зафіксаваны ў беларускай нарматыўнай мове пачатку 1920-х гадоў і адлюстраваны ў граматыцы Тарашкевіча, пачуць выраз «паедзем на санёх» можна і зараз. На поўдні краіны актыўна ўжываюцца словы «рукамы», «нагамы», «зялёнымы». На тэрыторыі Мінскай вобласці вы гэта наўрад ці пачуеце, але, хутчэй за ўсё, такая асаблівасць раней была і тут, таму што яе зафіксавалі даследчыкі на мяжы з Пухавіцкім раёнам.

Дастаткова ад’ехаць на некалькі кіламетраў ад сталіцы, вы заўважыце замену спрадвечнага націскнога [а] і пачуеце дзіўнае для большасці мінчукоў слова «Роўбічы». Першым, хто звярнуў увагу на адметнае гучанне гэтага і падобных да яго слоў, быў Яфім Карскі. Не знайшоўшы карані ў папярэдняй гістарычнай моўнай спадчыне, крыніцах, што яе адлюстроўваюць, навуковец выказаў такое меркаванне: гэта ўнікальная адметнасць, якая самастойна развілася ў выніку фанетычных працэсаў у мясцовых гаворках. Толькі значна пазней, калі збіраўся матэрыял для дыялекталагічнага атласа беларускай мовы, было заўважана, што дадзеная асаблівасць з’яўляецца рысай, якая развілася на мясцовай глебе, але дзякуючы спрыяльнай моўнай спадчыне – наяўнасці так званай балцкай асновы.

Узаемадзеянне гаворак розных моў і прывяло да пераходу націскнога [а] ў [о]. Самае цікавае, што дадзеная асаблівасць пашыраецца не на поўдзень ад Міншчыны, а ідзе далей, на захад. Гэта якраз і сведчыць пра выразны балцкі ўдзел у ператварэнні [а] ў [о].

Па леся гуляем
Калі на паўночным захадзе, у Мядзельскім раёне, раптам пачуеце «кага» замест «каго» і «мага» замест «майго», не здзіўляйцеся: гэта зноў жа адлюстраванне характэрных для сярэднебеларускіх гаворак адметнасцей. Але навукоўцы да гэтага часу не прыйшлі да адзінай высновы: гэта архаічная асаблі­васць гаворак ці жывая рыса, якая ўзнікла на базе ўзаемадзеяння з балцкімі гаворкамі.

Беларускамоўныя літаратары XIX стагоддзя пісалі свае творы ў часы, калі моўныя нормы яшчэ не былі распрацаваны, узведзены ў ранг закону. Па гэтай прычыне ў творчасці Яна Баршчэўскага, Яна Чачота і іншых адлюстраваліся дыялектныя рысы.

У асобных вёсках Лагойскага раёна дагэтуль дзейнічае тэндэнцыя выраўноўваць гукі і вымаўляць іх на адзін лад – так званае гіперычнае аканне. Тут натуральным будзе выраз «на лаўца селі, сядзім і гаворым» альбо «знаходзіцца ў леся», хаця мы ведаем, што па правілах трэба вымаўляць: «сядзець на лаўцы», «знаходзіцца ў лесе», «граць на скрыпачцы» і гэтак далей. Існаванне такіх прыкладаў сведчыць аб адметным развіцці мясцовых гаворак як гаворак з поўным аканнем. Таму [а] раптам гучыць там, дзе паводле нормы гэта здаецца ненатуральным.

Набрыдні прыехалі
Радыё, тэлебачанне, інтэрнэт, іншыя пазамоўныя фактары павінны былі знайсці свой выразны адбітак у гаворцы людзей. Аднак аналіз тэкстаў, праведзены Веранікай Курцовай і яе калегамі, паказвае, што ніякага прамалінейнага працэсу ў гаворках няма, увесь спадчынны комплекс (найперш гукавыя і марфалагічныя асаблівасці) захаваўся пераважна ў тым выглядзе, у якім ён быў і раней.

– Нашыя людзі ведаюць, што акрамя міксера ёсць блендар, але ўсё роўна прамаўляюць гэта па-свойму. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, – упэўнена Вераніка Мікалаеўна. – Таму такія формы, як «на лаўца», з цягам часу не зніклі, а засталіся ў маўленні старэйшага пакалення і жывуць як вельмі натуральныя, бо яны былі засвоены носьбітамі сучасных гаворак з дзяцінства. І ўсё тое, што павінна было аказаць на іх уплыў, зрабіць традыцыйную гаворку на ўзор літаратурнай, вельмі-вельмі мала адбілася на маўленні.

Па словах Веранікі Курцовай, самай істотнай з’явай, якая разбурае традыцыйны дыялектны ландшафт, з’яўляецца пераканцэнтрацыя насельніцтва, калі вёска губляе колькасць жыхароў. Гэта натуральны пра­цэс, яго зараз спыніць практычна немагчыма. Самым прадуктыўным у першую чаргу для дыялекталагічнай навукі быў пасляваенны час (працягваўся да 60-х гадоў), калі сельскае насельніцтва пераважала над гарадскім. З пачаткам 70-х пачалася актыўная ўрбанізацыя. Тыя людзі, што выраслі ў вёсцы, але пераехалі ў горад, змянілі сваю маўленчую арыентацыю. На захаванне традыцыйнага дыялектнага ландшафту вельмі паўплывала і чарнобыльская трагедыя. Разам з вёскамі, якія зніклі, на жаль, сплыў у нябыт і багаты духоўны пласт, наш слоўны набытак.

– У апошні час пачалі будавацца аграгарадкі, дзе развіваецца адрозная ад традыцыйнай структура сельскага сацыяльнага побыту. Але яны вельмі часта засяляюцца, як кажуць карэнныя вяскоўцы, набрыднямі ці наезжымі – людзьмі, што не з’яўляюцца пераемнікамі мясцовых маўленчых традыцый.

– Пойдзем па буякі? 
– Не, па дурніцы
У пачатку новага стагоддзя супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа задумалі стварыць новы лінгвістычны атлас. Яго адметнасць у параўнанні з «Дыялекталагічным атласам беларускай мовы» і «Лексічным атласам беларускіх народных гаворак» у тым, што на картах адзначаць не словы, якія абазначаюць нейкае паняцце, а матывацыйныя прыкметы, якія ляглі ў аснову назвы. Некаторыя групы слоў навукоўцы ўжо прааналізавалі і прыйшлі да пэўных вывадаў.

– Возьмем, да прыкладу, назвы ягад, вядомых як дурніцы, п’яніцы і буякі. «Буякі» і «дурніцы» вядомы ў гаворках Міншчыны, але ўжываюць іх у розных яе кутках. У паўднёва-ўсходняй частцы вобласці збіраюць буякі. У напрамку на захад і поўнач хо­дзяць у лес па дурніцы. І толькі на паўночным захадзе і поўначы Беларусі ведаюць гэтыя ягады як п’яніцы. Словы «дурніцы» і «п’яніцы» паміж сабою сваякі не толькі па значэнні, але і па матывацыйным забеспячэнні. У аснову іх значэння лягла прыкмета паху (ягады растуць побач з багуном, маслы якога адурманьваюць, «задурняюць» галаву). Слова «буякі» ўтварылася па іншай прычыне. Буяк-расліну, буячнік, калі памятаць, што ўяўляе сабой геаграфічна Палессе, можна было сустрэць найперш на ўзвышаным месцы, на буі, – расказвае Вераніка Курцова. – Ёсць падстава сцвярджаць, што папярэднікі, мясцовыя жыхары, абралі для адной і той жа рэаліі розныя прыкметы, на аснове якіх узніклі назвы ягад. Значыць, гэта былі прадстаўнікі розных сацыяльных супольнасцей. Таму і два дыялекты, што аб’ядноўваюць гаворкі беларускай мовы, склаліся зусім не выпадкова.

Яшчэ адна адметнасць беларускай мовы ў тым, што многія словы-залацінкі, лексічныя рарытэты, якія мы і сёння ўжываем, адлюстроўваюць розныя этапы развіцця чалавечага мыслення. Напрыклад, у слоўніку можна пабачыць словы «лятучая мыш» і «кажан». У аснову першага наймення людзі паклалі функцыянальную прыкмету. Падобныя назвы не першапачатковыя, яны з’явіліся на досыць познім этапе чалавечага развіцця. У той час як слова «кажан» узнікла па атрыбутыўнай прыкмеце: з-за скуры, якая пакрывае шырокія перапончатыя крылы жывёліны. Многія народы страцілі такія найменні. А ў беларускай мове яны жывуць – як сведкі пазнання навакольнага свету чалавекам. Будзе памылкай таксама лічыць, што слова «вясёлка» ўтварылася ад слова «вясёлы». Насамрэч гэта тое, што вісіць на небе як перавясла, звязваючы два бакі небасхілу.

Па словах Веранікі Курцовай, калі навукоўцы парадкуюць нарматыўны слоўнік, перад імі заўсёды стаіць пытанне, як быць з тымі лексічнымі дыялектнымі адзінкамі, якія ўжываюцца абмежавана. Праблема вырашаецца наступным чынам: калі слова ўспрымаецца на слых і не ўзнікае пытанне, што там за гэтым словам хаваецца, наколькі яно зразумелае, яно мае права быць уключана ў слоўнік. Канечне, ёсць словы, якія ўжываюцца адзінкава, але адлюстроўваюць наш нацыянальны дух. Іх не трэба цурацца. 

Прочитано 261 раз
Оцените материал
(2 голосов)
« Сентябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»