Среда, 14 Март 2018 12:41

Пяць колераў жаночага шчасця

Марына СЛІЖ

Са сваім будучым мужам Таццяна пазнаёмілася на вяселлі дваюраднай сястры, а праз паўгода ўжо склікала радню на ўласнае свята кахання. Бацькі хваляваліся – ці не паспяшалася дачка? А яна з першага моманту сустрэчы з Сяргеем ведала: гэта – яе чалавек!


Плячо ў плячо бацькі пяцярых дзяцей Таццяна і Сяргей Кісялевічы ідуць без малога трыццаць гадоў. «Не хачу хлусіць, гаварыць нейкія там прыгожыя словы і прыдумваць індывідуальныя сакрэты шчасця, – кажа жанчына. – Мы проста жывём, працуем, стараемся, каб у доме былі хлеб і да хлеба і каб нашы дзеці не былі абдзеленыя ні любоўю, ні ўвагай».

Старэйшай іх дачцэ – Вераніцы – ужо 26, самаму малодшаму – Сярожку – 6. А паміж імі яшчэ ёсць Надзея, Ангеліна, Любачка. «Веранічка наша – сама мама, – расказвае Таццяна, – падарыла нам цудоўных унучачку і ўнука, якому пакуль што толькі паўтара годзіка. Мы з ёй не проста маці і дачка, мы – сяброўкі. Калі трэба якая парада альбо на сэрцы мулка і самотна, у першую чаргу набіраю яе нумар тэлефона, і ўжо праз дзве-тры хвіліны разумею, што мае трывогі і перажыванні проста нішто, а жыццё, нягле-
дзячы на ўсе перыпетыі, – цудоўнае і яркае».

Больш за ўсё яго колеры жанчына адчувае не ў маладзечанскай кватэры, а ў сваіх родных Навасёлках, што ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад горада. Там, у доме яе бацькоў, першыя крокі зрабіла Надзейка (пасля заканчэння ўніверсітэта замежных моў дзяўчына жыве і працуе ў Германіі), а таксама 15-гадовая Ангеліна, якая вельмі хоча вывучыць кітайскую.

Мясцовыя краявіды і на карцінах дзесяцігадовай Любачкі, а таксама малюнках шасцігадовага Сярожкі, які стараецца быць падобным на сваю сястру.

«Муж вельмі хацеў сына, – смяецца Таццяна. – Ён бясконца любіў і Веранічку, і Надзейку, але не-не ды і гаварыў пра трэцяга хлопчыка. Старэйшай нашай «няньцы» было 11, калі з’явілася на свет Ангеліна, за ёй праз пяць гадоў – Любка. Усё, сказала я мужу, хопіць, хлопчыкаў раджаць мы не ўмеем. І памылілася… Праўда, у час маёй апошняй цяжарнасці Сяргей ужо не прасіў «мужчыну» ў дом. Таня, казаў ён мне, калі па-праўдзе, то няма ніякай розніцы, хто народзіцца, няўжо ты думаеш, што дачку я буду любіць менш?»

Так у сям’і Кісялевічаў, дзе мама працуе сацыяльным работнікам у Маладзечанскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а тата – індывідуальным прадпрымальнікам, з’явіўся Сяргей Сяргеевіч. Хлопчык, якога назвалі ў гонар бацькі, рос як на дражджах. Атулены клопатам, ён стаў рана хадзіць і гаварыць, а калі крыху падрос, то і наводзіць парадкі ў цацках і партфелях сваіх старэйшых сястрычак.

Таццяна і Сяргей прызнаюцца, што ў іх ніколі не было праблем з дзецьмі: асабліва не хварэлі, не шкодзілі, ды і ў дзіцячым садку, школе на іх ніхто не скардзіцца. Вучыцца стараюцца, займаюцца і музыкай, і спортам, ды і дома, на дачы ў кожнага ёсць свае абавязкі.

«Усё лета мы праводзім у вёсцы, дзе маем і агарод, і сад, і такую-сякую гаспадарку, – расказвае Таццяна. – Клопатаў і турбот хапае: пасадзіць, сабраць і перапрацаваць ураджай, дагледзець гаспадарку, у нас свае куры і авечкі. Дзяцей таксама задзейнічаем: хто кветнічак праполе, хто радыску на градцы палье. Затое зімой праблем не маем: агуркі, буракі, морква, бульба, капуста, варэнне, кампоты – усё сваё, натуральнае».

Умее гаспадыня і вязаць, шыць. Кажа, навуку гэту пераняла ад сваёй маці, Веры Мікалаеўны, якая таксама выгадавала пяцярых дзяцей. Пасадзіць, бывала, дачок побач з сабой, дасць у рукі пруткі, па клубку нітак – і давай паказваць розныя ўзоры: вучыць рабіць шапкі, шалікі, рукавіцы, шкарпэткі. Усё гэта так спатрэбілася Таццяне ў цяжкія 1990-я, калі паліцы магазінаў былі пустыя. І вязала, і шыла, а адчуўшы, што пэўных навыкаў не хапае, запісалася на курсы кройкі і шыцця.

«Часы змяніліся, – смяецца жанчына, – дзяцей сваіх цяпер апранаю на рынку, у магазінах, але швейная машынка без справы не стаіць. Люблю схадзіць у краму, купіць прыгожую тканіну і пашыць новы камплект пасцельнай бялізны альбо прыгожыя навалачкі».

Не з меншым задавальненнем, асабліва ў святочныя дні, шчыруе яна і на кухні, адкуль на прыгожа сервіраваны стол у вялікім пакоі пераязджаюць мясныя стравы, салата, а таксама фірменны торт, які пячэ разам з дочкамі.

Утульнасць, цеплыню і парадак у доме яны ствараюць разам, дбаючы не толькі аб матэрыяльным дабрабыце, але і душэўнай гармоніі. І прызнаюцца, што ў шматдзетнасці ёсць адна асаблівасць: з нараджэннем кожнага дзіцяці адкрываецца «другое дыханне», маладзее душа і быццам кімсьці зверху дабаўляецца сіл на тое, каб аберагаць іх і любіць.

Прочитано 56 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Сентябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»