Понедельник, 09 апреля 2018 21:07

Чырвоная шапачка і незаменны веласіпед

Святлана АДАМОВІЧ

Адзін з найлепшых сацыяльных работнікаў Чэрвеньскага раёна Вольга Фурс – аб прафесійным абавязку, які стаў часткай душы.

Ураджэнка Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, яна рана выйшла замуж, нарадзіла дачку. Праз пяць год пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС сям’і прапанавалі пераехаць у вёску Любішына, што на Чэрвеньшчыне.

У 20 год маладой жанчыне хацелася самастойнасці. І калі прапанавалі пайсці ў сацработнікі – пагадзілася. Першыя яе падапечныя жылі ў вёсцы Калодзежы – больш за 10 кіламетраў ад Любішына.

– Мне далі спіс: «Во твае людзі», – прыгадвае Вольга Фурс. – А я ж не ведаю нічога! Як з людзьмі сябе паводзіць. Здаецца, скажу не так – пакрыўдзяцца... У Калодзежах адна бабуля была таксама з Гомельскай вобласці. Пачала пытацца: «А ты адкуль? У цябе мова не такая». Паразмаўлялі. І неяк яна мне як свая стала. Так паціху і асвойвалася.
Я аднойчы нават села і лічыла, колькі ў мяне за 25 год было падапечных.

– І колькі?
– Пад 50... Нядаўна не стала Любові Васільеўны Холад з Калодзежаў. Тая то дошчачку прыгожую для календара падаруе – ад дачкі ды ўнучкі, то фіялачку. Ведала, што і я пакаёвыя кветкі люблю. Памятаю, еду праз некалькі дзён пасля яе пахавання – і быццам якая сіла паварочвае мяне на могілкі. Заехала, праведала... А так бабулі неаднойчы прасілі дапамагчы ім на могілках прыбрацца. І з імі, і замест іх. Гэта ў абавязкі не ўваходзіць, але ж езджу на веласіпедзе і прыбіраюся там.

– Што мянялася за чвэрць стагоддзя ў вашай працы?
– Спачатку было сацыяльнае абслугоўванне бясплатнае. І, трэба сказаць, тады людзі па-іншаму да гэтага ставіліся. А цяпер так: «Я плачу – ты павінна».

– Што самае складанае?
– Дабрацца да падапечных. Напрыклад, 11 кіламетраў ад нашага сельсавета да адной з бабуль у Калодзежах. Езджу ў асноўным на веласіпедзе. Бывае, то кола спусціць, то дарогі перамяце. Тады спадарожную машыну ловіш, чакаеш аўтобуса ці ідзеш пехатою.

– Колькі ў вас сёння чалавек на абслугоўванні?
– Дванаццаць: дзесяць з Калодзежаў і два – з вёскі Камісарскі Сад. Да каго
адзін-два разы на месяц трэба прыходзіць, а да васьмі чалавек – пастаянна.

...Чырвоную шапачку Вольгі Фурс (чырвоны – яе любімы колер) Галіна Раманаўна Шут з Калодзежаў звычайна згледжвае здалёк, хата яе на ўзгорку. Тут Вольга бывае двойчы на тыдзень ужо чацвёрты год. Галіна Раманаўна ўсё жыццё працавала ў саўгасе – на ферме, у брыгадзе. Выгадавала траіх дзяцей. Ужо даўно жыве адна, без мужа.

Сацыяльны работнік дапамагае ёй па гаспадарцы, прывозіць лекі з Любішынскага ФАПа (у Калодзежах свайго няма), плаціць за камунальныя паслугі.

– Ой, добрая дзяўчынка! – хваліць яе Галіна Раманаўна. – У мяне дзве дачкі і сын, а Вольга ўжо як трэцяя дачка...

Такія словы – самае прыемнае для сацыяльнага работніка. Ды яшчэ іх шчыры клопат: некаторыя абавязкова патэлефануюць, папытаюцца, як дабралася дамоў.

– Неяк у дрэннае надвор’е заходжу ў хату да бабулі, – распавядае Вольга, – а тая: «Ой, дзіцятка! Ну нашто ты ехала?!» Шкадуюць. Але ж гэта мой абавязак. Таму дождж, снег – усё роўна едзеш і ідзеш.
Дома пра Вольгу турбуюцца муж і сын. Па тэлефоне пра маміны справы пытаецца дачка. На выхадныя яна прывозіць да бабулі-дзядулі пяцігадовую ўнучку. Так што клопатаў Вользе і ў выхадныя стае.

У вольныя хвілінкі яна вяжа шкарпэткі, світары ды іншыя карысныя рэчы. Ну а пра самае вялікае яе захапленне здагадацца няцяжка, калі заходзіш у залу. Там... антурыум паўтара метра вышынёй! Ніколі такога не бачыла. Звычайна растуць яны ўшыркі, як куст, а тут – цэлае дрэва!
– Што самае цікавае, ён цвіце пастаянна, – кажа Вольга. – Антурыум гэты мне падаравалі год пяць таму. Вось і вымахаў.

У сезон Вольга Фурс разам з мужам на ўласных сотках. Вырошчваюць усяго патроху. Гэты занятак дадае бадзёрасці і жыццё­вай энергіі.

У працы сацыяльнага работніка ўсялякае здараецца. Бывае, пакрыўдзяць неасцярожным словам падапечныя. Пры іх стрымаецца, а дома і паплакаць можа. Хаця апошнім часам стараецца рэагаваць больш спакойна. Але калі на душы хмарна, дастае Вольга свае шматлікія граматы, падзякі.
Ёсць тут узнагароды з раёна, вобласці.

Працуе Вольга Фурс у такой няпростай сферы 26-ы год. Не кожны зможа. А яна – змагла... 

Прочитано 81 раз
Оцените материал
(2 голосов)
« Февраль 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28          

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»