Вторник, 08 Май 2018 14:19

Занадта малая, каб разумець, што такое смерць

Кацярына АГЕЕВА

Падарожжа ў вайну.
Сёння ў большасці еўрапейскіх краін і ў ЗША адзначаецца Дзень заканчэння Другой сусветнай вайны. Менавіта познім вечарам 8 мая 1945 года быў падпісаны акт аб капітуляцыі фашысцкай Германіі. З-за розніцы ў часе ў Савецкім Саюзе надышло ўжо 9 мая. Але розніца не толькі ў даце. 
Калі на постсавецкай прасторы дзень заканчэння вайны – свята пераможцаў, няхай і «са слязьмі на вачах», дык для еўрапейцаў гэта, у першую чаргу, дзень памяці і смутку.
Ахвяр вайны згадваюць і ў мемарыяльным комплексе «Майданек» у Польшчы, створаным на месцы аднайменнага канцэнтрацыйнага лагера смерці, праз які прайшло каля 150 тысяч чалавек. 80 тысяч з іх былі знішчаны.
Напярэдадні свята Перамогі карэспандэнт «МП» пабывала на месцы адной з самых страшных фабрык смерці 
Трэцяга рэйха.

Гэты канцэнтрацыйны лагер быў першым з вызваленых. Прычым Чырвоная Армія зрабіла гэта настолькі маланкава, што фашысты не паспелі замесці сляды. Неўзабаве пасля вызвалення Майданека там пабывалі вядомы савецкі літаратар, ваенны карэспандэнт Канстанцін Сіманаў і, крыху пазней, брытанскі журналіст, карэспандэнт газеты The Sunday Times і радыёкампаніі ВВС Аляксандр Верт. Паглядзець на мясціны, так натуралістычна і эмацыянальна апісаныя славутымі калегамі, падалося мне тым больш цікавым.

Пакуль наша аўто накручвала кіламетры па Брэсцкай шашы, я любавалася краявідамі. Маляўнічыя пагоркі Міншчыны ўзнімаліся то сочна-зялёнымі ўсходамі, то пранізліва-жоўтым рапсам. Лясы прыцягвалі ўтульным ценем, буслы нетаропка займаліся сваімі справамі. З напамінкаў пра мінулую вайну, бадай, толькі некалькі дзотаў недзе паміж Стоўбцамі і Баранавічамі.

Над гэтымі мясцінамі некалі спецыяльным рэйсам Масква – Люблін ляцеў брытанскі журналіст Аляксандр Верт. Пазней ён напіша ў сваёй кнізе ўспамінаў:

«Беларусь выглядала больш скатаванай і спустошанай, чым любы іншы раён Савецкага Саюза. За ваколіцамі вёсак, у большасці часткова або поўнасцю спаленых, амаль ні­дзе не было бачна скаціны… Калі мы ляцелі над Беларуссю, нам стала асабліва зразумела, у якіх небяспечных і складаных умовах жылі і змагаліся партызаны. Тут ішла бязлітасная барацьба не на жыццё, а на смерць. Пра гэта можна было меркаваць нават з паветра».

Мемарыяльны комплекс «Майданек» займае плошчу каля 90 гектараў. Гэта – трэцяя частка тэрыторыі былога лагера. На думку Гімлера, ён павінен быў стаць рэзервуарам свабоднай рабочай сілы. Але невыносныя ўмовы жыцця і працы ў Майданеку хутка забівалі вязняў. Ім на змену прыбывалі новыя: ваеннапалонныя, яўрэі, нядобранадзейныя грамадзяне з захопленых фашыстамі тэрыторый. З восені 1942 года сюды пачалі прывозіць жанчын, з вясны 1943-га – дзяцей.

«Ці не баялася ты смерці?» – спыталі неяк журналісты ў былой маленькай вязніцы Майданека, ураджэнкі вёскі Багушэвічы Бярэзінскага раёна Раісы Пятроўны Сарока. «Не, я была надта малая, каб разумець, што гэта такое. Страшна было толькі выходзіць з барака ў дрэннае надвор’е: па ўсім лагеры на шыбеніцах віселі людзі і ад ветру хісталіся», – дзялілася жанчына.

У Майданеку захаваліся ўсе пабудовы былой фабрыкі смерці: баракі, склады з абуткам, вопраткай, газавыя камеры, крэматорый. Нібыта ўманціраваныя ў ярка-зялёны луг пад купалам светла-блакітнага неба з сілуэтамі новабудоўляў Любліна на гарызонце, гэтыя атрыбуты жудаснага лагернага канвеера смерці падаюцца нерэальнымі. Нібыта дэкарацыі да фільма пра вайну. Але іх ажыўляюць успаміны сведкаў.

119

У 1944 годзе, калі Чыр­воная Армія вызваліла Майданек, там знайшлі дзве з паловай тысячы жывых вязняў. Першым іх успаміны занатаваў Канстанцін Сіманаў. У артыкуле ў «Правду» Сіманаў пісаў: «Я ўбачыў сваімі вачыма газавыя камеры, печы крэматорыя з рэшткамі недаспаленых трупаў, хлеў з абуткам, што застаўся пасля забітых, шыбеніцы, слоікі з крышталямі газу «Цыклон», канцылярыі, заваленыя пашпартамі спаленых людзей. Працаваў па дваццаць гадзін у суткі і паступова за тыдзень прывык, атупеў. Але ў першы дзень мне падавалася, што я вар’яцею».

Аляксандра Верта, у сваю чаргу, уразілі горы белага попелу на краі лагера. «Калі ўгледзецца ў іх уважліва, – пісаў брытанскі журналіст, – можна ўпэўніцца, што гэта не чысты попел, бо ў ім можна разгледзець масу дробных чалавечых костачак… А за гэтымі гарамі была раўніна, на якой расла капуста, вялізныя пышныя качаны, пакрытыя слоем белага пылу. Нехта патлумачыў: «Пласт угнаенняў, затым пласт попелу – так гэта ў іх рабілася… Уся гэтая капуста вырашчана на чалавечым попеле».

Неўзабаве пасля вызвалення Майданека з астанкаў вязняў насыпалі вялізны курган.
Хто спачывае ў гэтым кургане? Сыны і дочкі якіх народаў завяршылі тут сваё зямное жыццё? Ці ёсць тут мае землякі?

– Вядома ж, ёсць, – адказвае на маё пытанне супрацоўнік ар­хіва мемарыяла Крыс­тафор Таркоў­скі. Ён прыносіць некалькі дакументаў:
– Праблема аднак, што ў тыя часы большасць вязняў з СССР рэгістравалі як рускіх.
Але ў некаторых паперах з цяжкасцю разбіраю: беларус, беларуска, Пётр, Валянціна, Ігнат, Соня... Мінск, Барысаў, Пінск, Віцебск, Жлобін… Курган за акном архіва пачынае насяляцца вобразамі і набываць асаблівы сэнс.
Не ўстрымліваюся і пытаюся:

– А немцы да вас прыязджаюць?
– Вядома, бываюць. Асабліва маладым цікава. Кажуць: «Мой дзед ваяваў у тую вайну», – суразмоўца сумна ўсміхаецца. – І амаль ва ўсіх іхнія дзеды служылі пры кухні.
Па мемарыяльным комплексе разам са мной перамяшчаюцца ад аб’екта да аб’екта некалькі дзясяткаў наведвальнікаў. Вызначаю англійскую, нямецкую мовы, іўрыт. У музеі заўважаю стэнд з алоўкавымі малюнкамі дзіцячых галоў. Са здзіўленнем чытаю: «Партрэты беларускіх дзяцей. Намалявала вязніца лагера, якая іх апякала, полька Helena Kurcyusz». Што за гісторыя стаіць за гэтым? Заўважаю: малюнкі з цікавасцю здымае на тэлефон дзяўчына.

– Даруйце, але што цікавіць у Майданеку вашае пакаленне? – пытаюся.
– Думала раней, ці праўда тое, што бачыла ў фільмах пра вайну. Аказалася, праўда. Толькі больш жудасная па сваіх маштабах, – цалкам сур’ёзна адказвае дзяўчына.
На зваротнай дарозе прыгадваю яшчэ адзін сімвал Майданека – невялікую белую калону з трыма арламі наверсе ў цэнтры былога канцэнтрацыйнага лагера. Яе ў 1943 годзе пабудавалі вязні, выконваючы загад кіраўніцтва лагера ўпрыгожыць тэрыторыю. Гэта, можна лічыць, першы помнік ахвярам Майданека, бо тады ў падмурак калоны вязні змясцілі труну з прахам з крэматорыя... Ім было важна, каб пра іх лёс помнілі нашчадкі. Такое забыць нельга!

Мінск – Майданек – Люблін – Мінск

Прочитано 147 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Август 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»