Вторник, 08 Май 2018 15:00

Пайсці і вярнуцца

Марыя КУЗАЎКІНА

Акурат у свята Перамогі Іпаліту Аляксандравічу Хаванскаму, жыхару вёскі Ерхі, што на Вілейшчыне, спаўняецца 94 гады.

– Ну, знайдзіце мяне тут, – ветэран падсоўвае фотаздымак, на якім перад аб’ектывам пазіруюць маладыя салдаты. – Ды вось жа я, побач з гарманістам…

Са старой фотакарткі, з далёкага сорак пятага, нібы пазірае ў новы свет юнак. Ен яшчэ не здагадваецца, як абавязаны будзе яму гэтай чыстай майскай квеценню ўвесь свет.

– Жыву, як у той песні, за сябе і за таго хлопца, – задуменна прыплюшчвае вочы суразмоўца, цалкам аддаючыся ва ўладу ўспамінаў. Як ён, сувязіст дывізійнай разведкі, разам з аднапалчанінам Налівайчыкам паўзком прабіраўся па пярэднім краі абароны ворага, бо была задача камандавання – правесці разведку перад маючай адбыцца артпадрыхтоўкай. Тады яму мроілася, што ў іх адно дыханне на дваіх. Нават сэрца адно. Якое, як на злосць, здавалася, грукацела ў начной цішыні, якая магла неспадзеўкі, пасля неабачлівага, неасцярожнага руху, разарвацца кулямётнай ці аўтаматнай чаргой. На той раз абышлося, але колькі баявых сяброў не вярнулася!..

Налівайчык быў родам з Украіны. Паміж баямі яны часта ўспаміналі радзіму, свае мясціны, куды так хацелася вярнуцца жывымі. Іпаліт расказваў сябру пра сваё сіроцкае дзяцінства. У чатыры гады застаўся без маці. Зоні, сястрычцы, і таго меней было.

IMG 9461

– Нас, малых, прывялі да ложка, на якім яна памірала. У мамы на ілбе, на хусцінцы, ляжаў кавалак лёду... Вось як бы хто ўклаў мне ў памяць гэты малюнак, – кажа Іпаліт Аляксандравіч.

Бацька зноў ажаніўся. На гаротнай удаве, у яе былі свае дзеці. Сям’я атрымалася вялікая. Толькі пакрыўджаным ніхто сябе не адчуваў. Мачаха не дзяліла дзетак на сваіх і чужых, нікога кавалкам не ўпікала. Але жылося цяжка. Падлеткам Іпаліт, давялося, і на чужых валоках араў, і скаціну ў людзей пасвіў. Год служыў у гаспадара з суседняга хутара. Вучыцца не было як, скончыў усяго чатыры класы польскай школы.

Калі вайна грымнула, меў толькі сямнаццаць год. У суседніх Касцяневічах стаў нямецкі гарнізон. Аднойчы паміж акупантамі і партызанамі завязалася перастрэлка. У хатах трэсліся шыбы. Дзеці ціснуліся да маці. Бацька загадаў усім легчы на падлогу…

Сапраўдная вайна пачалася для Іпаліта пасля вызвалення Беларусі, летам сорак чацвёртага. Пасля мабілізацыі яго накіравалі ў дывізійную разведку на 4-ы Украінскі фронт. У падраздзяленні – чатыры разведчыкі, тры сувязісты.
– Былі як браты, – згадвае Іпаліт Аляксандравіч. – Бывала, адной лыжкай елі, міскай кашы дзяліліся…

З кветніка даносіцца духмяны водар. Такі самы, які 20-гадовы Іпаліт удыхаў майскім днём сорак пятага, калі ў ваколіцах Прагі бушавала вясна, а вестку аб поўнай і безагаворачнай капітуляцыі Германіі разносілі па Еўропе ваенныя радыёстанцыі.

Мы гутарым на лаўцы, ля весніц.
– Там мой пупок, – узмахвае ён рукой у бок суседняй сядзібы, ад якой застаўся толькі падмурак. Там нарадзіўся. А сюды прыйшоў прымаком да сваёй каханай. Хату з бярвення, што шчацінілася шэрым мохам, аздобіў белай цэглай. 
Дом і сёння, як лялька, хоць колькі часу ўжо мінула. Мілая, адзіная яго Валя-Валечка пакінула ўжо гэты свет. Часта наведвае яе Іпаліт Аляксандравіч на вясковых могілках...

IMG 9328

Ён не сумуе ў адзіноце. Што­дзень з суседняга Людвінова наведваецца дачка Ала. Кліча да сябе жыць, але не хоча ветэран пакідаць родны куток. У дзень нараджэння абавязкова завітае з Мінска сын Юрый, супрацоўнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі. Калі пашчасціць, прыедзе з Яльца і сын Леанід, падпалкоўнік запасу. Яшчэ адна дачка жыве ў Полацку. Яна таксама бу­дзе накрываць стол для бацькі і яго гасцей.

Па традыцыі чакае Іпаліт Аляксандравіч дзетак з Людвіноўскай школы. Бываюць яны ў яго часта, віншуюць з усімі святамі. За гэтую ўвагу ветэран удзячны і загадчыцы мясцовага Дома культуры, кіраўніку краязнаўчага аб’яднання «Спадчына» Марыне Юркевіч.

Прочитано 73 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Май 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31      

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»