Вторник, 12 Июнь 2018 14:00

Брама мар і капліца-напамін

Юлія ГАЎРЫЛЕНКА

Як у Цімкавічах аднаўлялі помнікі гісторыі

Мікалаеўскую царкву мы запрыкмецілі здалёк:
высокі статны будынак з зялёным дахам і залатымі купаламі відаць яшчэ на пад’ездзе да вёскі Цімкавічы. Будавалі яго на месцы разбуранай царквы, як кажуць, талакой. Сярод невялікіх шэрых домікаў стаяць побач з ім 150-гадовая капліца ды брама-званіца. Сёлета яны таксама набылі другое жыццё.


першай палове XIX стагоддзя ў Цімкавічах існавала ўніяцкая Ільінская царква. Пазней яна стала праваслаўнай і атрымала назву ў гонар святога Мікалая Цудатворца. Менавіта побач з ёю ў 1861 годзе, паводле імператарскага загада, пабудавалі капліцу з нагоды адмены прыгоннага права. На адной са сцен быў надпіс: «19 февраля 1861 г. в память освобождения крестьян от крепостной зависимости». Праз 27 год па суседству з капліцай з’явілася і брама-званіца. У 1930-х царква была цалкам разбурана, а ў 1995 годзе згарэў і пабудаваны ў вёсцы касцёл Святога Архангела Міхаіла XVII стагоддзя. Так адзінымі помнікамі гісторыі ў Цімкавічах засталіся капліца ды званіца. Аднак час не пашкадаваў і іх. 

Цімкавіцкі прыход адкрыўся ў 1999-м, але царквы ў вёсцы на той час не было, ад старой жа захаваўся толькі падмурак. Набажэнствы праводзіліся спачатку ў адным з памяшканняў пажарнага дэпо, потым у будынку былой крамы. Але мясцовыя жыхары вырашылі, што храм у Цімкавічах быць павінен, і пачалі збіраць грошы на яго ўзвядзенне. Адраджалі за ўласныя сродкі амаль дзесяцігоддзе.

– Даўно хацела прывесці капліцу і званіцу ў належны стан, бо за дзесяцігоддзі яны амаль цалкам разбурыліся: дах быў дрэнны, не захаваліся ні купал, ні крыж. А калі побач з гэтымі аб’ектамі з'явіўся новы храм, на яго фоне яны набылі яшчэ больш занядбаны выгляд, – расказвае старшыня Цімкавіцкага сельскага Савета Алена Вострыкава. – Два гады таму мы падалі заяўку на конкурс мясцовых ініцыятыў, які праводзіцца ў рамках міжнароднага праекта
ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Яна не прайшла, але мы ад сваёй ідэі не адмовіліся і заняліся дапрацоўкай праекта. У 2017 годзе падалі другі варыянт. На гэты раз ён быў адобраны.
Супрацоўнікі сельвыканкама правялі разлікі: на рэалізацыю праекта трэба было знайсці 18 тысяч долараў. Ад праекта ЕС/ПРААНвыдзелілі толькі палову сумы, таму давялося звяртацца да індывідуальных прадпрымальнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, вялікую дапамогу аказалі мясцовыя жыхары. 

– Працу распачалі толькі ў верасні. Спачатку турбаваліся, што з-за надвор’я можам не паспець выканаць усё задуманае. На дапамогу прыйшлі мясцовыя жыхары і бізнесмены. Так, грошы на ўваходную браму нам выдзеліў прафесар маскоўскай авіяцыйнай акадэміі, які нарадзіўся ў Цімкавічах, лясгас прывёз туі, званы даставілі з Масквы. Актыўны ўдзел у аднаўленні брамы і капліцы прыняў айцец Міхаіл. Ён і кансультаваў будаўнікоў наконт векавой кладкі, і сам на будоўлі працаваў.

Святыні набылі новае аблічча, але на некалькіх сценах брамы засталася аўтэнтычная кладка. А калі пачалі рамантаваць дарогу каля храма, зразумелі, што пад ёю каменка часоў Радзівілаў. Мясцовыя прыгадваюць, што некалі былі выбрукаваны тры галоўныя дарогі – нясвіжская, на якой ста­іць царква, капыльская і слуцкая, а гандлёвая плошча, ад якой яны бяруць пачатак, была выкладзена дошкамі. Вядомы гэтыя вуліцы былі яшчэ ў XVII стагоддзі, ды і назвы іх, якія захаваліся да нашага часу, з'явіліся не выпадкова: нясвіжская ідзе на Нясвіж, капыльская – на Капыль, а слуцкая – на Слуцк.

З рэстаўрацыяй святыняў новы выгляд набыў і цэнтр вёскі. Насупраць храма знеслі некалькі старых хат і зрабілі стаянку і сквер. У бліжэйшых планах – стварыць пры бібліятэцы царкоўную школу і адна­віць радзівілаўскі парк. Вясковая моладзь высадзіла побач з паркам тры тысячы маладых хвой. Афіцыйнае адкрыццё парку адбудзецца 3 ліпеня, у Дзень вёскі. Тады ж будзе закладзена капсула часу з пасланнем да будучых пакаленняў. 

Прочитано 51 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Сентябрь 2014 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»