Вторник, 12 Июнь 2018 14:30

Наш адказ персідскім дыванам

Галіна ГРЫЦКЕВІЧ

Тэхналогія вырабу рухаўскіх дываноў можа быць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Унікальныя рэчы трапяць пад ахову ЮНЭСКА.


Мэтай надаць рухаўскім шэдэўрам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці супрацоўнікі Старадарожскага цэнтра рамёстваў задаліся пасля экспедыцыі ў вёску Рухава 2014 года. Высветлілася, што тонкасцямі вырабу ўнікальных дываноў валодае ўсяго адна майстрыха – Марыя Русаковіч. Іншых ахвотнікаў адраджаць мясцовыя традыцыі не было. Тады і стала зразумела: рухаўскія дываны пад пагрозай знікнення. 

– Такіх дываноў не рабілі болей нідзе, і таму дапусціць, каб яны назаўсёды адышлі ў гісторыю, немагчыма, – упэўнена дырэктар Старадарожскага цэнтра рамёстваў Вольга Давыдкіна. – Па крупінках мы аднаўлялі тэхналогію, стараліся ні ў чым не адступаць ад «класікі», аўтарам якой лічыцца жыхарка вёскі Рухава Кацярына Русаковіч. Менавіта яна ў 50-я гады мінулага стагоддзя і пачала вырабляць дываны. 

На кірмашы, што праходзіў у суседнім Любанскім раёне, Кацярына Русаковіч запрыкмеціла незвычайны дыван, нацягнуты на раму і ўпрыгожаны саламянымі ўзорамі. Дома паспрабавала зрабіць нешта падобнае: эксперыментавала з матэрыяламі, падбірала фарбы, прыдумвала малюнкі – нарэшце стварыла дыван, які па назве мястэчка і празвалі рухаўскім. 

Потым Кацярына Русаковіч спадахвоціла сяброўку Надзею Пілюк, а тая падзялілася сакрэтамі рамяства з хрэсніцай Марыяй Русаковіч. Менавіта гэтыя тры жанчыны і праславілі сваю вёску далёка за яе межамі: каб на­быць унікальныя дываны, у Рухава прыязджалі з усяго Савецкага Саюза. Каштавалі яны нятанна, але жаданне мець у хаце эксклюзіўны дыван, выкананы «пад заказ», пераважвала. Рухаўскія шэдэўры былі настолькі папулярныя, што нават выкарыстоўваліся ў якасці грошай – гаспадыні разлічваліся дыванамі за дапамогу па гаспадарцы. Кожны быў рады павесіць такую прыгажосць у хаце  – даўжыня дываноў складала 1,5–2 метра, і закрывалі яны адразу паўсцяны. 

Як патлумачыла Вольга Давыдкіна, першыя дываны не адрозніваліся разнастайнасцю малюнкаў: гэта былі звычайныя ромбікі, трохвугольнічкі, лініі. Пазней вырабы сталі ўпрыгож­ваць кветкамі: у продажы з’явіліся разнастайныя шпалеры з ня­зменнымі валошкамі, рамонкамі, званочкамі, півонямі, гронкамі бэзу – майстрыхі капіравалі іх і пераносілі саломкай на тканіну. 

– На адным з дываноў, што ўдалося выратаваць падчас экспедыцыі, – восем саламяных птушак. Як пасля высветлілася, менавіта столькі дзяцей было ў майстрыхі, – тлумачыць дырэктар цэнтра рамёстваў. – Ідэі для новых малюнкаў жанчыны запазычвалі з часопісаў, паштовак. 

Дываны карысталіся небывалым попытам, але нельга сказаць, што на іх можна было разбагацець. Каб нарыхтаваць салому, высушыць яе, размачыць ды адпрасаваць, гаспадыні трацілі не адзін дзень. А трэба ж і ў полі папрацаваць, і скаціну дагледзець. Не дзіўна, што выраблялі рухаўскія дываны ўсёй сям’ёй. Баць­ка рабіў раму, нацягваў палатно, маці рыхтавала салому, фарбавала, а пасля і малыя падключаліся. Пад наглядам дарослых разгладжвалі кожную саломінку прасам, наклейвалі на газету, выразалі ўзоры. Працавалі звычайна ноччу, а каб цікаўныя суседзі не звярталі ўвагі на святло ў хаце, вокны занавешвалі посцілкамі. 

У 90-я гады заводскія дываны пачалі выцясняць «канкурэнтаў з Рухава». Паводле слоў Вольгі Давыдкінай, шэдэўры з інкрустацыяй саломкай апынуліся на гарышчах – гэта ў лепшым выпадку: 

– Старыя дываны мы знахо­дзілі ў пакінутых дамах, многія былі пад’едзены пацукамі. На шчасце, Марыя Русаковіч падарыла нам дыван у выдатным стане, а сабе зрабіла новы. Акрамя таго, супрацоўнікі нашага цэнтра ўзялі некалькі майстар-класаў у жанчыны і цяпер далучаюць да гэтай справы маладое пакаленне. Сёння ў раёне дзейнічаюць два дзіцячыя гурткі па вырабу дываноў, і жадаючых займацца адраджэннем мясцовых традыцый с кожным годам усё болей. 

Каб падаць заяўку на ўнясенне рухаўскіх дываноў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі Старадарожскага цэнтра рамёстваў падрыхтавалі вялікую колькасць дакументаў, фота- і відэаматэрыялаў. Усе яны знаходзяцца на разглядзе спецыяльнай Рады пры Міністэрстве культуры. 

Акрамя таго, плануе Вольга Давыдкіна зрабіць рухаўскія дываны яшчэ і брэндам Старадарожчыны – нароўні з тканымі ручнікамі і лялькай-старадаражанкай. Набыць дыван можна будзе ў сувенірнай краме пры цэнтры. Ідэя добрая, тым больш што зараз у модзе «ўсё натуральнае». Глядзіш, і рухаўскія дываны разыдуцца па ўсёй краіне і зноў стануць запатрабаванымі, як і паўстагоддзя таму… 

Прочитано 18 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Июнь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30  

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»