Вторник, 12 Июнь 2018 15:37

Заспявай са мной па-беларуску

Марына СЛІЖ

Яркія касцюмы, адметнае светлавое афармленне, гукі аркестра, кветкі, шчырыя ўсмешкі і святочны настрой, песні на роднай мове… Усё гэта – Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2018». Стаўшы візітоўкай горада, ён васямнаццаты год запар збірае пад сваім крылом гасцей з усяе краіны.

Змяніўшы за час правядзення чатыры пляцоўкі (адразу дзейства праходзіла на стадыёне, затым – на цэнтральнай плошчы горада, у Палацы культуры і, нарэшце, у летнім амфітэатры), фестываль не стаміўся ні здзіўляць, ні натхняць. Прысвечаны Году малой радзімы і 80-годдзю народнага артыста СССР і Беларусі кампазітара Ігара Лучанка, ён, як і заўсёды, парадаваў мноствам цікавых мерапрыемстваў, дагадзіўшы як ме­ламанам, так і аматарам паэзіі, тэатралам. 

«Сцэна – гэта маё»
Штогадовая культурная падзея па традыцыі пачалася з Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, у якім прынялі ўдзел 20 юнакоў і дзяўчат з розных абласцей краіны. Міншчыну на ім прадстаўлялі Марыя Субач з Маладзечна, Яўген Доліч з Чэрвеня і Злата Ларчанка з Дзяржынска.

– Для пачынаючых талентаў гэта не толькі шанс заявіць пра сябе, але і магчымасць прэзентаваць культуру роднай зямлі, – сказаў падчас конкурсу народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра і адначасова старшыня журы Міхаіл Фінберг. Маэстра зазначыў, што наша насельніцтва стала з большай павагай ставіцца да беларускай мовы і беларускай песні. 

Родная мова, сапраўды, гучала практычна на ўсіх канцэртных пляцоўках горада. На ёй міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар агучваў віншавальны адрас удзельнікам фестывалю ад імя Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, а вядучыя – адкрывалі само мерапрыемства і называлі пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў, па выніках якога, дарэчы, першае месца заняла прадстаўніца Мінскай вобласці Злата Ларчанка.
Дзяўчына родам з Дзяржынска і зараз вучыцца ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Кажа, што спявае з чатырох год, а першым сваім, так бы мовіць, музычным кіраўніком лічыць бацьку, які шмат і з ахвотай з ёй займаўся. 

– Я і баялася, і хвалявалася, і адначасова верыла ў перамогу, бо разам са сваім выкладчыкам прыклала ўсе свае сілы для таго, каб трапіць у лік лепшых, – прызналася Злата. – Затое цяпер дакладна ведаю: сцэна – гэта маё!
Другое месца ў Аліны Чыжык з Гродзенскай вобласці, трэцяе – у Дзяніса Чуракова з Магілёўскай. Гран-прын конкурсу не прысуджалася.

«Мелодыя лёсу» 
Ганаровым госцем фестывалю стаў у гэтыя дні народны артыст СССР і Беларусі кампазітар Ігар Лучанок, творы якога падчас музычнага форуму выканалі музыканты і спевакі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. 

«Бераг юнацтва», «Зачараваная», «Брыганціна», «Жураўлі на Палессе ляцяць» – вядомыя і ўжо колькі год папулярныя песні – падхопліваў увесь амфітэатр. На ўсіх дзялілі і радасную навіну аб прысваенні Ігару Міхайлавічу звання ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці. Дыплом, пасведчанне і памятную ленту ўручыў віноўніку ўрачыстасці намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Сірэнка. 

– Многія песні кампазітара сталі, па сутнасці, нацыянальным гімнам, – зазначыў ён. – Без іх проста немагчыма ўявіць нашу сцэну, эстраду і вось гэты фестываль. 

Дарэчы, мерапрыемствы такога кшталту, па словах намесніка старшыні аблвыканкама, служаць справе захавання і развіцця самасвядомасці нашага народа. Беларуская мова, нацыянальныя музыка, песні, вершы пацвярджаюць, што мы жывём, працуем у незалежнай, прыгожай, квітнеючай краіне, памятаем пра свае карані і імкнёмся да ўзбагачэння духоўнай спадчыны.

Тэрыторыя творчасці
Не ў меншым захапленні засталіся і маладзечанскія тэатралы, якія за фестывальныя дні змаглі паглядзець два спектаклі. Адзін з іх – «Кар’ера доктара Рауса» – прывезены ў горад Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі. У п’есе расказваецца аб пакутах Скарыны ў яго нялёгкай справе кнігадрукавання. З другім у фестывалі ўдзельнічаў Мінскі абласны драматычны тэатр. Гледачы ўбачылі іранічную меладраму па твору Аляксея Дударава «Вечар» – шчырую гісторыю трох жыхароў вёсачкі, вымушаных дажываць у адзіноце. 

А вось да чароўнага свету паэзіі маладзечанцы і госці горада далучыліся ў гасцёўні «Малая радзіма – пачатак мой і выток», а таксама на паэтычнай пляцоўцы «Беларусь – мая зямля, мая Радзіма», дзе адбылася іх сустрэча з беларускімі паэтамі, дзеячамі культуры і мастацтва Беларусі.

Сёння нават цяжка падлічыць, колькі цікавых і змястоўных мерапрыемстваў прайшло ў межах фестывалю. На працягу двух дзён горад таньчыў, гандляваў, маляваў, забаўляўся на дзіцячых і маладзёжных пляцоўках, радаваўся сонцу і цяплыні. І толькі суботнім вечарам, калі на райцэнтр абрушыўся «Маладзечанскі зорапад» (канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады), крышку засумаваў ад таго, што ўсё добрае вельмі хутка заканчваецца.

Наступнага фестывалю, які сёлета, дарэчы, справіў сваё паўналецце, давядзецца чакаць зноў. А вось інтэрв’ю з пераможцай Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Златай Ларчанка можна будзе прачытаць у пятнічным нумары нашай газеты.

Прочитано 42 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Июнь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30  

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»