Пятница, 03 августа 2018 13:54

Мелодыі мядоцкага краю

Алёна ДРАЗДОЎСКАЯ

Больш за 20 год на базе Мётчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад – сярэдняя школа» Барысаўскага раёна існуе заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт «Берагіня». Гэта першы ў краіне досвед сістэмнага выхавання сельскіх школьнікаў сродкамі традыцыйнай культуры. Кіраўнікі гурта – Мікалай Козенка і Антаніна Абрамовіч, кожны са сваім стылем выкладання. У падыходзе да вучняў акцэнт робяць на разняволенне, імправізацыю. Хоча дзіця тупнуць нагой у танцы або пляснуць у ладкі , як яго душа просіць, сэрца падказвае, – на здароўе. Галоўнае, каб усё было шчыра.

Дзве «Берагіні» – родныя сёстры
Размову падчас сустрэчы па­чынаем з прыемнага  – перамогі калектыву ў фестывалі фальклорнага мастацтва з аднайменнай назвай «Берагіня».

– Увесь мінулы навучальны год рыхтаваліся і да пацвярджэння звання «заслужаны», і да ўдзелу ў конкурсных праектах ужо X рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня». З 1998-га ён праводзіцца ў г. п. Акцябрскі Гомельскай вобласці, – пачаў размову Мікалай Аляксеевіч. – Сёлетні сабраў больш за 800 удзельнiкаў дзіцячых фальклорных і аўтэнтычных гуртоў розных рэгіёнаў Беларусі і замежжа.

Такога маштабнага фестывалю, дзе ўсё было б арыентавана на этнічнае выхаванне дзяцей і моладзі, на аўтэнтычную культуру малой радзімы, сёння няма ў свеце.

– Мадэлі фестывалю, заснавальнікам якога з’яўляецца Мікола Козенка, – працягвае Антаніна Абрамовіч, – распрацоўваліся на базе «Берагіні» мядоцкай і распаўсюджваліся па ўсёй краіне. Абедзве «Берагіні» – родныя сёстры. 

Мётчанскія выхаван­цы заўсёды дастойна прадстаўляюць традыцыйную культуру сваёй малой радзімы. Не стаў выключэннем і гэты год. 

– У праекце «Турнір фальклорных калектываў» наш калектыў стаў лаўрэатам І ступені. У конкурсе танцавальных пар – выканаўцаў народных побытавых танцаў Аляксей Кавальчук і Аляксандра Гірына заваявалі дыплом ІІ ступені, Іван Гузан і Вольга Якавец – дыплом фіналістаў, – з гонарам расказвае Мікалай Аляксеевіч. 

Адзначана дыпломам ІІ ступені Аляксандра Гірына, Таццяна Абрамовіч і Настасся Сасуноўская атрымалі дыпломы фіналістаў. У конкурсе апавядальнікаў народнай прозы «Несцерка» Максім Міхайлаў стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені. Найлепшыя выканаўцы калектыўнага імправізаванага танца «Індык» – Кірыл Ку­дзін, Аляксей Кавальчук, Іван Гузан.

Крысціна Захарава і Аляксей Кавальчук сталі пераможцамі ў конкурсе даследчых прац краязнаўчага кірунку. 

IMG 0001

У экспедыцыю  – па песню
Тут не існуе адбору з улікам прыродных задаткаў, кожнае дзіця можа знайсці магчымасць для самавыяўлення. І самабытныя народныя касцюмы яны робяць сваімі рукамі. Калектыў мётчанскай «Берагіні» працуе па спецыяльна распрацаванай праграме, у аснове якой даследаванне, вывучэнне і захаванне ўзораў мясцовага фальклору, дзеля чаго право­дзяцца этнаграфічныя экспедыцыі да носьбітаў народнай культуры ў вёскі мядоцкага краю. 
– Неаднойчы мы наведваліся да Аўгінні Іванаўны Грук у вёску Селішча, што за шэсць кіламетраў ад Мётчы, – згадвае Антаніна Абрамовіч. – Яна вучыла нас танцаваць, спяваць старадаўнія песні, расказвала казкі... Мы сабралі ўнікальны фальклорны матэрыял, які ўвайшоў у рэпертуар нашага калектыву і стаў асновай даследчых прац берагінцаў.

Дзякуючы калектыву мядоцкі край вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім і далёкім замежжы. Творчыя напрацоўкі калектыву леглі ў аснову мастацка-адукацыйных праграм, якія ўваходзяць у склад нацыянальных адукацыйна-культуралагічных праектаў.

Неаднойчы была на выступленнях мядоцкай «Берагіні». Дзеці спяваюць, ла­дзяць народныя гульні, расказваюць казкі. А як музыкі зайграюць – на цымбалах, на гармоніку – цяжка ўседзець на месцы. І адчуваеш асаблівы гонар, што завешся беларусам.

Мікалай Козенка:
– Хацелася б, каб нашы пректы падтрымала і мясцовае кіраўніцтва.Кожны год звяртаюся ва ўпраўленне па адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама з ініцыятывай праводзіць раённы конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў сярод школьнікаў, а таксама раённага фестывалю дзіцячага фальклорнага мастацтва падчас традыцыйнага рэспубліканскага праекта «Фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». Пакуль – безвынікова. Дзейнасць нашага калектыву – выдатная форма патрыятычнага выхавання асобы. Праз традыцыі, праз усё найлепшае, што набыта ў народнай творчасці, перадаецца моладзі павага, любоў да Айчыны. У Год малой радзімы можна было б звярнуць увагу на мае прапановы, – гаворыць Мікалай Аляксеевіч.

Прочитано 254 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Ноябрь 2014 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»