Пятница, 07 сентября 2018 16:02

«Самагоначка-сястрыца...»

Игорь ГОНЧАРУК

Вырабляць нельга, спажываць можна:  парадоксы папулярнага напою.

Яшчэ зімою з вёскі разам з салам і каляднымі каўбасамі перадалі бутэльку самагонкі. Як чалавек не надта пітушчы паставіў яе да лепшых часоў у лядоўню.

До-о-ўга яна там сумавала! Але неяк ўвечары «міма праязджалі» ўніверсітэцкія сябры, якім надта ж карцела пабачыцца. Так што нагода дастаць прыхаваную пасудзіну з’явілася. Праўда, напачатку пасаромеўся яе выцягваць – прапанаваў змесціва хатняга бара. Ён, вядома, не роўня бару ў якім-небудзь «Хілтане», але сёе-тое мелася, у тым ліку і з замежных напояў. Дарма! Просценькая бутэлька, беражліва запхнутая самаробным коркам, аднагалосна была абрана «хэдлайнерам» сяброўскай сустрэчы.

– Натурпрадукт! – узяўшы чарку, канстатаваў Валянцін. Ён не тое каб аматар па частцы «кульнуць», але, дзякуючы багатаму журналісцкаму вопыту, чалавек дасведчаны. Дрэнь не пераносіў.

– Не кажы! – падтрымаў яго Арцём, чапляючы відэльцам храбусткую квашаную капусту, якая вельмі дарэчы незадоўга да імпрэзы трапіла ў лядоўню звыклым гуманітарным шляхам з вёскі.

– Беларусы хіба дурныя? Абы што піць не будуць, – каўтнуўшы яшчэ адзін кілішак ледзяной вадкасці, безапеляцыйна заявіў Сяргей.

– Кажаш, беларус не скаціна – самагонку на ваду ніколі не прамяняе? – зарагатаў Валік.

– Вось вы мне скажыце, – не стрываў я. – Чаму ўсе за гэтага «сэма» ўчапіліся? Хіба іншага чаго няма? Самагонка, самагонка – цьфу ты!..

І тут такое пачалося! Як у тым анекдоце: «слова за слова – і атрымаў заяц па пысе». Так і цяпер: счапіліся не на жарт. Гарачыя дыялогі і пераканаўчыя маналогі былі вартыя лепшых тэатральных падмосткаў Да «пысы», вядома ж, справа не дайшла. Усе ж сябры мае – людзі інтэлігентныя, ісціну шукаюць у добразычлівай палеміцы ды прыязнай балбатні, а не з дапамогай кулака. Дый што тая бутэлька для чатырох здаровых мужыкоў?! Так, пасмакавалі пакрысе, успамінаючы юнацкія гады, як той казаў... Але, насамрэч, што за жарсці вакол самагонкі і нейкай незразумелай, на першы погляд, адданасці беларусаў гэтаму алкагольнаму напою?

Пра гэта думаў я зранку, едучы, бадзёры і свежы, як хмыз пад дажджом, на працу. Успомнілася вясковае дзяцінства на Гродзеншчыне і мужыкі, што зрэдку ўпотайкі ад жанок збіраліся «на талаку» ля старога гумна, якое стаяла наводшыбе. Кожны нешта прыносіў з сабой: хтосці – шматок сала ці лусту кумпяка, хтосьці – цыбуліну і гуркі, якую памідорыну… Камусьці выпадала чарга – і тады з кішэні штаноў «пастух» урачыста выцягваў бутэльку. Крый божа, якую «цукроўку» ці – яшчэ горш! – магазіннае «Яблычнае»! Такі нумар у кампаніі, мякка кажучы, не ухваляўся. Вяскоўцы былі гурманамі і ўжывалі выключна хатнюю хлебную, «здаровую» гарэлку. Нам, падшыванцам, давяралі стаяць на варце. За гэта мы мелі сёе-тое з імправізаванага стала і магчымасць падслухаць дарослыя размовы. Галоўная небяспека зыходзіла, вядома ж, ад уласных жонак. Але тыя, відаць, усё ж разумелі, што іхнім гаспадарам трэба зрэдку церціся ў выключна мужчынскім коле. Балазе ніхто не напіваўся. Таму выпадкі, калі «кафэ зачынялася» ў прымусовым парадку, можна пералічыць на пальцах.

Любімая тэма тых размоў – як жылося за польскім часам. Дзед Санька казаў, што Саветы распусцілі людзей, а пры Польшчы, напрыклад, за самагонаварэнне можна было ў турму трапіць. Усе дружна смяяліся, бо добра ведалі: самагонка ў жвавага дзядка хвацкая. Грашыў ён гэтай справай віртуозна. Хата старога стаяла ў канцы вёскі, і ён спецыяльна чакаў ветру, каб ні да чыйго цікаўнага носа не дацягнуўся саладжавы пах выпаранай бражкі. Участковы Міхалковіч, як ні рупіўся, так і не здолеў злавіць яго за руку…

Добра памятаю, самагонку гналі звычайна дзеля нейкай патрэбы. Скажам, на вяселле ці хаўтуры. Каб на продаж – такое было, хутчэй, выключэннем. Самагонных гандляроў у вёсцы не любілі. Цягаліся да іх пад покрывам цемры, як казалі ў нас, ужо «зусім прапашчыя». Іншыя вяскоўцы грэбавалі. Бо гэта лічылася не толькі непрыстойным, але і небяспечным: танным «чэмергесам» можна было атруціцца. Выпадкова ці не, але менавіта сквапныя да лёгкай капейкі самагоншчыкі часцей за ўсё траплялі ў міліцэйскія сеткі.

Міліцыя, дарэчы, з нелегальным алкаголем змагалася досыць паспяхова і трымала працэс пад кантролем. Участковага Міхалковіча паважалі і баяліся як агню. Ведалі: за бражку і самагонны апарат літасці не будзе.

Цяпер усведамляю, што тагачасныя ўлады на сёе-тое заплюшчвалі вочы, падыходзілі да гэтай праблемы часам з разуменнем, па-чалавечы. Нельга ж хуценька ўзяць ды прыбраць з жыцця тое, што ўсталёўвалася дзесяцігоддзямі, перадавалася ад дзеда ўнуку, захрасла не толькі ў свядомасці, але і ў душы. Такое стаўленне, як ні дзіўна, разам з настойлівай прапагандай цвярозага ладу жыцця спрыяла досыць паспяховай барацьбе з алкагольным злом.

Дзед Санька вельмі здзівіўся б, калі б мог пабачыць, што зараз  дзеецца на гэтым свеце. Маштабы незаконнага вырабу і збыту самагону, іншых спіртазмяшчальных напояў ўражваюць. Абласная міліцыя праводзіць спецыяльныя аперацыі, падчас якіх знаходзіць дзясяткі тон сурагатнага алкаголю. У крымінальных зводках раз-пораз з’яўляецца інфармацыя са знакамітага маладзечанска-вілейска-валожынскага трохкутніка, які даўно займеў сумніўную славу на Міншчыне.

Самагоншчыкаў вышукваюць дронамі, бязлітасна трушчаць апараты і прыстасаванні для вытворчасці «карчоўкі», «пушчанкі», «старадарожскай» і іншых мясцовых «брэндаў». Аднак такое ўражанне, што нашы доблесныя праваахоўнікі змагаюцца з ветракамі, бо характэрны пах усё яшчэ плыве над балотамі і ў лясных гушчарах. Не там, дык у іншым месцы...

На маю думку, з нелегальнымі вытворцамі трэба змагацца любымі сродкамі. Яны нясуць шкоду не толькі фінансавую для дзяржавы, але і для здароўя яе грамадзян, бо думаюць найбольш пра прыбытак, а не пра якасць сваіх вадкасцей. Магчыма, для іх замала адміністрацыйнай адказнасці, якая ў максімальным памеры складае 30 базавых велічынь. Надышоў час разгледзець пытанне аб крымінальнай адказнасці.

Але... Чаму б паралельна не пракласці яшчэ адзін шлях? Успомніце, хто першы на Беларусі дамогся афіцыйнага дазволу на выраб самагону? Правільна, тры ці чатыры турыстычныя фірмы (у тым ліку ў Белавежскай пушчы), якія гналі яго на пачастунак для сваіх гасцей. Як ні круці, мясцовыя алкагольныя напоі – прыцягальная адметнасць для турыстаў. Зразумелі гэта і на адным з гродзенскіх заводаў, пачаўшы ўпершыню выпуск беларускай самагонкі па старадаўняй тэхналогіі ў прамысловых маштабах.

Дык, мо, розныя  «пушчанкі» ды «карчоўкі» таксама варта вылучыць з разраду выключна крымінальных напояў? Зрабіць так, каб вытворчасць іх была выгадная для дзяржавы і для людзей, каб выконваліся пэўныя стандарты якасці. Пры граматным падыходзе адназначна зменшыцца попыт на нелегальны алкаголь, што нанясе непапраўны ўдар па самагоншчыках.

Калісьці, дарэчы, на Беларусі гарэлку не ўжывалі ў чыстым выглядзе. Сярод шляхты былі папулярны наліўкі і настойкі. Ці не кожны шляхціч меў уласную вінакурню. Па адмысловых рэцэптах  з мясцовых ягадаў, садавіны і траваў выраблялі фірмовыя напоі. Так што гісторыя пры жаданні многаму можа навучыць...

Вядома ж, ужыванне алкаголю, п’янства – гэта не тое, чым варта замілоўвацца, і ніхто гэтага не робіць. Але будзем рэалістамі. Жывём мы пакуль не ў грамадстве суцэльнай цвярозасці, да чаго, безумоўна, трэба імкнуцца дзеля здароўя нацыі. А пакуль – калі піць, то не розную дрэнь. І, як сказаў адзін разумны чалавек, цвёрда ведаць: дзе, з кім і колькі.

І гасцям той ці іншай мясцовасці, асабліва замежным, было б чымсьці адметным, непаўторным умацаваць свае ўражанні. Хай п’юць на здароўе, вязуць з сабою, даганяюць нас у сусветным рэйтынгу самых пітушчых краін!

Глядзіш – заадно пазбавіліся б яшчэ аднаго парадокса ў нашым жыцці: забаронена рабіць, але дазволена спажываць.

Прочитано 103 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Сентябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»