Пятница, 26 октября 2018 15:38

Сакрэт маладосці Рыгора Сарокі

Ігар ГАНЧАРУК

Маладзечанскаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу імя М.-К. Агінскага – 60, сімфанічнаму аркестру каледжа – 50, а нязменнаму дырэктару ўстановы, мастацкаму кіраўніку і дырыжору Рыгору Сароку... Зрэшты, нават дактары губляюцца, спрабуючы вызначыць пашпартны ўзрост вядомага педагога і музыканта, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, чыя праца адзначана ордэнам Францыска Скарыны.
Напярэдадні юбілейных дат «МП» сустрэлася з маэстра, які здзівіў нас шчырымі прызнаннямі і адкрыццём, вартым Нобелеўскай прэміі.

– Цікава, што вы таксама выпускнік каледжа...
– Скончыў яго ажно ў 1969 годзе. Адразу паступіў у Акадэмію музыкі на завочнае аддзяленне і працаваў – мяне пакінулі ў каледжы на выкладчыцкую працу. Так і застаўся тут...

У Акадэміі вучыўся на баяніста і дырыжора – атрымліваў дзве кваліфікацыі. Але мой педагог Аляксандр Піліпавіч Майзлер настолькі ўлюбіў мяне ў дырыжыраванне, што я хутка кінуў баян і поўнасцю пераключыўся на дырыжорскую працу.

Потым служба ў войску, з якой вярнуўся больш загартаваным – і як мужчына, і як музыкант.
Не губляў час дарэмна. Была магчымасць займацца на інструменце, бо служыў у музычным узво-
дзе. На апошнім годзе службы ўвогуле камандаваў аркестрам. Стварыў там і хор шыкоўны. Быў яшчэ і эстрадны аркестр. Я нават песні пісаў тады, іх выконвалі.

– Вось адкуль яно ўсё... Рыгор Сямёнавіч, чым розняцца тагачасныя і сённяшнія навучэнцы?
– Больш запешчаныя сёння дзеці, капрызныя, фізічна прайграюць сваім папярэднікам. Раней былі больш начытаныя. Сёння здзіўляешся інтэлектуальнаму ўзроўню некаторых маладых людзей. Яны не ведаюць элементарных рэчаў.

Але ў тым, што дзеці таленавітыя і што школы мастацтваў даюць добрую адукацыю, сумнявацца не выпадае. Таму і вялікі сімфанічны аркестр з такім багатым, разнастайным рэпертуарам паспяхова працуе ў нашым каледжы. Насамрэч шмат таленавітых дзяцей. Іх, дарэчы, не чакаючы прыёмных экзаменаў, шукаем самі.

Яшчэ вельмі важна вось што. Сённяшняя матэрыяльная база навучальнай установы – класы, аўдыторыі, інструментарый – непараўнальная з той, што была раней. Я імкнуўся «выбіваць» грошы. Вельмі шанцавала, што кіраўнікамі вобласці на маім вяку былі людзі, якія выдатна разумелі важнасць музыкі і культуры. Найперш хацеў бы згадаць Мікалая Фёдаравіча Дамашкевіча, Барыса Васільевіча Батуру, Сямёна Барысавіча Шапіру, Анатоля Міхайлавіча Ісачанку. Нам не адмаўлялі ў просьбах аб рэканструкцыі будынкаў установы, інтэрната, набыцці інструментаў. Зараз 80 працэнтаў інструментарыя, што мае каледж, – сусветнага ўзроўню.

– Па вашай ініцыятыве каледж носіць імя М.-К. Агінскага. Тут яму ўстаноўлены помнік і нават мемарыяльная дошка, копія той, што размешчана на доме ў італьянскай Фларэнцыі. Было прынцыпова для вас, каб навучальная ўстанова называлася імем гэтага славутага кампазітара?
– Асабліва цяпер разумею, як жа я меў рацыю! Відаць, само неба паслала гэтае імя. Міхал-Клеафас Агінскі – сусветна вядомы майстар дробнай музычнай формы. Ён напісаў мноства мазурак, рамансаў і, безумоўна, паланэзаў.

Толькі іх вядома 28, найбольш знакаміты – «Развітанне з Радзімай». Як кампазітара і грамадскага дзеяча яго ведаюць і паважаюць у многіх краінах. Пры гэтым яго асоба звязана з нашым рэгіёнам. Ён насіў тытул «Граф маладзечанскі».Тут Агінскі адкрываў музычныя класы пры маладзечанскім палацы, набываў інструменты для маладых музыкантаў-пачаткоўцаў. Я шукаў менавіта такую асобу...

Трэба сказаць, што род Агінскіх шмат чаго добрага зрабіў на беларускай зямлі. Гэта былі людзі-стваральнікі, якія не прагульвалі сваё багацце, а падтрымлівалі развіццё адукацыі і мастацтваў – тым самым пакінулі вялікі след у гісторыі.

– Сімфанічны аркестр каледжа мае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Ягоны высокі творчы ўзровень прызнаны на Радзіме і за мяжой выбітнымі дзеячамі музычнага мастацтва і, безумоўна, гледачамі. Не «цесна» яму ў Маладзечне?
– Калі б мы не выязджалі на вялікія сцэны ў Маскву, Санкт-Пецярбург ці ў Талін альбо Варшаву і гэтак далей, то, напэўна, было б цесна. Гарадок малаваты для нашых шалёных праектаў. (Смяецца.) Але ведаеце, як я вырашыў? Варта, безумоўна, бачыць свет, аднак жыць буду тут. У мяне няма ніякай радні нідзе. З нашай сям’і ўсе аселі тут. І гэта – мой гонар! Іншыя хваляцца, што дзіця ў Амерыцы, па скайпу гуляюць са сваімі ўнукамі... А ўсе мае дочкі – са мной, пляменнікі і ўнукі таксама. Я навучыў іх таму, у чым сам глыбока перакананы. Шчаслівым па-сапраўднаму можа быць чалавек, які мае Радзіму.

– Пра вашу творчую няўрымслівасць ужо ходзяць легенды. Адна ідэя паставіць оперу ў Маладзечне чаго вартая! На правінцыяльнай, даруйце, сцэне... Не адчувалі сябе першапраходцам Калумбам?
– Гэта якраз тая сітуацыя, калі, аднойчы пабудаваўшы дом, наступным разам падумаеш ужо, ці варта зноў... Настолькі цяжка! Опера «Іяланта» – якіх высілкаў вымагае пастаноўка, пачынаючы ад аздаблення сцэны.

Але рады, што, замахнуўшыся на неверагоднае, зрабілі гэта і даказалі ўсім: оперны тэатр можа быць не толькі ў Мінску. Вельмі складана, але магчыма мець яго яшчэ хаця б у адным з абласных цэнтраў. Скажам, у Гродне ці Гомелі. Альбо ў Магілёве, дзе калісьці быў прыстойны сімфанічны аркестр.
На жаль, міністэрскія чыноўнікі пакуль не падхапілі гэтую ідэю.

– Вы ўзначалілі каледж (тады гэта было музычнае вучылішча) 38 (!) год таму. Не ведаю, ці ёсць яшчэ ў нашай краіне такі кіраўнік-доўгажыхар. Але ў тым, што ўяўляе сабой навучальная ўстанова сёння і ўвогуле музычна-культурнае жыццё ў Маладзечне, на Міншчыне, бясспрэчна, і ваша велізарная заслуга. Што дапамагае ісці такім уражваючым жыццёвым і творчым шляхам, якому многія пазайздросцяць?
– Я проста вялікі працаголік і жыву перапоўненым творчым жыццём. Некаторыя кажуць: ну калі ўжо ў яго скончацца ідэі? А я не паспяваю рабіць тое, што нараджае мая галава і душа.

Жыву ў вельмі хуткім тэмпе, разумеючы, што жыццё чалавечае надзвычай кароткае... Можа, і выглядаю не на свае гады… (Смяецца.) З-за таго, што маю пастаянную цікавасць да ўсяго і жаданне паспець зрабіць як мага болей. У калектыве пра мяне кажуць так: з ім цяжка, але не сумна.

Жыву з вялікай любоўю да нашай прыроды, родных мясцін, да сваёй сям’і.

І, канешне, з фантастычнай любоўю да музыкі – вялікай, сапраўднай. Часта кажу гледачам на канцэртах, што мы месяцаў на 6 падоўжылі ім жыццё. Бо сапраўдная музыка насамрэч найлепшыя ў свеце лекі для душы і цела.

Сям’ю, горшую ці лепшую, можа стварыць кожны чалавек. Як кажуць, нарадзіўся, распладзіўся і пайшоў у зямлю... Я не такі! Абагаўляю сваю сям’ю, але без прафесійнай самарэалізацыі я не быў бы шчаслівы. Адназначна! Не люблю выхадныя дні. Пра такіх, як я, словы з песні: «Трудовые будни – праздники для нас». (Смяецца.)

Але тыл, паразуменне ў сям’і надзвычай важныя. Мы са Святланай – сябры і аднадумцы, паплечнікі. Тыя ж оперныя спектаклі без Палаца культуры, які яна ўзначальвае, не змог бы паставіць.

– Юбілеі заўсёды схіляюць да нейкіх разважанняў. Што хацелі б сказаць?
– Зрабіўшы вельмі шмат дзеля таго, каб каледж стаў менавіта такім, які ён ёсць сёння, маю спа-
дзеў, што ўстанова не страціць свае пазіцыі і аўтарытэт.

– Неяк крыху песімістычна гучаць вашы словы...
– Не-не, гэта я пра далёкую будучыню. (Смяецца.) А што да сённяшняга дня, то, як сказаў паэт, «хвалу и клевету приемли равнодушно» і вызначай арыенціры дзеля руху наперад. Бо, спыніўшыся аднойчы, пойдзеш толькі ўніз.

– Дзякуй за размову!

Прочитано 98 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Ноябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30    

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»