Пятница, 30 ноября 2018 14:32

«Эц Хаім», «Адрывонж» і пушчанскія волаты

Марына СЛІЖ

Край лясоў пракаветных і вядомых людзей

Поўная таямніц Налібоцкая пушча, вежы старадаўніх цэркваў і касцёлаў, серабрыстыя ніткі хуткаплыннай Бярэзіны, ешыбот, палацава-паркавы ансамбль Тышкевічаў і Храптовічаў «Адрывонж». Усё гэта яна – Валожыншчына: цікавая, незвычайная, цалкам яшчэ нязведаная.


«Які куток раёна ні вазьмі – свая гісторыя, свой каларыт, свае адметнасці, – разважае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч. – Нямала цікавага можна ўбачыць і пачуць у Ракаве, Івянцы, Пяршаях. І ў Вішневе, былым мястэчку са сваім ганчарным прадпрыемствам, гарбарнай вытворчасцю, крамамі, аптэкай, якое стала калыскай для многіх вядомых людзей».

«Люблю наш край, старонку гэту»
З архітэктурных славутасцей на сённяшні дзень тут захаваліся старадаўні мураваны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, побач з якім б’е крынічка са святой вадой, царква Святых Касмы і Даміяна, дзе ўстаноўлены ўнікальны помнік у выглядзе звона, а яшчэ вытворчая зона, што ўключае некалькі фабрычных карпусоў ХІХ стагоддзя. Будынкі яе выкарыстоўваюцца ў гаспадарчых мэтах, таму турыстаў туды водзяць рэдка. І тым не менш краязнаўцы кажуць, што менавіта на гэтым месцы размяшчаўся ў свой час адзін з самых буйных і, магчыма, найстарэйшых металургічных заводаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы.

Цесна звязаны вішнеўскія мясціны і з імёнамі славутых людзей. Менавіта тут з’явілася на свет Уладзіслава Станкевіч, якая ў будучым стала жонкай беларускага песняра Янкі Купалы, гэтымі сцежкамі хадзіла Канстанцыя Буйло, паэтка, аўтар пранікнёнага верша «Люблю наш край, старонку гэту». 

Шмат гадоў служыў у населеным пункце і айцец Уладзіслаў Чарняўскі. Святар, які пераклаў на беларускую мову Новы Запавет і быў адным з нямногіх ксяндзоў, што славілі на ёй Пана Бога.

Знайшоў свой спачын на гэтай зямлі славуты дзеяч беларускай культуры, вядомы ў Еўропе асветнік і гуманіст Сымон Будны, які доўгі час працаваў у Лоскай друкарні, вёска тая таксама знаходзіцца на тэрыторыі Валожынскага раёна, і менавіта там у 1574–1575 гадах выдаў Новы Запавет з прадмовай і каментарыямі. 

І са свайго калодзежа напіцца
Сваім тут лічаць і Шымона Перэса, якога мясцовыя памятаюць як Сёму Перскага. У Палесціну разам са сваімі блізкімі ён пераехаў у 11 гадоў. Вырас у Тэль-Авіве, стаяў ля вытокаў Дзяржавы Ізраіль. Двойчы станавіўся прэм'ер-міністрам, узначальваў міністэрствы абароны, фінансаў, сувязі, знешнепалітычнае ведамства, МУС. Не забываў і пра Беларусь.

6

Першы раз ён наведаў краіну ў 1998-м, калі быў прэм’ер-міністрам, другі ў 2004-м – ужо ў ролі міністра замежных спраў. Завітаўшы на Валожыншчыну, адразу ж знайшоў месца, дзе стаяў іх дом, вельмі быў рады, што застаўся на сядзібе калодзеж, з якога з задавальненнем напіўся. 

Са слоў мясцовых людзей, да вайны ў Вішневе жыло шмат яўрэяў. Адны кажуць – тысячы дзве, другія сцвярджаюць – больш. Месца хапала ўсім. Дзеці вучыліся ў адной школе, дарослыя разам спраўлялі святы. Галава сям’і Перскіх – Ісаак займаўся скупкай піламатэрыялаў, якія пасля мяняў на іншыя тавары. Маці будучага прэзідэнта, Сара, была бібліятэкаркай і настаўніцай.

У 1930 годзе Перэс-старэйшы эмігрыраваў у Палесціну. Справы ў яго там пайшлі добра, і з цягам часу ён змог забраць да сябе сям’ю. Сёма разам з маці і малодшым братам паехалі да бацькі ў 1933 годзе. І гэтым уратаваліся. Бо ўсе іх сваякі, а таксама многія знаёмыя, што засталіся ў мястэчку, у 1941 годзе загінулі. У тым ліку і дзед Шымона Перэса па лініі маці – равін Мельцэр.

«Беларускі дудар» і паўночныя Афіны
Цесна пераплецены з цяперашняй Валожыншчынай і лёс выдатнага беларускага пісьменніка, драматурга, асветніка і тэатральнага дзеяча Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які 44 гады пражыў у маёнтку Люцынка. Ён фінансаваў школу, у якой пачатковую адукацыю атрымаў літаратар Ядвігін Ш., яго сіламі быў створаны тэатр. Але галоўнымі ўсё ж былі і застаюцца творы пана Вінцэнта, якога нашчадкі ахрысцілі «дударом беларускім».

Сярод памешчыкаў таго часу вылучаліся браты Здзяхоўскія, што трымалі вінакурны завод у Паморшчыне і лесапільню ў Міхалове. Не прайшла міма іх і такая навінка навукова-тэхнічнага прагрэсу, як тэлефон. Абсталяваная імі тэлефонная лінія была адной з першых на Беларусі. 

Менавіта па запрашэнні Мар'яна і Казіміра Здзяхоўскіх у 1908 годзе Ракаў наведала ўжо вядомая на ўсю Еўропу польская пісьменніца Эліза Ажэшка, назваўшы гэтыя мясціны паўночнымі Афінамі.

Гісторыя ў цэнтры горада
Знаўцы сцвярджаюць, што Валожын – практычна адзіны на Беларусі горад, у цэнтры якога захаваліся адразу некалькі гістарычных помнікаў першай паловы ХІХ стагоддзя. Сярод іх палацавыя пабудовы графа Тышкевіча, касцёл Святога Юзафа ў строгіх формах класічнай архітэктуры Старажытнай Грэцыі, а таксама будынак ешыбота, дзякуючы якому ціхі і ўтульны райцэнтр ведаюць і ў Ізраілі, і ў ЗША. 

8

Ешыбот, альбо «Эц Хаім», узнік у 1803 го­дзе па ініцыятыве віленскага гаона Іліі, які даручыў заснаваць установу для выкладання Талмуда паводле новага метаду свайму лепшаму вучню Хаіму Валожынскаму (Хаім Нахман Бялік), які ў Валожыне меў сваю мануфактуру – воўнапрадзільню. 

Пад кіраўніцтвам равіна Хаіма ў вышэйшай духоўнай школе спачатку навучалася каля дзясятка юнакоў. Заможны настаўнік дбайна клапаціўся пра патрэбы слухачоў. Слава пра навучальную ўстанову імкліва распаўсюджвалася, неўзабаве сюды пачала з'язджацца моладзь з розных куткоў свету. Тады гаспадар ешыбота звярнуўся да розных абшчын, каб аказалі пасільную падтрымку. На сабраныя ахвяраванні неўзабаве быў узведзены драўляны будынак. А пазней пабудавалі трохпавярховы мураваны, бібліятэку. 

«Афіцыйна годам закрыцця ешыбота лічыцца 1892-гі, – расказвае дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая. – Але ёсць звесткі, што нават калі Валожыншчына знаходзілася ў складзе Польшчы, па горадзе хадзілі людзі ў чорных балахонах і шырокіх капелюшах, з пэйсамі. А гэта значыць, што ешыбот неафіцыйна працягваў дзейнічаць ажно да пачатку вайны з Германіяй, хаця ўжо і не меў такога статусу, як раней».

У краі Налібоцкай пушчы
Яе можна па праву назваць лясной жамчужынай не толькі Міншчыны – усёй Беларусі. Налібоцкая пушча – самы вялікі лясны масіў у рэспубліцы і ўсёй Усходняй Еўропе – цэлая краіна, большая па плошчы за Ліван ці Кувейт.

Яе абшары – унікальны суцэльны масіў балот і розных па тыпалогіі лясоў, у тым ліку дуброў і грабнякоў, дзе можна знайсці звыш тысячы відаў сасудзістых і мохападобных раслін, 30 з якіх з’яўляюцца рэдкімі і знікаючымі. Налібоцкая пушча аб’яўлена Ключавой батанічнай тэрыторыяй Еўропы і ўваходзіць у экалагічную сетку кантынента. Тут вызначана 35 пазваночных жывёлін, занесеных у Чырвоную кнігу, у 1994 годзе сюды прывезлі з Белавежскай пушчы зуброў, і яны змаглі прыжыцца на сваёй гістарычнай радзіме.

Практычна кожныя выхадныя Налібоцкая пушча прымае турыстаў, якія любяць паблукаць па экалагічных сцежках, пазнаёміцца з ляснымі насельнікамі альбо проста прыняць удзел у ранішніках для дзяцей і дарослых пад шатамі векавога лесу ў навагоднія дні і на Каляды. 

Прочитано 67 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Декабрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31            

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»