Суббота, 02 августа 2014 03:00

На Iллю - у Iлью

Рубрика
На Iллю - у Iлью Фота Анатоля Басава
Марина СЛИЖ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

У аграгарадку Ілья сёння фэст. З усёй акругі з’ехаліся ў былое мястэчка людзі, каб памаліцца ў мясцовай царкве ў гонар святога прарока Іліі, аддаць яму даніну павагі. У старэнькім, пабудаваным яшчэ ў 1828 годзе храме плячо ў плячо стаяць людзі сталага веку, моладзь, школьнікі. У намоленым, святым месцы ўсім ім не проста хораша і ўтульна. Тут адпачывае і адначасова ачышчаецца душа.

Мясцовыя вернікі кажуць, што за час свайго існавання царква не зачынялася ні разу. Здолела адцягнуць яна ад сябе ўвагу і ў 1950-я гады, калі вялася жорсткая і непрымірымая барацьба з рэлігіяй. Новы храм разабралі, яе — пакінулі. Напэўна, палічылі, што драўляны будынак раз’едзецца, рассыплецца сам. А святыня выстаяла. Каб несці людзям веру, каб услаўляць святога прарока Ілію.

Паводле старазапаветных кніг, ён нарадзіўся ў Фесвіі Галаадскай у родзе правіцеля Левііна за 900 год да ўзнікнення хрысціянства. Імя Ілія ў перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы азначае "апора Божая", "крэпасць Божая". Нашы продкі з асаблівай павагай ставіліся да ўшанавання памяці святога. Першая царква ў Кіеве пры князю Ігару была пабудавана менавіта ў імя прарока Іліі. Звязана з ім і вялікая колькасць прыказак і прымавак, у якіх асэнсоўваецца гаспадарчая дзейнасць чалавека на гэтую пару і змены, што адбываюцца ў прыродзе. "Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Ілля — апала два, а там і восень — вось і я", — дзеліцца сваімі назіраннямі 92-гадовы жыхар аграгарадка Ілья, што ў Вілейскім раёне, Аляксандр Пятровіч Шушкевіч. У населеным пункце пра яго гавораць як пра дбайнага, стараннага гаспадара, у якога заўсёды быў парадак як у доме, так і двары. 2 жніўня 2014 г.

"Я нейкі час кватаравала побач з Пятровічавай сядзібай, — расказвае мастацкі кіраўнік Ільянскага Дома культуры Ірына Івашанка, — і заўсёды здзіўлялася яго спрыту і ўвішнасці. Людзі яшчэ збіраюцца ісці на сенажаць, а ён ужо адтуль дадому шыбуе. Народ думае, пачынаць капаць бульбу ці не, а ў яго ўжо на полі мяшкі, бы салдаты, стаяць. А які парадак у двары быў! Мухі і тыя ў тапачках ляталі!"

Аляксандр Пятровіч слухае, усміхаецца. У знак згоды ківае галавой. Маўляў, усё было, усё ўмеў, ды старасць знянацку заспела. Ён і цяпер, здаецца, стаў бы за плуг, узяў у рукі пілу, сякеру. Ды ногі падводзяць.

"У пазамінулым годзе я яшчэ хадзіў на фэст у царкву, — расказвае мужчына. — Летась ужо не адважыўся. А так хочацца бліжэй да людзей! Дом жа пусты. У ім толькі я і нябачная адзінота, з якой і размаўляю, і раюся".

Нарадзіўся Аляксандр Шушкевіч у Ільі. Кажа, пупавіна яго закапана за вуліцай, дзе некалі стаяла невялічкая хатка бацькоў. Там і вырас, адтуль пайшоў у першы клас польскай школы, пасля заканчэння якой быў досыць адукаваным па тым часе чалавекам. На фронт, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яго не ўзялі з-за хваробы спіны. Працаваў дома, па гаспадарцы. І, як і ўсе аднавяскоўцы, чакаў вызвалення.

"Як немцаў выгналі, адразу ж уладкаваўся бухгалтарам у Ільянскае лясніцтва, — успамінае Аляксандр Пятровіч. — А пасля ўзяў ды ўступіў сваё месца будучай жонцы, якая прыехала ў нашы мясціны ажно з Харкаўскай вобласці. Працаваў памочнікам ляснічага, майстрам смолзавода, без адрыву ад вытворчасці закончыў тэхнікум. Работу любіў, і яна мяне таксама знаходзіла. Ні хвіліны не мог сядзець без справы. У гаспадарцы былі і карова, і конь. Трактар свой меў, добры гарод, пчальнік".

Вуллі стаяць у садзе па сённяшні дзень. Узяўшы ў рукі кавеньку, гаспадар любіць пахадзіць, паназіраць за крылатымі працаўніцамі. Кажа, што Ільін дзень можа стаць добрым часам у пошуку новага месца для пчальніка. Але калі рой з’явіцца на свет пасля 2 жніўня, будзе ненадзейным. Трава скошана, сады адкрасавалі, і малады рой не здолее назбіраць патрэбны запас на зіму.

Ад гэтага дня лета і сапраўды паступова пачынае ўступаць месца восені: "Ілля лета канчае", "На Іллю да абеду лета, пасля абеду восень". А яшчэ кажуць, што з Ілліна дня вада ўжо непрыдатная для купання, бо ў яе, паводле павер'я, памачыў рогі ці ногі алень, апусціў капыты конь Іллі-прарока ці сам Ілля кінуў кавалачак лёду. "А што можаце сказаць наконт прыкметы "Ілля наробіць гнілля", — пытаюся ў доўгажыхара. "Згодны, — смяецца ён, — але не цалкам. Бо год на год не прыпадае. Калі лье як з вядра, калі суха. А найчасцей бывае так: раніцай дождж, а пасля паўдня цёпла і сонечна. Альбо наадварот". Дзесьці чытала, што жнівеньскія ліўні з бясконцымі маланкамі, якія часцей пачыналіся на Іллю, нашы продкі называлі "рабінавымі днямі (начамі)". Тады падумалася: чаму? Ідучы шырокай, прыгожай вуліцай аграгарадка, залюбавалася разгалістай рабінай, гронкі якой толькітолькі пачалі налівацца чырванню. "Ці не ты віноўніцай таму?" — пагладзіла дрэўца па кары. І зразумела, што яму таксама горача.

"Летась канец ліпеня, як і сёлета, быў спякотны", — узгадвае культработнік Ірына Івашанка. А на само свята быццам бы імжэў дождж, які ніколечкі не сапсаваў настрой мясцовым жыхарам і шматлікім гасцям. Дарэчы, сёлета яго вырашылі зрабіць раённым. На Іллю ў аграгарадок з’ехалася ажно 8 калектываў мастацкай самадзейнасці. Працуюць атракцыёны, гандлёвыя рады, бойка прапаноўваюць сваю прадукцыю народныя майстры. Сцэну ўстанавілі ў парку побач з Домам культуры, у засені дрэў не так горача. Ну а калі раптам стане холадна, можна пагрэцца юшкай, якую знаўцы кухні вараць тут жа, на свежым паветры. На свята сабраліся ўсе месцічы, а таксама госці з іншых вёсак раёна. Субота — дзень выхадны. Больш таго, Ілля лічыцца шкадлівым святам, і ў гэты дзень яшчэ нашы бабулі і дзядулі, асцерагаючыся гневу прарока, здольнага наслаць на палі, дзе яшчэ не сабраны ўраджай, страшныя навальніцы з праліўнымі дажджамі, а таксама падпаліць скошанае сена, не працавалі. Жорстка каралі і тых, хто не падпарадкоўваўся гэтаму патрабаванню. Пасля службы ў царкве сваякі звычайна збіраюцца ў адной хаце, і, як калісьці у іх продкаў, пачынаецца "братчына", калектыўны абед. Бо прарок Ілля не толькі валадар дажджоў і навальніц, але яшчэ і заступнік ураджаю і ўрадлівасці, сейбіт, жнец і падавец выгод. Пра што пяецца нават у валачобных, жніўных песнях: "Ілляпрарок па межах ходзіць,/Жыта зажынае,/Ярыну налівае", "Ах і дай, Божа,/

Два Ілюшкі у годзе.../

Ілюшка і накарміў,/

І накарміў, і напаіў...".

Процьму іх ведае і мясцовая жыхарка Вікторыя Антонаўна Ярашонак. Нарадзілася яна ў 1925 годзе, у шматдзетнай сям’і. Сямёра дзетак было ў бацькоў, ды не паспелі яны ўсіх выгадаваць, вывесці ў людзі. Пасля іх смерці давялося самай малодшай, Вікторыі, пераехаць да старэйшай сястры ў вёску Бязводнае. Разам з ёю і жыла, вучылася жыццю. Там жа і замуж выйшла, ужо сваіх дзетак выгадавала. А калі зусім занядужала, забралі яе дзеці да сябе. Бабуля кажа, што жыць ёй у сям’і сына добра, бо нявестка — жанчына шчырая і клапатлівая. Валянціна Арцёмаўна — настаўніца, працуе намеснікам дырэктара ў Ільянскай сярэдняй школе. Як і яе калегі краязнаўца Уладзімір Кажамяка, загадчыца музея "Вілейшчына літаратурная" Роза Шэрая, цікавіцца гісторыяй родных мясцін і самастойна можа правесці экскурсію па населеным пункце. Адразу два музеі створаны і працуюць пры школе. Дырэктар установы Ігар Юшко кажа, што пахваліцца такімі дасягненнямі могуць далёка не ўсе іх калегі. 3.011 экспанатаў налічвае музей "Вілейшчына літаратурная". Сярод каштоўных рэчаў — памятны знак "2000 год хрысціянству", пісьмы Максіма Танка, Янкі Брыля, Лідзіі Арабей, Леаніда Левановіча, Уладзіміра Папковіча, Дзмітрыя Новікава, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў, бібліятэчка кніг польскай пісьменніцы і мастачкі Эміліі Кунавіч (працавала ў Ільянскай школе ў 20-х гадах ХХ стагоддзя), фотаздымкі, нагрудныя знакі, рэдкія сшыткі і кнігі. Не менш цікавыя экспанаты і ў гісторыка-краязнаўчым музеі "Ільянскія далягляды". У пераліку найбольш каштоўных: набор гузікаў вайскоўцаў арміі Напалеона, каменныя сякеры, крамянёвы скрабок, кавалкі крычнага жалеза, элемент кальчугі, ядро гарматы 1812 года, трафейны патэфон, салдацкі кацялок 1914 года, куфар ХІХ стагоддзя і інш.

Усе гэтыя рэчы знітаваныя з гісторыяй мястэчка, датай заснавання якога лічыцца 1473 год. Менавіта тады і ўзнікла Гіля. Дырэктар школы Ігар Юшко кажа, што некаторыя старыя людзі да сённяшняга дня называюць паміж сабой гэты населены пункт менавіта так. А пайшла назва быццам бы ад вельмі глеістай рэчкі, што тут працякала. Ёсць, праўда, яшчэ некалькі паданняў, звязаных з імем чалавека, у тым ліку і прарока Іллі. Мясцовыя краязнаўцы іх занатавалі, і перадаюць з пакалення ў пакаленне. Маўляў, кожны чалавек павінен ведаць як гісторыю свайго роду, так і зямлі, на якой нарадзіўся, працуе, жыве. Ільяншчыне ў гэтым сэнсе пашчасціла. Няма, напэўна, у аграгарадку вуліцы альбо месца, якое б не апеў у сваіх вершах мясцовы паэт Мікола Кутас і пра якое не магла б расказаць яго жонка Галіна. Калі вершамі, а калі і ў песнях разам з артыстамі студыі "Імпэт", што працуе пры мясцовым Доме культуры. Слухаюць іх людзі, а на сэрцы хораша так, радасна. За сябе, за Ілью, багатую на таленты зямлю!

Прочитано 886 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Декабрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31            

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»