Четверг, 09 апреля 2015 00:51

Мядоцкая “Берагіня”

Кіраўнікі “Берагіні” Мікола Козенка і Антаніна Абрамовіч Кіраўнікі “Берагіні” Мікола Козенка і Антаніна Абрамовіч Фото Алена ДРОЗДОВСКОЙ
Алёна ДРОЗДОВСКАЯ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Ёсць у вёсцы Мётча Барысаўскага раёна незвычайная школа-садок. Тут змалку вучаць павазе да роднай мовы, да сваіх бацькоў, свайго роду, да роднай вёскі. І прапагандыстам, натхняльнікам тут з’яўляецца заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Берагіня”, які ўжо шмат год дзейнічае на базе гэтай установы.

А пачыналася ўсё 20 год таму, калі ў Мётчанскую школу, якая ўжо мела свае педагагічныя набыткі, прыйшоў вядомы фалькларыст і этнахарэограф Мікола Козенка, каб праз народны танец і іншыя мастацкія традыцыі Барысаўшчыны з дапамогай дзяцей і пры непасрэдным іх удзеле вывучаць і зберагаць аўтэнтычныя культурныя каштоўнасці вёскі і наваколля.

Настаўнікі, дзеці разам з Міколам Козенкам і яго бліжэйшай паплечніцай у гэтай справе Антанінай Абрамовіч сталі збіраць народныя легенды пра назву вёскі Мётча, назвы навакольных паселішчаў, урочышчаў, пра землякоў, якія пакінулі свой след у гісторыі гэтага краю.

-- Шматлікія экспедыцыі з дзецьмі далі цудоўныя вынікі, -- узгадвае сёння ўжо лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года Мікола Козенка. – Яны сталі развучваць мясцовыя танцы, песні, пераймаць розныя рамёствы. Адпраўляліся да сваіх дзядуляў і бабуль, падрабязна іх распытвалі пра блізкіх і далёкіх сваякоў. Кожны складаў свой радавод.

Дзеці разам з бацькамi i з дапамогай настаўнiкаў пачалі авалодваць уменнем вышываць i ткаць паясы, шыць сабе арыгiнальныя касцюмы для выступленняў. Заняткi народнай творчасцю зблiзiлi дзяцей, бацькоў i настаўнiкаў, стаўшы дзейсным выхаваўчым сродкам.

-- Неаднойчы мы наведваліся да бабулі Аўгінні Грук (яна ў 1914 годзе нарадзілася) у вёску Селішча, што за шэсць кіламетраў ад Мётчы, -- расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мётчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад -- сярэдняя школа Барысаўскага раёна”, музычны кіраўнік “Берагіні” Антаніна Абрамовіч. -- Яна спявала старадаўнія песні, расказвала нам казкі, вучыла дзяцей таньчыць... Дзякуючы ёй нам удалося сабраць унікальны фальклорны матэрыял, які стаў асновай рэпертуару нашага калектыву і школьнага кнігазбору.

-- Выхаванне праз народную творчасць вельмi эфектыўнае, -- адзначае Мікола Козенка. -- Тут не iснуе адбору з улікам прыродных задаткаў, кожнае дзiця можа знайсцi магчымасць для самавыяўлення. І таму творчасць нашага калектыву ўнікальная, яна не ўпісваецца ў існуючыя рамкі сённяшняй так званай мастацкай самадзейнасці. Справа ў тым, што ў сваім падыходзе да кожнага вучня акцэнт мы робім на разняволенні і імправізацыі. Хоча дзіця тупнуць нагой або пляснуць у ладкі, ці па-свойму выканаць “прысядку” падчас танца, -- няхай робіць гэта так, як яго душа просіць, сэрца падказвае… Галоўнае, каб усё было шчыра.

Амаль у кожнага з удзельнікаў гурта ёсць дома камп’ютар, і тым не менш яны знаходзяць час для заняткаў у калектыве, нягледзячы на тое што праводзяцца яны ў школе ў выглядзе факультатываў.

Дзеці рыхтуюцца стаць удзельнікамі гурта яшчэ з садка. У першым класе пачынаюць развучваць карагоды, танцы, песні, гульні, а ў канцы года ўдзельнічаюць у справаздачным канцэрце. Сёння ў складзе гурта амаль 40 школьнікаў.

-- Дзеці, якія пастаянна вывучаюць традыцыйную культуру, больш здатныя да ўсяго, -- упэўнены Мікола Козенка. -- Яны ўмеюць і вышываць, і з саломкі плесці, могуць танцаваць, спяваць, іграць на музычных інструментах, цудоўна распавядаць. Кожны чалавек тут -- асоба. Ён можа з гонарам сцвердзіць: “Я -- беларус!”. Да таго ж у такіх фальклорных калектывах фарміруюцца і здаровыя гендарныя адносіны.

Трэба адзначыць, што кіраўніцтва школы ва ўсім падтрымлівае дзейнасць калектыву.

-- Асноўнай мэтай для нас з’яўляецца не толькi адукацыйная падрыхтоўка навучэнцаў, але i выхаваўчая. Мы імкнёмся, каб кожны наш вучань вырас сапраўдным беларусам, патрыётам, які любіць свой край, сваю мову і культуру, ганарыцца сваёй Радзімай. І лічу, што гэта атрымліваецца, -- адзначае дырэктар Мётчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад -- сярэдняя школа Барысаўскага раёна” Таццяна Варона. -- Падчас канцэрта прыемна было назіраць, як дзеці спявалі, гулялі ў народныя забавы, расказвалі казкі. А як музыкі гралі -- на барабане, на гармоніку, на цымбалах, на дудачцы! Цяжка было ўседзець, калі танчылі “Сербіянку” ды “Польку”.

Шмат цікавых задум у кіраўніцтва калектыву. Паводле слоў Міколы Козенкі, у хуткім часе плануюць актывізаваць удзел у фестывалях рознага ўзроўню. Першы -- свята-конкурс традыцыйнага танца “Мінская кадрыля”, які пройдзе ў маі ў Барысаве.

-- Задумак багата, -- кажа Мікола Козенка. -- Адна з іх -- так бы мовіць, рухомыя перапынкі. Каб дзеці таньчылі пяць ці колькі хвілін тую ж “Лявоніху”, ці польку “Матылёк”, ці “Кракавяк”, іншыя мясцовыя народныя танцы. Такія перапынкі могуць праводзіць старэйшыя ўдзельнікі “Берагіні”. Яны добра засвоілі “берагінскі” рэпертуар і валодаюць пэўным майстэрствам выканання названых і іншых фальклорных харэаграфічных узораў. Плануем каторы ўжо раз звярнуцца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама з ініцыятывай аб правядзенні Барысаўскага раённага пастаянна дзеючага конкурсу пар -- выканаўцаў беларускіх народных танцаў сярод школьнікаў, а таксама раённага фестывалю дзіцячага фальклорнага мастацтва ў рамках традыцыйнага рэспубліканскага праекта “Фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

Падчас святкавання 20-годдзя гурта “Берагіня” мяркуем на базе Мётчанскай школы правесці навукова-практычную канферэнцыю “Мядоцкая “Берагіня” і этнакультурны працэс на Барысаўшчыне”, а таксама рэалізаваць выданне навукова-метадычнага зборніка “Традыцыйная культура і дзеці: асоба ў народнай культуры і педагогіцы”, куды ўвайшлі даклады ўдзельнікаў VI рэспубліканскіх навукова-практычных чытанняў. Зборнік быў падрыхтаваны да 15-годдзя “Берагіні”.

Пасля амаль двухгадовага перапынку дзейнасць “Берагіні” ў Мётчы аднавілася. Зноў мастацкае выхаванне дзяцей сродкамі этнакультуры заняло сваё месца ў школьнай праграме. Вынікі яго ў Мётчы можна было пабачыць падчас канцэрта, дзе выступалі ўсе групы дзяцей, ад калектыву з дзіцячага садка “Зярняткі” да старэйшых -- “Берагіні”. Колькі радасці было ў дзіцячых вачах! 

Прочитано 1222 раз
Оцените материал
(4 голосов)
« Декабрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31            

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»