Понедельник, 22 февраля 2016 11:37

Там, дзе пастукваў друкарскі станок Сымона Буднага

Марина СЛИЖ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Неба з самай раніцы сыпле дробнай белай крупой. Стоячы на высокім замчышчы, лаўлю на далоні бязважкія сняжынкі і спрабую ўявіць вёску Лоск, што ў Валожынскім раёне, старажытным горадам Лошаск. Са сваім замкам і друкарняй, дзе асветнік Сымон Будны выдаў «Новы запавет», касцёлам і рэчкай Буянкай.

Прызнацца, атрымліваецца не вельмі. Бо памятаю гэты населены пункт як сучасны, развіты цэнтр гаспадаркі, са школай, дзіцячым садком, бібліятэкай, камбінатам бытавога абслугоўвання. Далёка за межамі раёна гучала слава і пра калгас, які насіў аднайменную назву з вёскай. Лоскія даяркі, цялятніцы, камбайнеры, аграномы не сыходзілі з раённай Дошкі гонару. Да іх ехалі пераймаць вопыт, на іх раўняліся, ім уручалі ўзнагароды.

Моладзь адсюль пачала з’язджаць у гарады дзесьці ў васьмідзесятых. Раптам стала нямодным заставацца працаваць на роднай зямлі. І не здзівіць было новае пакаленне ні шматкватэрнымі дамамі, якія паўставалі адзін за адным, аднаўляючы інтэр’ер вёскі, ні сучаснымі музычнымі інструментамі ў Доме культуры, ні новым абсталяваннем у фельчарска-акушэрскім пункце.

Такой вёскі ўжо не будзе

Таццяна Гарашкевіч паехала з дому пасля заканчэння васьмігодкі. Вучылася ў тэхнікуме, затым уладкавалася ў горадзе на працу. Але практычна кожныя выхадныя право­дзіла ў бацькоўскай хаце. Спачатку адна, а пасля і з мужам. Дапамагалі сеяць, араць, сенаваць, палоць грады і капаць бульбу. Тут выраслі і іх дзяўчаткі, якіх адпраўлялі да бабулі на свежае паветра і малако падчас канікул.

«Я разумею што такой, як раней, наша вёска ўжо не будзе ніколі, – дзеліцца думкамі жанчына. – І ў той жа час не магу забыцца пра школу, якая гаманіла радаснымі дзіцячымі галасамі, бібліятэку, куды мы бегалі літаральна кожны дзень, шумныя вясковыя вяселлі, провады ў армію, падчас якіх гаспадары шчодра частавалі і радню, і аднавяскоўцаў.

Рыхтаваліся загадзя, варылі, смажылі да самай раніцы. І гулялі ад пятніцы да пятніцы, радуючыся кожнаму госцю...»

Братэрства існуе ў гэтым населеным пункце і па сёння. Запрогшы коніка, дзядзька Ванька ўсю вясну дапамагае аднавяскоўцам садзіць бульбу і грады. А пасля ўсё лецейка барануе і абганяе. Не застаюцца ў даўгу і яны. Таксама дапамогуць – сушыць сена, палоць буракі, складаць дровы… «Колькі тут ужо нас засталося, – тлумачаць вясковыя жанчыны. – Куды ні кінь – пустыя хаты. Вось і трымаемся адно за аднаго, падстаўляем, калі трэба, плячо».

У 1959 годзе ў гэтым населеным пункце было 940 жыхароў, у 1994-м – 479.

На сённяшні дзень, улічваючы дачнікаў, набярэцца сотні паўтары, не больш. Але людзі, пераважна пенсійнага ўзросту, не падаюць духам. «Зачынілі магазін, – разважаюць яны, – з’явілася аўталаўка. Калі добра падумаць, то яно для нас яшчэ зручней. Літаральна пад самы дом прывозяць цяпер і хлеб, і крупы, і малако. А яшчэ вельмі выручае паштовае аддзяленне, дзе можна ­набыць пральны парашок, пасцельную бялізну, ды і некаторыя прадукты».

Нягледзячы на ўзрост, практычна ўсе жыхары Лоска апрацоўваюць прысядзібныя ўчасткі, трымаюць такую-сякую гаспадарку. Статак у поле не ганяюць даўно, бо кароў практычна не засталося, а вось кабанчыкі ў хлявах рохкаюць. Ды і аб’явіць аб нараджэнні новага дня ёсць каму. Некаторыя сем’і трымаюць па 20–30 курэй, якіх водзяць па падворку важныя пеўні.

Раніцай у нядзельку

Асабліва ажыўлена тут у нядзелю, калі шырокай вясковай вуліцай «лятуць», як кажуць у вёсцы, да Свята-Георгіеўскай царквы машыны. Пабудаваны ў 1856 годзе з бутавага камяню храм таксама мае гісторыю. Кажуць, што некалі прыязджаў сюды сам Мікалай ІІ і падарыў богаслужэбны набор, у які ўваходзіла срэбная чаша.

Яе пасля ўкралі, але сілу сваю царква не страціла. Ратавала яна людзей і падчас чумы. А ў Першую сусветную, калі немцы вырашылі прымяніць у гэтай мясцовасці атрутны газ супраць рускіх салдат, адбылося неверагоднае. У царкве пачаўся малебен, і напрамак ветру змяніўся. У воблаку іпрыта замест рускіх акопаў аказаліся нямецкія.

Святой лічыцца і купель Панцеляймона-лекара, што знаходзіцца побач з храмам. Людзі кажуць, што вада з яе дапамагае ад высокага артэрыяльнага ціску, хвароб вачэй, лечыць суставы. Таму і едуць сюды практычна з усяго Валожынскага раё­на. Стаяць часам ля крыніцы машыны і з літоўскімі, расійскімі нумарамі. Стаміўшыся ад бальнічных палат, людзі ідуць за дапамогай да Бога.

Легенды старога замчышча

Той, хто трапляе ў вёску першы раз, не мінае выпадку пабыць і ля векавога гара­дзішча, дзе стаяў у свой час замак Кішкаў. У 1987 годзе археалагічная экспедыцыя інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР праводзіла там раскопкі і знайшла шмат цікавых рэчаў, якія адносяцца да ХІІ–ХІІІ стагоддзяў. Гэта рэшткі пячной кафлі, чарапкі збаноў і накрыўкі, фрагменты шкляных пацерак і бранзалетаў. А што, калі ўпрыгажэнні належалі маладой князёўне, легенду пра якую перадаюць тут з пакалення ў пакаленне сотні гадоў? І быццам запісаў гісторыю нейкі невядомы купец, што гасцяваў у магнатаў.

Купцу, якому ўжо было за трыццаць, давялося пазнаёміцца з дачкой гаспадара замка. Пяшчотная, гарэзлівая, белатварая, яна нагадвала майскую яблыньку ў квецені. Дзяўчына пакахала маладога сінявокага двараніна. «Якая прыгожая пара, – думалася купцу. – Няйначай будзе вяселле!» Аднак князь Кішка задумаў новы паход.

«Яблынька» і сінявокі дваранін у апошнюю ноч перад растаннем не заснулі ні на хвіліну. «Я буду верна чакаць цябе з паходу, – казала яна. – А потым, калі вернешся і папросіш маёй рукі ў бацькі, стану тваёй жонкай». «Значыць, мы будзем разам», – палка адказаў юнак.

Хутка купец пакінуў Лоск і перабраўся ў Варшаву, куды яго здаўна запрашаў у госці добры сябра. Праз два гады, калі ваенныя клопаты трохі сціхлі, мужчына вярнуўся ў горад. І адной з першых навін стала звестка аб дзіўнай, незразумелай упартасці лоскай князёўны-прыгажуні, якая прала лён, ткала з яго палатно і, вышываючы сабе пасаг, працягвала чакаць каханага, адмаўляючыся верыць у тое, што ён узяў шлюб з іншай.

І ўсё ж лёс звёў іх яшчэ раз. Дваранін, які ўвесь гэты час жыў у Італіі, з’явіўся ў замку. «Пакажыце мне яе», – рваўся ён у пакоі да сваёй былой каханай. Дарогу заступіў сам Кішка. «Ты не возьмеш яе, – сурова адказаў ён. – Ды і іншыя таксама. Бо згубіла князёўна і светлы розум і прыгажосць, чакаючы цябе».

Ніхто не заўважыў як яна ўвайшла ў залу. Стала, працягнула да мужчыны рукі, а той спужаўся яе аблічча, адхінуўся. Заплюшчыўшы вочы князёўна скочыла ў акно!

Людзі выбеглі з замка і не паверылі вачам сваім. На зямлі ляжала шаснаццацігадовая красуня з гладкім, пяшчотным тварам. І толькі яе каса па-ранейшаму была сівою, як напамін аб перанесеных пакутах і горы. «Любава! Любавачка!» – ускрыкнуў яе згубіцель і кінуўся цалаваць паколатыя лёнам рукі. Так купец упершыню пачуў імя дзяўчыны, а вось пасля здарэння гандляваць лёнам больш не мог.

Затое гэтая старажытная культура добра расла на палетках мясцовай гаспадаркі, тады яшчэ калгаса Чапаева. Ведаю, што звеннявой ільнаводчага звяна Лізавеце Валадкевіч было прысвоена званне Герой Сацыялістычнай Працы. Яна стала першай у раёне, хто атрымаў такую высокую ўзнагароду і тым самым праславіў Лоск…

Вёска Лоск знаходзіцца ў 25 кіламетрах на поўнач ад Валожына, у 100 кіламетрах ад Мінска і 8 – ад чыгуначнай станцыі Валожын. У пісьмовых крыніцах успамінаецца ад 1395 года пад назвамі Лоск, Лошаск, Лозка. Як сцвярджаюць этымолагі, глянцам (лоскам) называлі плоскую нізіну, ўпадзіну, што кажа пра месцазнаходжанне паселішча.

Прочитано 969 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Декабрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31            

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»