Среда, 16 Март 2016 09:41

Касмічныя талеркі і іншапланецяне на Чэрвеньшчыне

Каманда «Весяляне» з ясляў-сада №3 Чэрвеня вылучалася шыкоўнымі касцюмамі і...  зусім юным узростам дзетак Каманда «Весяляне» з ясляў-сада №3 Чэрвеня вылучалася шыкоўнымі касцюмамі і... зусім юным узростам дзетак
Светлана АДАМОВИЧ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Сярод белага дня па школе шпацыравалі касманаўты і іншапланецяне, а сцэна ператваралася то ў стартавую пляцоўку для касмічных караблёў, то ў месца прызямлення касмічных талерак. Так творча і весела праходзіў у чэрвеньскай СШ №4 першы раённы касмічны фестываль.

Сімвалічна, што такое мерапрыемства аддзел адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама арганізаваў у год мяркуемага другога касмічнага палёту нашага земляка, касманаўта Алега Навіцкага. На жаль, ён не змог прысутнічаць асабіста, бо знаходзіўся на падрыхтоўцы ў ЗША. Але пра яго нагадвалі фотаздымкі, відэа… І мама, Валянціна Эдуардаўна.

Зямля ў ілюмінатары

Святочная атмасфера панавала яшчэ да пачатку фестывалю. Можна было пабачыць вырабы касмічнай тэматыкі, усіх жадаючых запрашалі паўдзельнічаць у гульнях Іншапланецянін і Баба-Яга.
У актавай зале 10 каманд, у якія ўвайшлі дзеці, іх бацькі і педагогі, размясціліся за асобнымі столікамі. Вядучымі сталі Зямлянка і маленькі Іншапланецянін.
Кожная каманда заявіла пра сябе творчай прэзентацыяй. Нават назвы ў іх былі адмысловыя, напрыклад «Арыён» (Запольская СШ) і «Зорны час» (СШ №1 г. п. Смілавічы), «Касмічная адысея» (СШ №3 Чэрвеня) і «Гуманоіды» (Раваніцкая СШ).
Разам з імі мы ляцелі да далёкіх планет, глядзелі з ілюмінатара на Зямлю-прыгажуню, адчувалі сябе зялёнымі чалавечкамі на касмічных талерках... І па-добраму зай­здросцілі нашаму земляку, які здзейсніў палёт наяве.

«А дзе ж Гагарын?»

Веданне касмічных з’яў, паняццяў – усё гэта і не толькі спатрэбілася канкурсантам, калі сышліся яны на «Касмічным рынгу». Старт захапляльнай гульні – «Медыяазбукі» – абвясціла кіраўнік раённага інтэлектуальнага клуба «Ігумен» Ірына Вабішчэвіч. А колькі смеху гучала пасля дэманстрацыі правільных адказаў, частка з якіх была нечаканай!
Адбылася на сцэне і дэманстрацыя мод – касмічных касцюмаў. Вось уразілі канкурсанты дык уразілі, столькі фантазіі праявілі! Ніводны касцюм не паўтараўся. Пастараліся каманды і прыгатаваць дома касмічныя стравы.

Усе ў Баравую!

Калі на вялікім экране з’явіліся выніковыя балы, усе стараліся з далёкай адлегласці высветліць, як жа выступілі. Але – неспа­дзяванка! Раптам экран згас, а начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама, старшыня журы Ларыса Асановіч абвясціла пераможцамі... усіх! Кожная каманда атрымала дыплом, прыз і арыгінальны падарунак – паездку ў музей авіяцыйнай тэхнікі ў вёску Баравая. А самых маленькіх – выхаванцаў ясляў-сада №3 Чэрвеня – заахвоцілі яшчэ і паездкай у «МакДональдс». 

«Вялікі дзякуй усім за падрыхтоўку і ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Вы расчулілі мяне да глыбіні душы!» – сказала напрыканцы Валянціна Эдуардаўна Навіцкая. І менавіта ад яе пра тое, як праходзіў касмічны фестываль у Чэрвені, праз некалькі гадзін пачуў наш касманаўт Алег Навіцкі.

Прочитано 504 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Март 2016 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31      

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»