Понедельник, 11 апреля 2016 15:05

Тут да зор імкнуцца дзеці

Светлана АДАМОВИЧ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

У яслях-садзе №1 горада Чэрвеня стварылі пакой для сюжэтна-ролевай гульні «Падарожжа ў космас». Ідэю калектыў дашкольнай установы выношваў даўно. Але па-сапраўднаму супрацоўнікі натхніліся пасля сустрэчы з земляком – касманаўтам Алегам Навіцкім, які летась завітаў у дзіцячы садок.

Выхаванцы рыхтаваліся да сустрэчы цэлы месяц. Выступілі з канцэртам, у якім – канешне ж! – прысутнічалі касмічная тэма, самаробная ракета ды іншыя спец­эфекты. Дзеці задавалі касманаўту шмат пытанняў, фатаграфаваліся з Алегам Навіцкім. Не дзіўна, што зараз на пытанне «Кім ты марыш стаць?» многія адказваюць: «Касманаўтам!».
Ну а дзіцячую ініцыятыву трэба развіваць і падтрымліваць, вырашылі дарослыя. І прыдумалі цэлы пакой для гульні ў космас.

Ракета, на старт!

...У форме медсястры маленькая Надзя выглядае цалкам натуральна. У яе арсенале – шмат чаго для абследавання фізічнага стану кандыдата ў касманаўты. На кожнага заводзіцца асобная картка, куды запісваюцца вынікі вымярэнняў. А называецца гэтая частка пакоя – «Цэнтр медыцынскага агляду касманаўтаў».
Таксама дзеці займаюцца ў «Цэнтры фізічнай падрыхтоўкі касманаўтаў», дзе ёсць штанга, трэнажор і своеасаблівая цэнтрыфуга – крэсла, якое круціцца. Шмат часу адводзіцца заняткам у «Цэнтры навуковай падрыхтоўкі касманаўтаў». Тут сабраны энцыклапедыі па тэме, цікавыя звесткі пра космас. Дзеці, гуляючы, вучацца многаму. У тым ліку і з якіх планет складаецца Сонечная сістэма, як яны размешчаны. Прычым усё гэта намалявана-наклеена на падлозе. Дзеткі старэйшыя ўпэўнена паказваюць і Сонца, і Юпітэр. А на шторах – цэлыя сузор’і, якія выхаванцы садка пералічваюць па колькасці зорачак і назвах.
Створаны і «Цэнтр падрыхтоўкі да палёту». Тут прадстаўлены прадукты харчавання: хлябцы, хлеб «Барадзінскі», сардэлькі, сок маркоўны і нават... капуста з мясам! Адразу ж узгадваецца герой Яўгена Лявонава з фільма «Джэнтльмены ўдачы», загадчык дзіцячага садка, са сваёй геніяльнай прыдумкай: «Вазьміце ў рукі КАСМІЧНЫЯ лыжкі. Падмацуйцеся грунтоўна. Ракета да абеду на Зямлю не вернецца...»
Ёсць у чароўным пакоі шлемы, касцюмы і нават скафандр! Робаты, якія пры жаданні выступаюць у ролі іншапланецян, і шапачкі – спецыяльна для абмену думкамі з прадстаўнікамі іншых цывілізацый.
...Але вось ужо ўсё гатова для палёту. Уключаецца светлавое афармленне. Спрактыкаваная Ксюша, седзячы ў «Цэнтры сувязі касманаўтаў з Зямлёй», рыхтуецца вывесці на старт ракету. А накіравацца да зор, прайшоўшы ўсе этапы падрыхтоўкі і здаўшы іспыты, рыхтуецца Дзімка. Пасля ён будзе звязвацца з роднымі, якія знахо­дзяцца ў «Цэнтры сувязі». Для гэтага таксама прадугледжаны асобныя месцы ў пакоі.

Усё геніяльнае – проста

Канешне ж, усё гэта гульня, хаця і з навуковай асновай. Штосьці, можа, і не адпавядае рэчаіснасці. Але хіба ў гэтым справа? Галоўнае – дзеці любяць космас, яны цікавяцца космасам і мараць туды паляцець.
Дзе яшчэ, як не ў дзяцінстве, цюбік з-пад клею ператвараецца ў своеасаблівы міні-кантэйнер для соку, пластыкавыя бутэлькі з кропельніцамі – у кіслародныя балоны, кольцы з пірамідкі – у дыскі штангі...
Сапраўды, усё геніяльнае – проста, сцвярджае на прыкладзе гэтага пакоя загадчыца ясляў-сада Галіна Грынько. Абсалютна ўсё зроблена з падручных матэрыялаў. Галоўнае – фантазія і ўмелыя рукі.
«Мы хацелі паказаць дзецям, што гэта ўсё можа выглядаць вось так, – тлумачыць Галіна Канстанцінаўна. – Тут у нас па чарзе гуляюць усе групы. Яны ўжо самі размяркоўваюць ролі. Дарэчы, калі дзеткі патрапілі сюды ўпершыню, быў ужо прыцемак. Мы ўключылі гэтае таямнічае святло... І кожны казаў: «Ах!». І так гарэлі дзіцячыя вочкі!».
Дзеці з задавальненнем асвойваюць касмічную гульню і шчыра вераць у тое, што хтосьці з іх сапраўды стане касманаўтам. Атрымалася ж калісьці гэта ў нашага знакамітага земляка. І цудоўна, што ў яслях-садзе №1 вучаць не проста верыць у цуды, а рабіць іх сваімі рукамі. 

Прочитано 598 раз
Оцените материал
(2 голосов)
« Август 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»