Понедельник, 18 апреля 2016 11:05

Будзішча збірае Клімёнкаў

Першы раз Клімёнкі збіраліся на сустрэчу ў 2010 годзе, прыехала каля 40 чалавек Першы раз Клімёнкі збіраліся на сустрэчу ў 2010 годзе, прыехала каля 40 чалавек Фота Мікалая АПЯЦЁНКА
Марина СЛИЖ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

У Антося і Кацярыны Клімёнкаў з вёскі Будзішча было 8 дзяцей. Жылі бедна, грошай, каб купіць надзел зямлі, не было. У той час – на пачатку XIX стагоддзя – многія сяляне ў пошуках лепшага жыцця ехалі ў Амерыку. Вось і Клімёнкі вырашылі адправіць туды трох сыноў і дачку.

Хтосьці з дзяцей асеў недалёка ад родных мясцін, кагосьці лёс закінуў за тысячы кіламетраў ад Бацькаўшчыны. Ці бачаць яны ў снах малую радзіму – невядома. А вось яна – чакае іх. І ў маі будзе сустракаць. Першы раз радня збіралася ў 2010 годзе. Тады на сустрэчу прыехала каля 40 чалавек.
Ідэя сабраць сваякоў разам належыць праўнуку Антося і Кацярыны Клімёнкаў Мікалаю Апяцёнку, які ведае сваю радаслоўную да 1715 года. «На першым месцы ў маім сэрцы Бог, – кажа Мікалай, – на другім – сям’я і продкі, звесткі пра якіх збіраю не адзін дзясятак год. Большасць з іх занатавана яшчэ пры жыцці майго дзеда Волеся, які быў цудоўным расказчыкам».

Пад пушчай

Схаваўшыся за густой сцяной лесу, вёска Будзішча, як і сто год таму, жыве сваім размераным жыццём.
Калісьці гэтае ўрочышча жыхары навакольных вёсак называлі «Пад пушчай». Тут было шмат грыбоў, ягад, ад якіх мясцовае балота здавалася чырвоным, але не было зямлі. Корм для кароў і авечак нарыхтоўвалі ў лесе. Летам там не заставалася ніводнай нявыкашанай палянкі.

Малако мясцовыя гаспадыні перапрацоўвалі на сыр і масла. І ўвесь гэты тавар везлі ў Ілью, дзе было шмат яўрэйскіх крамак. «Мае прабабуля і прадзядуля мелі васьмёра дзяцей, – расказвае Мікалай. – Грошай, каб купіць які надзел зямлі, не хапала. Вось і вырашылі адправіць сваіх дзяцей у Амерыку, куды ехалі сяляне з усіх навакольных вёсак. У чэрвені 1910 года Аляксандр, Паўліна, Ігнась і мой дзед Волесь, якому было 16 гадоў, адплылі ад родных берагоў».
Эмігранты

Спыніліся ў горадзе Саўт-Рывер (стагоддзе таму трэць тутэйшага насельніцтва складалі беларусы). Працавалі цяжка, на шахтах. Пазней Волесь уладкаваўся маляром на прадпрыемства Генры Форда. Служыў ва ўзброеных сілах ЗША, прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі сучаснай Францыі, што пацвярджаюць і дакументы.
Лягчэй за ўсё было ў мэблевай краме, куды паступіў служыць да свайго земляка адміністратарам. Кліентамі там былі людзі ў асноўным багатыя, якія мелі час пасядзець, пагаманіць, выкурыць трубку. Але ні новыя знаёмыя, ні заможнае, перспектыўнае жыццё не маглі заглушыць тугу па родных мясцінах. І ў 1932 годзе Волесь прыязджае ў Будзішча.
«На той час гэта ўжо была не Расійская імперыя, – кажа Мікалай Апяцёнак, – а тэрыторыя Польшчы. Дзеду ў роднай вёсцы і пры новай уладзе спадабалася, захацелася асесці назаўсёды. Сустрэў тут і сваю будучую жонку, маю бабулю».

Праз год, разлічыўшыся на папярэднім месцы працы і зняўшы з рахунка ў амерыканскім банку пяць тысяч долараў, 39-гадовы Волесь вярнуўся ў Будзішча назаўсёды. І падаўся ў суседнюю вёску да роднай сястры Агаты, муж якой быў спраўным гаспадаром. Былому «амерыканцу» хацелася як мага хутчэй купіць сабе надзел зямлі і пачаць будавацца.
Пагаварыўшы з бацькамі, Волесь купіў побач з домам, у якім нарадзіўся, гектар лесу. Дапамаглі сваякі. Талакой яны ператварылі зарослы дрэвам і кустоўем участак ва ўрадлівую зямлю, паставілі дом.

img378

Вяселле Паўліны ў горадзе Саўт-Рывер

Адваяваная зямля

«У 1934-м у іх з’явіўся першынец Іван, – успамінае Мікалай Апяцёнак. – А праз чатыры гады – мая маці, якую дзед назваў Фаінай. У гонар сваёй амерыканскай знаёмай, якая валодала адмысловымі дзелавымі якасцямі».
А пасля ў гісторыі краіны настаў перыяд раскулачвання. Клімёнка абклалі падаткам, забралі гаспадарчыя пабудовы і паставілі там калгасны статак. Ён не канфліктаваў з уладай і ў той жа час маральна рыхтаваў сябе да таго, што зноў давядзецца пакінуць родныя мясціны.
Для таго, каб выслаць іх у Сібір як кулакоў, не хапіла толькі аднаго подпісу. Яго, не пабаяўшыся расправы, не паставіў на сельсавецкім дакуменце сын роднага брата Волеся – Аляксандр.

img375

Волесь Клімёнак

«Бач, падставіў сваю сям’ю, а дзядзьку не выдаў», – шапталіся вяскоўцы. Ведалі, што ў родзе Клімёнкаў умеюць заставацца людзьмі. Пры любых абставінах!
Пасля Вялікай Айчыннай Волесь Клімёнак працаваў сплаўшчыкам лесу. Небяспечную, цяжкую работу, якая прыносіла неблагія грошы, любіў. Ды і дома не сядзеў склаўшы рукі. Заўсёды трымалі з жонкай карову, свіней, садзілі вялікі агарод. Усё на той жа зямлі, «адваяванай» у свой час у лесу.
«Дзед быў паважаным чалавекам у вёсцы, – кажа Мікалай. – Да яго прыходзілі за рознымі парадамі. «Глядзіце, Волесь дрэва рэжа на дровы пад мерку», – смяяліся некаторыя. А праз нейкі час, убачыўшы роўненькую, акуратную паленніцу пад сцяной, і самі пераймалі гэтае «ноу-хау».

Амерыканскія Клімёнкі

«У нашай сям’і ў асноўным нараджаліся дзяўчаты, – працягвае Мікалай. – Таму носьбітаў прозвішча Клімёнак засталося вельмі мала. – Ёсць яны толькі па лініі Аляксандра і Ігнася, што засталіся ў ЗША. Пра новае пакаленне роду мы практычна нічога не ведаем. А вось пра дзядулевых брата і сястру тое-сёе магу расказаць, і нават паказаць фотаздымак з Паўлінінага вяселля, яна ўзяла шлюб з хлопцам родам з-пад Маладзечна. А Ігнась узяў у жонкі эмігрантку з Грэцыі – жылі яны хораша, заможна, нарадзілі дваіх дзяцей. І ў іх, напэўна, таксама ­ёсць унукі і праўнукі».
Нашчадкі Антося і Кацярыны, што жывуць у Беларусі, чакаюць сустрэчы з амерыканскімі сваякамі. У двары старога, месцамі паточанага шашалем прадзедавага дома яны доўга будуць высвят­ляць, кім хто каму даво­дзіцца, блытацца ў сваёй «дваюраднасці-траюраднасці», губ­ляцца ў «пра-пра» і шкада­ваць. Што так доўга жылі адно без аднаго… 

Першая хваля эміграцыі беларусаў у Амерыку пачалася ў канцы XIX стагоддзя. З 1890 па 1914 год туды выехала больш за мільён нашых суайчыннікаў, якія рассяліліся па ўсіх штатах. Тыповы прыклад – гарадок Саўт-Рывер, размешчаны за 60 км ад Нью-Ёрка, у якім абжываліся выхадцы з Маладзечна, Вілейкі, Валожына. У горадзе на сабраныя беларускай суполкай грошы была пабудавана царква Святой Еўфрасінні Полацкай

7d1da18b0da066cb99247bb3dc9cf205

Прозвішчы нашых землякоў можна адшукаць нават у назвах вуліц Саўт-Рывер. Адна з іх носіць імя братоў Шакаў (Шакоўскіх) з Вілейкі, якія спрычыніліся да пашырэння будаўніцтва ў Саўт-Рыверы на пачатку ХХ стагоддзя. У 1970-я гады начальнікам паліцыі горада быў беларус Джордж Сыраквас, а мэрам – Уладзімір Кулік.

Прочитано 1041 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Декабрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31            

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»