Понедельник, 02 Май 2016 11:55

Дабро дабром адгукаецца

Марина СЛИЖ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

«Мела лапік зямлі, ды і той забралі», – скардзілася мне неяк бабуля, якая год дзесяць запар садзіла пад вокнамі сваёй гарадской кватэры агародніну. Вядома, вялікіх ураджаяў з грады даўжынёй два метры не збярэш, але ні па кроп, ні па цыбулю на рынак не хадзіла. Хапала і салаты на цэлае лета, радыскі. А з тых пяці радкоў шчаўя, што зелянелі ў цяньку пад дрэвамі, умудралася яшчэ й нарыхтоўкі на зіму рабіць.

Неяк напрадвесні на дзвярах пад’ездаў іх дома вывесілі аб’явы: тым жыльцам, што возьмуцца за рыдлёўкі і паса­дзяць грады, пагражаў штраф. «Каму тыя грады заміналі?» – перажывала бабуля. І з якім болем глядзела, як у канцы чэрвеня замест абяцаных кветак на месцы былых «агародаў» зацвіў асот і вырасла ў пояс трава.

«Бач, агуркі ім нашы не падабаліся, – спрабавала знайсці падтрымку ў прахожых жанчына. – А вось гэта што? Эстэтыка?» Моладзь толькі ўсміхалася і паціскала плячыма. Больш сталыя, каб не пакрыўдзіць, у знак згоды ківалі галавой. Па-сапраўднаму разумела яе толькі суседка Галіна, якая кожныя выхадныя праводзіла ў вёсцы, на сваёй бацькаўшчыне.
«Вера Канстанцінаўна, – прапанавала яна неяк жанчыне, – вы адна, ды і мае дзеці далёка. Давайце аб’яднаемся ў «дачны кааператыў». Зямлі ў мяне шмат, адна апрацаваць усю не магу, таму можаце садзіць усё, што захочаце. І вам у чатырох сценах сумна, і я стамілася ад адзіноты».

Бабуля Вера не спала ўсю ноч. Усё не ведала, якое рашэнне прыняць. З аднаго боку – было б нядрэнна да каго прытуліцца, а з другога – чужыя ж людзі. Прыедуць да суседкі летам у госці дзеці, унукі, а яна тут месца ў хаце займае.

«Ды якія мы чужыя? – абуралася раніцай Галіна, дапамагаючы Веры Канстанцінаўне збірацца ў дарогу. – Вы ж былі побач са мной, калі хварэла мама. І з Ленкай маёй, якая прыносіла «тройкі» па рускай мове, дыктанты пісалі. А хто прыбіраў, гатаваў, хадзіў у магазін і мыў бялізну, калі я ляжала са зламанай нагой? Вы не ўзялі з мяне за тыя турботы нават каробку цукерак – рабілі ўсё не за плату – ад душы. Дык яна ў мяне таксама ёсць. І вельмі хоча, каб вы паехалі са мной!»

…Іх «дачнаму кааператыву» ўжо чатыры гады. Гэтыя дзве жанчыны вырошчваюць на сваім участку агародніну, кветкі, шчыруюць у садзе і на маленечкім, усяго на два вуллі, пчальніку.
«Дабро дабром адгукаецца», – кажуць, гледзячы на іх тандэм. Вера Канстанцінаўна і Галіна толькі ўсміхаюцца. Проста яны ўмеюць жыць на гэтай зямлі як людзі. 

Прочитано 608 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Август 2016 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31        

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»