Понедельник, 25 Июль 2016 18:12

Звычайныя цуды майстрыхі-чараўніцы

Рубрика
Светлана АДАМОВИЧ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.


Яна знайшла сваё прызванне ў творчасці. Здаецца, не існуе такой тэхнікі, якую б яна не асвоіла. Ірына Пазняк, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аматарскага аб’яднання «Дзіцячая майстэрня» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна.

Сава – як жывая, 
і стыляў тут – мора
Мне пашанцавала неаднойчы прысутнічаць на майстар-класах Ірыны Пазняк. То падчас раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў, то абласнога мерапрыемства. І кожны раз захаплялася, як умела яна іх праводзіць. Нават чалавек, далёкі ад творчасці, пад яе кіраўніцтвам нечакана для сябе за якія паўгадзіны ствараў адметныя вырабы. 
...Заходжу ў рабочы кабінет Ірыны Аляксандраўны – і прыкмячаю новыя вырабы, якія з’явіліся за тры-чатыры гады, што мінулі пасля нашай апошняй сустрэчы. Прыгожымі карцінамі і пано ўвешаны ўсе сцены. І не адразу здагадаешся, з чаго зроблена тое ці іншае. 
Вось дрэва са звычайных гузікаў – старых, непатрэбных. А як гарманічна глядзіцца яно, пафарбаванае! Такія вырабы вельмі падабаюцца турыстам, асабліва замежным. 
Вось сава на пано – як жывая. «Адкуль пер’е?» – цікаўлюся. Аказваецца, курынае. Проста так падабрана, наклеена і пафарбавана, што здаецца цалкам натуральным, савіным. 
Кветкі з фаамірану (пластычнай замшы) так і цягне пакратаць. І якія ж прыемныя навобмацак лісточкі! Белую аснову дзеці самі расфарбоўваюць рознакаляровай пастэльнай крэйдай. Затым пальцамі скручваюцца лісцікі, з якіх робяцца ўжо кветкі. Спачатку – самыя простыя, а затым чарга дойдзе да ружаў, півоняў, астраў... Выхаванцам Ірыны Пазняк вельмі падабаецца!
Гляджу на жар-птушку на пано і думаю: «Вось і чаканкай заняліся. Толькі, здаецца, гэта больш хлапечая справа». Пытаюся ў майстрыхі – і, як і многія, памыляюся. Практычна ніхто не здагадваецца, што зроблена работа... з папяровых сурвэтак, апрацаваных і пафарбаваных пэўным чынам. Вось гэта цікавостка!
Адзіны хлопчык, трэцякласнік Альберт Мастоўскі, які займаецца са старэйшымі дзяўчатамі, пад кіраўніцтвам Ірыны Аляксандраўны асвойвае такую тэхніку... брутальную, я сказала б. Стварае вырабы ў стылі стымпанк. У ход ідзе любое жалеза: старыя замкі, болцікі, шрубкі, ланцугі... На выставу да раённага касмічнага фестывалю Альберт прадставіў сваю стымпанк-чарапаху.
Пра кожную работу, кожны кірунак дзейнасці аматарскага аб’яднання «Дзіцячая майстэрня», якое наведваюць 35 чалавек, можна расказваць бясконца.

Жыць, каб тварыць
Творчасць для Ірыны – не толькі праца «адсюль» і «дасюль». Гэта яе жыццё. І дома шукае штосьці новае ў інтэрнэце, абменьваецца на сайтах ідэямі з аднадумцамі – і стварае, стварае, стварае...
«Гэта і ёсць мой адпачынак, – тлумачыць з усмешкай. – Проста сядзець без справы я не прывыкла. Абавязкова трэба штосьці майстраваць. Святаў жа шмат... Вось на юбілей падаравала маме вялізны кош, у якім было 65 ружаў, зробленых у стылі світ-дызайн. Гэта так званыя салодкія букеты: кветкі з паперы, а ўнутры – цукеркі: вельмі модны цяпер кірунак. Прынесла, паказала дзяўчатам. І яны так загарэліся! Сядзелі і майстравалі... Год таму мы перасяліліся ў новую кватэру. І цяпер думаю над інтэр’ерам. Пачала з кухні. Там пляцення вельмі шмат трэба. Сёння модна – з газетнай паперы. З адпаведным пакрыццём глядзіцца не горш за вырабы з лазы...».
Услед за дачкой творчасцю захапілася і яе мама, Ларыса Пянькевіч, таксама шмат чаго робіць сваімі рукамі. А ўвогуле, менавіта па кватэры мамы можна прасачыць, з чаго пачыналася Ірыніна творчасць. Такі своеасаблівы міні-музей атрымаўся. І абедзве Ірыніны дочкі, Аляксандра і Аліна, натуры творчыя. Наведвалі мамін гурток, асвоілі музыку, танцы, спевы.

Шчасце – у дзецях
Прашу Ірыну прыгадаць, калі пачалося яе захапленне рукадзеллем. Аказваецца, яшчэ са школы, з урокаў працы, з заняткаў у гуртку кройкі і шыцця. Памятае, як хацелася зрабіць пано на сценку, і яна выпрошвала ў дзядулі стары міліцэйскі бушлат. З яго зрабілі паліто, адрэзаны ніз аддалі дзяўчынцы. А яна ператварыла простае сіняе сукно ў пано – з рыбкамі на марскім дне.
Пасля была праца выхавальніцай у дзіцячым садку, там у кожнай групе трэба было ствараць адмысловыя зоны, куточкі. Але зусім маленькім дзеткам свайго ўмення не перадасі, а так хацелася з некім па­дзяліцца…
І вось ужо восьмы год Ірына Пазняк працуе ў смілавіцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Якое гэта шчасце для педагога бачыць, як выхаванцы, пачынаючы ад самых маленькіх, шасцігодак, імкнуцца ствараць прыгожае... Мець вучаніц, якія вось ужо восьмы год наведваюць гурток (хаця праграма ўвогуле разлічана на тры гады), чые вырабы заваёўваюць дыпломы самых розных узроўняў... 
Да таго ж і многія дарослыя таксама сяму-таму вучацца ад дзяцей. І былі б не супраць пахадзіць да Ірыны Аляксандраўны на заняткі. І мамы, і бабулі. n

Прочитано 691 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Октябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31        

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»