Понедельник, 28 ноября 2016 10:55

А ў спадчыну – песню

Марина СЛИЖ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

У лазовым кошыку добры дзясятак сшыткаў і мо сотня лісточкаў, спісаных акуратным почыркам. Гэта літаратурная спадчына Ганны Рубацкай, самабытнай паэткі, збіральніцы і носьбіта фальклорнай песеннай традыцыі Валожыншчыны, што як святыню захоўвае яе ўнучка Людміла Камінская.

Своеасаблівы архіў жанчына знайшла на гарышчы старой бабулінай хаты ўжо пасля яе смерці. І, дзякуючы яму, быццам бы нанова вывучала гісторыю свайго роду і сваёй краіны.

– Нарадзілася мая бабуля ў 1900 годзе ў вёсцы Жураўцы Валожынскага раёна, – расказвае Людміла. – Бацькі былі звычайныя сяляне, працавалі на зямлі. А дзеда ведалі ў акрузе як выдатнага бондара. Бондарства і прыносіла капейку ў хату, дапамагала вучыць унукаў. Бабулін брат, Рыгор Сухадолец, закончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і ў Першую сусветную вайну служыў прапаршчыкам у царскай арміі. Пасля рэвалюцыі настаўнічаў у Беларусі, у 1930-я гады быў рэпрэсіраваны. Старэйшы брат, Андрэй, маладым падаўся на заробкі. Працаваў у Аргенціне, добра валодаў іспанскай мовай. Вядома, што ў 1960-я гады ён дапамагаў унукам, якія вучыліся ў ВНУ, авалодаць нямецкай і англійскай мовамі – ведаў дасканала. Чытаў творы Хемінгуэя ў арыгінале.

З дзённіка Ганны Рубацкай: «1920 год. Вайна з немцамі закончылася, але працягвалася з Польшчай. Нашы Жураўцы апынуліся паміж дзвюма пазіцыямі. У Валожыне і суседніх вёсках стаялі рускія войскі, а ў Вішневе і ля яго – палякі. Вялікіх баёў салдаты не вялі, а вось сутычак – хапала. Пасля адной з іх уся моладзь уцякла ў лес, забраўшы з сабой коней і іншую жывёлу. Там і былі да таго часу, пакуль усё не занесла снегам. А ў снежні зноў напаткала бяда. Здарыўся пажар, падчас якога згарэла 18 хат».

Засталіся ў чым стаялі і Сухадольцы. Усю зіму яны туліліся ў сваякоў і нарыхтоўвалі лес на новае жытло. Вясной, сабраўшы талаку, зноў сталі будавацца. А бліжэй да Сёмухі да Ганны пачалі ездзіць жаніхі.

Замуж яна выйшла за чалавека, якога бачыла толькі два разы. І прывёз ён яе ў вёску Пяскі. Агле­дзелася – сядзіба шырокая, голая. Вакол ні дрэўца, ні кусціка. Шырокі двор абгароджаны частаколам, не новы дом, некалькі старых пабудоў. Вось і ўся маёмасць, што дасталася мужу пасля яе раздзелу з братам.

– Бабулю дзед Міхась кахаў, – усміхаецца Людміла Камінская. – Сваім, простым, зразумелым яму каханнем. Не шкадаваў ёй і дзвюм дочкам грошай на ўборы, стараўся, каб у доме заўсёды былі хлеб і да хлеба, браў на сябе самую цяжкую работу. А яна, летуценніца па натуры, усё чакала ад яго прызнанняў, прыгожых слоў, крыў­дзілася, і вечарамі хадзіла на бераг рэчкі, каб паслухаць салаўёў. Застаўшыся адна, калі плакала, а калі ціхенька спявала песні пра жаночую долю. Ад іх рабілася лягчэй...

Ад ціхабруйных рэк

«Песні для гэтай жанчыны – усе родныя і дарагія, як для маці дзеці, – пісаў у сваёй кнізе «Песню – у спадчыну» пра Ганну Рубацкую беларускі фалькларыст, літаратуразнаўца Арсень Ліс. – Ганна Міхайлаўна не вылучае іх. Проста схіліць на момант галаву, спытае: «Можа, гэту? Увесну, палотны белячы, яе спявалі». І паплыла мелодыя, крыху ўзрушаная і нечым трывожная. Потым звініць, плыве больш працяжнае і задуменнае «лета», крыху меланхалічная з одумам «восень».

Больш за сто песень напела яна ў свой час на магнітафонныя стужкі. А колькі вершаў пасля сябе пакінула! Пранікнёных, цёплых, добрых.

«Ганна Рубацкая была тым самародкам, грані якога, шліфуючыся жыццём, ззяюць усё ярчэй. На вялікі жаль, пры жыцці так ніхто і не разгледзеў яе талент», – скажа пра паэтку яе зямлячка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч, якая ў памяць аб гэтай цудоўнай жанчыне наладзіла ў горадзе не адну імпрэзу.
Кніга вершаў «Вяночкі для Радзімы» выйшла ўжо пасля смерці цёткі Ганны (так яе многія называлі), пры непасрэдным удзеле ўнучкі Людмілы. А з лёгкай рукі таленавітага кампазітара Алены Атрашкевіч, якая тонка адчула стылістыку і настрой паэткі, нарадзіўся харавы трыпціх: «Ой, ружанька-ружа», «Крушына», «Гой, цымбалы».
Знаёмства слухача з гэтым цыклам адбылося дзякуючы мала­дзёжнаму хору «Вісан» пад кіраўніцтвам Алёны Высоцкай. Дарэчы, калектыў запісаў і дыск пад назвай «Ружа», у які ўвайшлі песні на словы валожынскай паэткі.

Усе яны – ад ніваў і лясоў, поўных птушынага гоману, ад ціхабруйных рэк, ад зямелькі роднай, якую яна так любіла і праслаўляла.

Памерла самабытная паэтка ў 93 гады пасля цяжкай хваробы, якая прыкавала да ложка. Захоўваючы да канца светлы розум, жанчына не пераставала тварыць. «Ці мала, ці многа вёснаў міне, а ўсё ж такі нехта успомніць мяне», – пісала яна з надзеяй у адным са сваіх апошніх вершаў. Спраўдзілася. Помняць... 

DSCI6176

З дзённіка Ганны Рубацкай: «На першы свой верш я рашылася ў 54 гады. Затым сталі нараджацца апавяданні, байкі, якія друкавала валожынская раённая газета. Быў час – крышку нават пакупалася ў славе, калі ў клубах, дзе выступала, мне шмат і горача апладзіравалі. Зведала павагу людзей, якія цікавіліся маёй творчасцю, маімі вершамі, любілі слухаць песні, што спявала».

Прочитано 664 раз
Оцените материал
(0 голосов)
« Сентябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»