Понедельник, 06 Март 2017 11:43

Формула кахання Сяргея Карыцькі

Ігар ГАНЧАРУК

Пра што гаварыць двум мужчынам за кубкам духмянай гарбаты – на пачатку сакавіка, напярэдадні першага веснавога свята? Зразумела, што пра жанчын і каханне! Тэма неабдымная як Сусвет, але ў майго суразмоўцы – доктара і паэта Сяргея Карыцькі – на ўсё свой, адметны погляд...

ВІЗІТОЎКА

Сяргею Карыцьку – 65. Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь. Апошнія 14 год узначальвае Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння.

З’яўляецца сябрам Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выпусціў сем паэтычных зборнікаў.

Мае трох дачок і чатырох унукаў. Аднаго з іх, які нарадзіўся 7 лютага 2017 года, назвалі ў гонар дзеда – Сяргеем.

 

Пачуцці з розумам рэдка ў згодзе

Сяргей Сяргеевіч, першыя вершаваныя радкі часцяком нараджаюцца, калі захлістваюць эмоцыі неймавернай сілы... З вамі гэтаксама было?

– Паэзія заўсёды ад нейкага моцнага пачуцця – ці то кахання, ці, мо, крыўды якой, узрушэння. А першыя вершы – так, былі пра каханне, бо хацеў спадабацца дзяўчынам. Ну як падыдзеш, калі саромеешся? Значыць, трэба напісаць штосьці. Таму я і прысвячаў вершы дзяўчатам яшчэ ў школе.

У дзявятым класе да нас прыехала маладая, сімпатычная настаўніца біялогіі. (Смяецца.) Мы, ўжо амаль дарослыя хлопцы, так хацелі спадабацца ёй... Дык я з гэтай нагоды біялогію добра вывучыў, і нейкія радкі пачалі нараджацца.

– Вы ўвогуле часта ўлюбляліся ў юнацтве?

– (Смяецца.) Часта, бо я – натура творчая. Па-рознаму было.

Першая закаханасць – гэта нешта такое іскрыстае, летуценнае, таемнае. (Цытуе ўласныя радкі:) «Так было ўсе стагодддзі: пачуцці з розумам рэдка ў згодзе».

Цяпер у мяне ёсць цэлая тэорыя, што такое каханне. Яно, як і ўсе пачуцці, мае пад сабой нейкую хімічную формулу. У маладым узросце працэнтаў на 90 прэваліруюць гармоны. Паступова іх уплыў змяншаецца, і тады нешта разумнае з’яўляецца. Не проста цяга да іншага полу – пачынаеш думаць, дзеля чаго і што рабіць з гэтым.

Перакананы, што жаніцца трэба, калі ёсць баланс – 50 на 50. Тады прыцягненне не адно што фізічнае, але і духоўнае: з чалавекам цікава не толькі ў ложку, але і дзяцей нарадзіць, па жыцці ісці поруч хочацца.

Каханне – гэта не проста так сабе. Гэта найперш адказнасць за другога чалавека, вашу агульную будучыню.

Калі пад 60 недзе, тут ужо на 90 працэнтаў уключаецца розум. На першым плане – павага, клопат адзін пра аднаго, пра дзяцей. Хочацца не вострых пачуццяў, а спакою і раўнавагі, упэўненасці.

Мне падаецца, зразумець, што такое сапраўднае каханне, можна толькі прайшоўшы ўсе гэтыя стадыі.

– Калі ў вас наступілі вось гэтыя 50 на 50?

– Гадоў у 27–28 пачаў разумець, што жыццё не толькі нейкія гоцанні і забавы, а варта ўжо набываць сталасць, каб, як мне пісаў яшчэ Кандрат Крапіва, род Карыцькаў не звёўся...

– З будучай жонкай як пазнаёміліся? Чым яна прывабіла, запала да сэрца?

– Я ж двойчы жанаты. Першы раз ажаніўся ў 32 гады. (Усміхаецца.) Быў ужо такі маладзён, і нейкае расчараванне раптам наступіла: адзін, прыйдзеш дадому – нават паразмаўляць няма з кім. І маці неяк ушчувала: «Нешта ты, сыночак, не шавелішся...»

Я тады працаваў у Аксакаўшчыне загадчыкам аддзялення. Спрабавалі мяне тут ажаніць Адпачываючыя хто ўнучку прывядзе, хто дачку –знаёміцца. А мяне такі сялянскі гонар узяў: не падабалася гэтае сватанне. Быццам сам няздатны... Але ж не знайшоў. Таму вырашыў, што калі буду доўга прыглядацца да дзяўчат і перабіраць, то нічога не атрымаецца. Думаю, трэба ўзяць ды жаніцца. Так і зрабіў. Прыехаў на  трохмесячныя курсы павышэння кваліфікацыі ў БелМАПА. Група – 30 чалавек, з усяго Саюза. Азірнуўся вакол – бачу, двое дзяўчатак нядрэнныя. Запрасіў адну, з Белгарада, у тэатр. Ды й кажу ёй трэцім разам: давай ажэнімся. З купалаўскага тэатра, памятаю, выйшлі і цераз пераход шпацыравалі... Праз месяц узялі шлюб.

(Усміхаецца.) Мужчына рашыў – мужчына зрабіў ...

– Усё ў нас было няблага. Жонка добрая, дзеці нарадзіліся харошыя. Жылі мы разам 10 гадоў, ніколі не сварыліся. А потым умяшаліся гэтыя самыя пачуцці. Службовы раман – закахаўся як маленькі. Пайшоў з дому – ад жонкі, дзвюх дзяўчынак. Усё пакінуў. Мая выбранніца была замужам – двое дзяцей, нармальная сям’я...

Спачатку ніхто не верыў, што мы разышліся. Казалі, што фіктыўны развод. Толькі калі ў нас нарадзілася дзіця, зразумелі, што ўсё сур’ёзна...

Але, ведаеце, лёс даў мне вельмі разумную цешчу. Яна ніводнага разу не сказала ні дачцэ, ні дзецям, што я дрэнны муж і бацька, кінуў іх. Наадварот, увесь час паўтарала: ваш бацька самы лепшы.

– Якая выдатная жанчына!

– Так, я ёй вельмі ўдзячны. Сёння ў мяне добрая сям’я і адносіны са старэйшымі дочкамі такія ж выдатныя, як і з малодшай.

І першай жонцы ўдзячны. Яна прысвяціла сябе дзецям, выхоўвала іх з адказнасцю. Яны неяк да царквы павярнуліся, удзельнічаюць у арганізацыі «Праваслаўная моладзь». Там і мужоў сабе знайшлі. Надзвычай добрыя хлопцы!

Не кідай у твар пальчатку

– Са сваёй Наталляй вы разам ужо амаль 24 гады. На чым трымаецца ваш саюз?

– Нас цягнула адно да аднаго. Не маглі і гадзіны паасобку пабыць. Нараджэнне дачкі сцэментавала нашы адносіны. Жонка нават больш эмацыянальная за мяне. І, можа, калі б не дачка, у запале разбегліся б. Можна нарабіць чаго заўгодна, калі эмоцыі зашкальваюць. Але ўсё ж мне было 42 гады, як пажанілся, – меліся пэўны жыццёвы досвед, адказнасць. (Цытуе ўласныя радкі:) «Не кідай у твар пальчатку, а падумай спачатку».

Яшчэ ў нас шмат агульных інтарэсаў – адна прафесія, захапляемся падарожжамі. Часцей за ўсё вандруем па Беларусі ды Расіі, бо жонка родам з Варонежа. Любім тэатр, выставы наведваем. Дома не сядзім. (Смяецца.) Не шукаем прычын, каб зачапіцца...

– Няўжо ўсё так гладка ў вас?

– Не, не ўсё. Але калі што якое, я ціхенька зачыняю дзеры і іду прагуляцца. Каб потым вярнуцца і, як быццам нічога не было, павітацца. Калі ўсміхнулася ў адказ, значыць, адтаяла... Ніколі не трымаем крыўд нейкіх на сэрцы. (Смяецца.) Але часам загарэцца як запалка можам...

– Людзі гадамі разам, а пагаварыць одно з адным, здараецца, няма аб чым. Чаму так?

– Разумею, куды хіліце, але ведаеце… У кожнага ёсць нешта такое вельмі асабістае, куды часам не хочацца нікога пускаць. Нават блізкага чалавека. Яму нешта сказаць бывае цяжэй, чым зусім старонняму. Не хочацца трывожыць, з аднаго боку. А з другога, пэўна, падсвядома жыве перасцярога, што тваю душэўную аголенасць могуць неяк непрыгожа выкарыстаць.

Вось чаму я пішу розныя «штучкі»? Можа, яны не надта літаратурныя, але для мяне, калі нешта хвалюе, гэта спосаб не жонку грузіць, а паперу. І я не даю напісанае адразу чытаць. Жонка бачыць, як правіла, ужо надрукаваныя кнігі, а не чарнавікі. Нейкая мяжа тут ёсць. Бо часам і сумныя думкі прыходзяць. Напішаш – самому неяк лягчэй, а як яно адгукнецца ў іншым сэрцы, невядома. А час расстаўляе ўсё па сваіх месцах. Радуе, калі ў маіх творах людзі знаходзяць сугучча уласным думкам і назіранням.

Так што часам можна і памаўчаць. Галоўнае – быць упэўненым: гэты чалавек блізкі табе і гатовы дзяліць разам і поспехі, і няўдачы. Калі пашкадуе, а калі трэба, дык і паправіць.

– Як зберагчы каханне?

– Розумам. Варта кожную сітуацыю ацэньваць спакойна. Бо калі любому слову, сказанаму часам у нейкім запале, надаваць увагу, то ніхто не вытрымае. (Цытуе ўласныя радкі:) «Маё каханне у 60 – зусім не тое, што ў 20». І мне падаецца, што яно лепшае, чым у маладосці.

– Але, здараецца, гады прыходзяць, а розум не спяшаецца...

– Анягож, бывае і такое. Тут ужо нічога не дапаможа. І чалавек штораз будзе наступаць на адны і тыя ж граблі.

Ты –  мой смяротны прыгавор

– Наш час, на жаль, занадта рацыяналістычны да ўсяго, нават да самых далікатных чалавечых пачуццяў. Можа, ведаеце, як не стаць цынікам па жыцці?

– Гэта таксама мяне хвалюе. Назіраю за маладымі. То як утрапёныя кідаюцца ў вір пачуццяў, то шукаюць замежнага прынца... Гатовыя на што заўгодна дзеля матэрыяльнага дабрабыту. Хапае прагматычных дзяўчат. Дый хлопцаў таксама, якія шукаюць выгаду, разлічваюць і падсумоўваюць, мераюць свае пачуцці грашыма..

Любыя крайнасці – нядобра, непрадуктыўна. Шчаслівы той, хто знаходзіць залатую сярэдзіну.

– Хацелі б пажыць у нейкім іншым часе, больш рамантычным і ўзнёслым?

– Мне здаецца, што я жыву менавіта ў такім, іншы мне не патрэбны.

Жыццё склалася ўдала. Часам смыліць душа, што нешта магло быць трохі інакш, штосьці хочацца перайначыць. Але такое здараецца, калі ўва мне зрэдку, часова перамагае песіміст. У мяне і вершаў-роздумаў адпаведнага настрою хапае. Іншыя пачытаюць іх ды кажуць: «Слухай, Карыцька, не выпендрывайся...» (Смяецца.) І на самой справе ўсё добра, грэх скардзіцца.

– Што варта было б вярнуць у адносіны жанчыны і мужчыны з таго, што, магчыма, не лічыцца зараз сучасным?

– Шчырасць. Яе паменела апошнім часам. Людзі сталі ўтойлівыя. Мы баімся добрае слова сказаць, пахваліць саромеемся. Нават жартам, іранічна часцей адмоўныя рысы падкрэсліваем. Асабліва не падабаецца, калі гэта робяць перад іншымі людзьмі, дэманструючы, хто ў доме гаспадар. Нельга ператвараць асабістае жыццё ў шоу.

– Вы, можна сказаць, заўсёды ў жаночым атачэнні – дома, на працы. (Смяецца.) Не кожны мужчына вытрымае...

– Ведаеце, трэба быць цярплівым. Ніколі пад ціскам жаночых эмоцый не прымаць рашэнняў. Лепей зрабіць гэта заўтра, калі яны сціхнуць.

Жанчыны любяць, калі іх хваляць, падтрымліваюць. Гэтым трэба карыстацца. Тыя ж кампліменты невыпадкова разумныя людзі прыдумалі. Калі не скупіцца на словы і быць шчырым, у жанчын крылы растуць. (Усміхаецца.) І нам лепей.

– Дзень 8 Сакавіка для вас – гэта...

–...безумоўна, адметнае свята. На працы традыцыйна віншуем усіх сваіх супрацоўніц. Абавязкова кветкі і сувеніры. Шмат каму з нашых жанчын я напісаў паэтычныя прысвячэнні.

А дома... (Смяецца.) Можа, я пастарэў, але калі раней дарыў жонцы агромністы букет, то цяпер думаю, што ён заўтра звяне. Таму трэба нешта больш істотнае і надзейнае, патрэбнае і памятнае. Але кветкі ўсё роўна – толькі гэтым разам можа быць адна ружа. (Усміхаецца.) Але самая высокая і прыгожая!

У гэты дзень, як часцяком практыкуюць нашы мужчыны, клопаты гаспадыні на сябе не ўзвальваю. Бо, па шчырасці, да хатняй працы не прыстасаваны і жончынай тэрыторыяй 8 сакавіка не завалодваю. І ёй не дазваляю асабліва шчыраваць на кухні. Проста ідзём у кафэ і за святочным сталом цешымся размовамі, адчуваннем нашай еднасці і гармоніі.

– Прысвячаеце дагэтуль сваёй каханай жанчыне вершы?

– А як жа! Толькі чамусьці за апошнія пару дзень напісаў шмат самотна-філасофскіх. Адзін заканчваецца так: «Я думаў, ты – мой падарунак, а ты – смяротны прыгавор!»

– І што тут сумнага? Любая жанчына будзе шчаслівая пачуць такое прызнанне!

– Хіба што... (Смяюцца.)

Прочитано 212 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)
« Август 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31      
Система «Расчёт»