Понедельник, 10 апреля 2017 12:37

Крыжыкі на шчасце

Ігар ГАНЧАРУК

Яна піша вершы, ён вышывае крыжыкам – неверагодная сям’я жыве ў Прудах Стаўбцоўскага раёна.


Рамантычная Лідзія Сямёнаўна часам любіць згадаць тую пару‘, як была ў дзеўках. Нарадзілася яна ў вёсцы Лысавічы Мінскага раёна.
– Чулі пра такую? – глядзіць на мяне так, быццам можна не ­ведаць што заўгодна, толькі не яе малую радзіму.
Запэўніваю, што чуў.
– Калісьці быў Заслаўскі раён, усяго 33 кіламетры да Мінска, – Лідзія Сямёнаўна хітра прыжмурвае вока, і я разумею, што зараз яна адкрые нейкую таямніцу.

– Паслалі мяне з дому ў сталіцу вучыцца сад садзіць, – цягне-мару­дзіць жанчына, але я не прыспешваю, бо адчуваю, што пахне сенсацыяй прудоўскага маштабу.
– Дык я там вучылася ды мужыка знайшла! – выдае Лідзія Сямёнаўна, і мы дружна рагочам.
– Па нумарах на адмысловых паперках рассаджваліся, а я, вясковая дзяўчына, заблыталася. Уселася, а тут ён падыходзіць і кажа, што месца ягонае... Вось як!

IMG 5377 1

Сцяпан Іосіфавіч, які дагэтуль уважліва слухаў жонку, коратка вымаўляе:

– Лёс!
Расказвае, што напрыканцы 50-х у Лошыцы была садаводчая школа, куды яго з Прудоў таксама накіравалі вучыцца на цэлы год.
– Хто на каго першы вока паклаў?
– Ён паклаў, ён, – спяшаецца з адказам Лідзія Сямёнаўна і залівіста, па-маладому смяецца.
– Ну, паглядзеў, што валасы дужа харошыя, каса доўгая, – пага­джаецца Сцяпан Іосіфавіч.
– Узяць шлюб там прапанавалі?
– А хіба я помню?! – робіць манеўр гаспадар.
– Там жа, – наўмысна злуецца Лідзія Сямёнаўна, і ў хаце Фарботкаў зноў пануе вяселле.

Успомнілі, як прыязджалі ў Лысавічы знаёміць Сцяпана з Лідзінымі бацькамі. Тыя даччын выбар ухвалілі. З радасці маладыя кінуліся ў сельсавет – даведацца, як заяву падаваць.
– Старшыня пытаецца: чаго прыйшлі? Так і так… – у апове­дзе Лідзіі Сямёнаўны няўмольнае прадчуванне вясёлай развязкі. – А той кажа: давайце кнігу... Так і пажаніліся!
Вяселле зладзілі потым, у Прудах.
– Бацька нагнаў самагонкі, (магазіннай жа не накупляешся!), людзей запрасілі, – родная мова ў Сцяпана Іосіфавіча мілагучная, чысцюткая. Адна смаката, а не мова!

– Мо настаўнікам працавалі? – выказваю здагадку.
– Чытаю кніг шмат. І доўга жыву, – адкрывае свой «сакрэт» гаспадар.
Пакуль у Налібаках быў сад, працаваў там. Потым у вясковай краме, далей – у мясцовым дрэваапрацоўчым цэху. Як сам кажа, 26 гадоў пры станку. Пры Саюзе рабілі тарныя скрынкі. Калі пайшла заваруха 90-х, думалі, што цэх закрыюць.
– Ажно не, – кажа Сцяпан Іосіфавіч. – Лясгас наладзіўся пастаўляць піламатэрыялы за мяжу – у Галандыю, Італію. Дарабіў да 1998 года і 1 лютага пайшоў на пенсію.

Гаворка ягоная нязмушаная, спакойная. Усё помніць да драбніц.
– Троху памаладзілі мяне па дакументах, – без шкадавання прызнаецца суразмоўца. – Немец жа ўсё спаліў: тут, у Прудах, нічога не было ў 43-м годзе. Ні дрэў, нічога... Усіх вывезлі ў Івянец.

Мужчына цяжка ўздыхае, пераступаючы з нагі на нагу.
– А ў 44-м пасля вызвалення вярнуліся. Бацька і ягоны брат парабілі зямлянкі, а хаткі потым ужо пабудавалі, – Сцяпан Іосіфавіч кідае позірк у акно, за якім імкліва шарэе вясковы дзень.
– Лысавічы таксама спалілі, толькі чатыры хаты засталіся, – пасярод цішыні раптам загаварыла Лідзія Сямёнаўна. – Мы ўцяклі і, пакуль гарэла вёска, сядзелі ў балоце, у яме пад пнём... Так і выратаваліся!

IMG 7202

IMG 5333

IMG 5334

Жанчына рабіла ў калгасе, потым знайшла быццам бы лягчэйшую працу ў краме, але надта ж не даспадобы была яна.
– Там як? Дай бутэльку, дай бу­тэльку... Запішы мне... Абы-што! – трапна каментуе свой гандлярскі досвед гаспадыня. Таму, калі ёй прапанавалі пайсці ў бібліятэку, палічыла гэта за падарунак лёсу. Прарабіла там 22 гады, потым яшчэ ў вясковым клубе завіхалася – цікавы, незабыўны час быў! Ёй вельмі падабалася праца, а людзям – яна, няўрымслівая і спраўная, такі вясковы завадатар. Тады, можна сказаць, і яе паэтычны талент расквітнеў.

– Што пісала? А што ў галаву залезла, – смяецца Лідзія Сямёнаўна і дэкламуе:
Па тры гонкі самагонкі
Выціскаў Язэпка.
Вузел дружбы з участковым
Завязаў ён крэпка.

Смех смехам, а сталася так, што ў яе светлую галаву шмат чаго «залезла»: вясковая паэтка мае 6 кніжак, яе творы ахвотна друкавалі мясцовы «Прамень» і «Звязда».

– Надта любіла ўдзельнічаць у конкурсах прыпевак, – кажа Лідзія Сямёнаўна. Да спеваў справа не даходзіць, але слухаем сёе-тое ў аўтарскім выкананні:
Медыцына цяпер лечыць
Спосабам народным.
Меней піць, паболей спаць
І праз дзень – галодным.

Цяпер і клуба таго ўжо няма, і бібліятэку зачынілі. Прыкра, што і вершы не пішуцца – закінула паэтка сваю творчасць.
– Ат, каму зараз такое патрэбна? – адмахваецца Лідзія Сямёнаўна. Кажа, што рэдакцыі распанелі: рукапісы не чытаюць, патрабуюць набіраць на камп’ютары, а як яна, старая, дасць рады?
– То мо для чытачоў «Мінскай праўды» што-кольвек напішаце?
– Як цяпер, раптам, то не, – палохаецца жанчына.

Усё ж сыходзімся на думцы, што талент нельга заціскаць у сценах вясковай хаты і што Лідзія Сямёнаўна абавязкова падзівіць нас трапнымі радкамі.
– Падабаецца вам жончына творчасць? – пытанне крыху правакацыйнае, але Сцяпана Іосіфавіча голымі рукамі не возьмеш.
– Усяк бывае. Але чаго я яе буду крытыкаваць? – дыпламатычна, аднак з яўным ухваленнем адгукаецца ён.
Цікаўлюся вельмі ўжо нязвыклым для мужчыны захапленнем – Сцяпан Іосіфавіч вышывае крыжыкам.
– На пенсію пайшоў, рабіць не было чаго, а вечары доўгія, – адчуваецца, што тут гаспадар не ­бачыць ніякай сенсацыі. – Яна вышывае, а я хіба не магу?

Лідзія Сямёнаўна жвава пацвярджае мужавы словы:
– Глядзеў, як я вышывала, вучыўся. Шмат што павышываў ужо.
Адну са сваіх работ Сцяпан Іосіфавіч падарыў мясцоваму касцёлу. Гэтым публічнасць самадзейнага мастака вычэрпваецца – усё робіцца для родных і блізкіх, а таксама для любімых унукаў і праўнукаў. Іх ў Фарботкаў чацвёра. Ды хіба што летась на свяце вёскі можна было палюбавацца прыгажосцю талента Сцяпана Іосіфавіча.
І Лідзія Сямёнаўна – яшчэ тая майстрыха! Апроч усяго, выдатна вяжа кручком розныя забаўкі на радасць дзецям. Нам таксама падарыла смешных куранят – цяпер радуюць вока!

А зараз трымайцеся, не падайце: кабеце пайшоў 82-гі гадок, 57 з якіх – яна поруч са сваім ненаглядным Сцяпанам Іосіфавічам. Маюць дваіх дзяцей – ужо, вядома, сталых і паважаных людзей, якія падарылі ім цудоўных унукаў і праўнукаў.
Цікава паслухаць, як Сцяпан Іосіфавіч і Лідзія Сямёнаўна ­ладзяць сваё сумеснае жыццё:
– Абое роўныя. Што яна сказала – зраблю. Што я скажу – яна зробіць. Слухаем адно аднаго. Хто тут галоўны можа быць?
Хатняй гаспадаркі ў Фарботкаў зараз няма, курэй і тых пасеклі.

– Ні ката, ні сабакі – усё багацце ў хаце, – жартуе Лідзія Сямёнаўна.
– Котку трэба было б, – умешваецца наш фотакарэспандэнт Святлана Курэйчык. – Так добра часам яе, мякенькую, пагладзіць...
– Адно аднаго гладзіць – сама найлепей, – парыруе Сцяпан Іосіфавіч, і мы дружна смяёмся... 

IMG 7207

Мінск – Пруды – Мінск

Прочитано 191 раз
Оцените материал
(9 голосов)
« Июнь 2017 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30    
Система «Расчёт»

Прием частных объявлений в газету «Мінская праўда» с домашнего телефона 166. Стоимость включается в плату за телефон.

Отправьте эсэмэску в областную газету «Мінская праўда» на «горячий телефон» (8-044) 551-02-59 (Velcom). Поделитесь с нами чем-то интересным, что вы заметили вокруг себя, что вас взволновало и достойно внимания СМИ.