Суббота, 18 Июль 2015 02:08

Пад ветразямі “Брыганціны”

mpravda.by

Трэцяя лагерная змена фізіка-матэматычнага профілю ў спартыўна-аздараўленчым комплексе БДУ «Брыганціна», што за сем кіламетраў ад Радашковічаў, адкрылася 15 ліпеня. Гэтым разам прыехала каля 300 дзяцей, у тым ліку 26 навучэнцаў з Мінскай вобласці. 

У цэлым на Міншчыне ў лагерах за летні перыяд адпачнуць каля 56 тысяч чалавек.

«Брыганціна» дзейнічае ўжо на працягу трыццаці год. Апошнія адзінаццаць на яго базе працуе навукова-даследчая школа навучэнцаў і настаўнікаў. Фізіка-матэматычная змена збірае таленавітую моладзь, якая цікавіцца фізікай, матэматыкай, інфарматыкай, астраноміяй. «Але папярэдне дзеці павінны прайсці адпаведны адбор, тэсціраванне, — тлумачыць Уладзімір Палякоў, дырэктар «Брыганціны». — Дарэчы, большасць нашых выхаванцаў — пераможцы алімпіяд і конкурсаў па фізіцы і матэматыцы».

На працягу васямнаццаці дзён юныя таленты будуць сумяшчаць вучобу з адпачынкам. Шэсць разоў на тыдзень у першай палове дня — профільныя заняткі. А яшчэ — лекцыі, навуковыя і псіхалагічныя семінары, алімпіяды, канферэнцыі, фізіка-матэматычныя спаборніцтвы, інтэлектуальныя гульні, трэнінгі. «Напрыканцы змены дзеці па выніках уласных даследаванняў абароняць праекты, а выкладчыкі назавуць лепшых», — працягвае дырэктар.

Працуюць у лагеры лепшыя выкладчыкі БДУ, спецыялісты інстытута развіцця адукацыі, трэнеры каманд па падрыхтоўцы да міжнародных алімпіяд, лепшыя педагогі школ і гімназій.

А пра культурна-аздараўленчую праграму карэспандэнту «МП» расказала педагог-арганізатар установы Тамара Махнач. «У рамках трэцяй лагернай змены плануюцца гульні «Што? Дзе? Калі?», мерапрыемства «У пошуках напою бадзёрасці». Абавязкова пройдзе фестываль мастацтваў. А на канцэрт з выпадку закрыцця змены мяркуем запрасіць бацькоў. Важатыя ж, са свайго боку, адказваюць за падрыхтоўку важацкага канцэрта». «Я ў лагеры ўжо трэці раз. У маёй скарбонцы нямала дасягненняў у галіне фізікі: наша каманда ад Ліцэя БДУ заняла першае месца ў рэспубліканскім турніры юных фізікаў, я ўдзельнічаў у міжнародным турніры ў Тайландзе, таксама атрымаў дыплом першай ступені на трэцім этапе алімпіяды па фізіцы ў гэтым годзе, — расказвае Данііл Ермалкевіч. — І вельмі рады зноў апынуцца ў «Брыганціне», у адной камандзе — вучняў і настаўнікаў. Гэта робіць трэцюю змену выключнай».

Прочитано 2453 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»