Суббота, 20 сентября 2014 04:10

Залатое вяселле ў залатую пару

Залатое вяселле ў залатую пару Фота Святланы АДАМОВIЧ
Светлана АДАМОВИЧ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Яшчэ на падыходзе да брамкі сядзібы Яўгена і Ядвігі Рубашных з вёскі Глінкі Уздзенскага раёна вочы літаральна разбягаюцца, бо не ведаеш, куды ў першую чаргу глядзець: на адмыслова расфарбаваны жалезабетонны плот ці на шыльду «Дом узорнага парадку», на вялізныя (здаецца, пад неба!) каны. Але вось насустрач спяшаецца гаспадыня, гасцінна запрашае на падворак. А там — новыя дзівосы. Безліч разнастайных кветак, сярод якіх і такія ж, як каны, высозныя. Здаецца, што трапіў у джунглі, але ў джунглі акультураныя, — усё тут дагледжана, рассаджана, зроблена з любоўю.

Непадалёк ад хаты — мінівыставы. Ну быццам на якім сельскагаспадарчым свяце! Прыгожыя гарбузы незвычайнага колеру (гаспадыня тлумачыць, што такія называюцца каўбузы — спецыяльны сорт, мяккія) складзены пірамідаю. За імі на арыгінальна аформленым узвышшы — восеньскія дарункі саду і лесу. Да апошніх смела можна аднесці і венікі, звязаныя гэтым дружным сямействам. А далей вы бачыце міні-заапарк, дзе сярод куплёных фігурак цудоўна пачуваюцца і забаўныя парсючкі ды свінкі, зробленыя ўласнымі рукамі з пэт-бутэлек. Але і гэта яшчэ не ўсе дзівосы. І не толькі ў гаспадарчым плане.

Разам Рубашныя — 51-ы год! Летась адсвяткавалі залатое вяселле. Жывуць у ладзе ды згодзе. Яўген Станіслававіч і Ядвіга Юльянаўна ўсю работу робяць разам. Ён на свой трактар — яна за плуг. Падаруць чатыры баразны — і выбіраюць сабе паціху бульбу. А тады зносяць яе да склепа і перабіраюць — сартуюць: вялікую, малую, агульную, насенную. Бульбы ж сёлета вырасцілі — ой-ёй! Склеп засыпаны даверху. А ўвогуле скляпоў на падворку ажно тры! І ўсе з запасамі на зіму — сабе, дзецям, жывёле. Разам гаспадары ездзяць па матэрыял для венікаў у лес, разам іх вяжуць. Ды таксама не адзін два, а сотнямі.

Гэтыя іх гаспадарчыя вырабы заўсёды запатрабаваныя ў сельгасарганізацыях. Летась, зазначае Ядвіга Юльянаўна, мо 300 звязалі: 200 з іх забралі на склад. Умее Яўген Станіслававіч і кошыкі плесці. Той, што з яблыкамі, — таксама справа яго рук. Раней з лазы плёў, цяпер усё больш — з гаспадарчай стужкі.

«Ён без бацькі гадаваўся з 10 год, дык усяму навучыўся», — тлумачыць жонка. Яны ніколі не адмаўляюцца дапамагчы іншым. Ядвіга Рубашная ўжо год 13 з’яўляецца старэйшынай вёскі Глінкі. «Трэба ж дапамагаць Паўлаўне (старшыні Слабадскога сельвыканкама Таццяне Паўлаўне Пракацень. — Аўт.), — тлумачыць. — Таму прыбіраем на могілках — і ўвесну, і ўвосень. Тады вывозім смецце з мужам на сваім трактары. Наведваем маламаёмных, адзінокіх. Калі з якой праблемай ідуць ці з пытаннем, я адразу Паўлаўне тэлефаную. Калі вуліцы дзе трэба падкасіць, муж ідзе і косіць». І гэта нягледзячы на тое што самі трымаюць яшчэ карову, свіней, індыкоў, курэй...

Як жа спраўляюцца з усім гэтым? Ядвіга Юльянаўна, усміхаючыся, адказвае: «А ў чатыры раніцы ўстаўшы, да дзесяці вечара ўправішся. Усё паспяваем, бо ўдваіх». У вёсцы нават сямейныя пары кажуць пра іх: «Выйдзем на пенсію, дык і мы будзем, як Рубашныя».

Але ж і выпрабаванняў на іх долю нямала выпала. Даглядаюць дачку — інваліда першай групы. Аднак яны мужна ідуць па жыцці, рука ў руцэ. Ёсць у іх і сын, жыве ў Мінску. Вядома ж, прыязджае дапамагчы бацькам. Не забываюць пра іх і іншыя сваякі.

Сялянскую загартоўку Яўген Станіслававіч і Ядвіга Юльянаўна атрымалі яшчэ ў дзяцінстве, хапала тады нястач. Усё жыццё працавалі ў калгасе, стаж у кожнага — больш за 40 год. Яшчэ і зараз не адмаўляюцца дапамагчы мясцовай гаспадарцы, калі трэба.

...На развітанне Ядвіга Юльянаўна кліча мяне за брамку, якая выходзіць на іх соткі. А там... Горы гарбузоў і тых самых каўбузоў! І людзі, і жывёла будуць забяспечаны на ўсю зіму.

Прочитано 1795 раз
Оцените материал
(4 голосов)

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»