Мусака, гапак і беларуская вышыўка

Таленавітыя, працавітыя патрэбны ўсюды. Многія рэгіёны Міншчыны сталі другой радзімай для прадстаўнікоў узбекскай, азербайджанскай, туркменскай, грузінскай, татарскай нацыянальнасцей. Яны зберагаюць вернасць этнічным традыцыям, што чарговы раз і прадэманстравалі на  ХІІ абласным фестывалі нацыянальных культур у Маладзечне.

 Каларыт нацыянальных культур прадэманстравалі ў Маладзечне

«Гамарджоба», «бунэ зіуа», «ясас», «здравствуйте»... – віталі адно аднаго армяне, казахі, грэкі, таджыкі, што з’ехаліся ў Маладзечна на ХІІ абласны фестываль нацыянальных культур. Украінскія варэнікі суседнічалі на адным стале з фаршыраванай рыбай па-яўрэйску, гучалі польскія песні, выконваліся туркменскія танцы, на грэчаскім нацыянальным інструменце бузукі ігралі беларускую народную песню «Туман ярам».

Фестываль пачаўся з выставы, на якой былі прадстаўлены работы народных майстроў і нацыянальная літаратура. Тут жа, у Палацы культуры, прайшла дэгустацыя страў грэчаскай, рускай, украінскай, польскай, узбекскай, армянскай і іншых нацыянальных кухняў.

Віно малдаўскае, вінаград – беларускі
«Пад небам Міншчыны хапае месца ўсім», – усміхаецца Васіль Семянюк з Дзяржынскага раёна, які разам з Алесяй Козыр і Ілзай Алахвердзян прадстаўляе на фестывалі малдаўскую дыяспару. У вёску Баравікі разам з жонкай Нінай ён пераехаў у 1991 годзе. Кажа, ні разу аб гэтым не пашкадаваў: на беларускай зямлі змог знайсці работу, пабудаваў дом, падняў сыноў, заклаў сад і вінаграднік.

Ён ніколі не адчуваў сябе тут чужым. Заўсёды паважаў традыцыі і звычаі краіны, у якой жыве. Вывучыў беларускую мову, піша, натхняючыся цудоўнымі краявідамі, вершы, цікавіцца гісторыяй і… не можа прайсці міма рэквізіту часоў СССР.
«Малдова і Беларусь маюць даўнія сяброўскія карані, – кажа Васіль Семянюк. – Народы нашы вельмі падобныя. Мы не цураемся ніякай работы, стараемся жыць у згодзе, любім і паважаем гасцей».

Адчула гэта і Алеся Козыр, якая разам з сям’ёй пераехала ў Мінск чатыры гады таму. «Сваякі мужа беларусы, – разказвае жанчына, – вось і нас паклікалі да сябе. Каб быць побач, часцей сустракацца. І мы згадзіліся. Таму што ад іх ведалі: у Беларусі (якую ўжо любім!) можна і самім рэалізавацца, і дзецям добрую адукацыю даць. Але не забываем і Малдавію. Каб расказаць пра свае традыцыі, і прыехалі на фестываль. З сабой прывезлі мамалыгу – кашу з кукурузнай мукі, а таксама вінаграднае віно, без якога не абыходзіцца ніводнае наша вясновае свята «Мэрцішор». Частуем гасцей і малдаўскімі пірагамі, а таксама стравай, якая называецца «такана». У якасці асноўнага інгрэдыенту ў ім – беларуская грудзінка. І наша малдаўскае віно зроблена з беларускага вінаграду».

Рідна мова – українська
Многія ўдзельнікі крочаць ра­зам з фестывалем нацыянальных культур з дня яго заснавання. У іх ліку і старшыня маладзечанскага культурна-асветнага таварыства ўкраінцаў «Краяны» Леанід Лысакабылка. Нарадзіўся і вырас ён ва Украіне, у знакамітай Дзіканьцы на Палтаўшчыне жывуць шматлікія яго сваякі. «Краіна ваша ціхая, спакойная, прыгожая, – прызнаецца ён.  – Тут цудоўная прырода, ды і людзі цудоўныя».

Дыяспару ўкраінцаў у Маладзечне Леанід узначальвае больш за 10 год. Чалавек ён актыўны, прымае ўдзел у грамадскім жыцці горада, прапагандуе сваю культуру. Прызнаецца, што гісторыю Беларусі ведае куды лепш, чым гісторыю Украіны, як-ніяк амаль дзесяць год быў дырэктарам курсаў па падрыхтоўцы экскурсаводаў, ды і самому даводзілася спрабаваць сябе ў гэтай ролі.

IMG 4027 1

А вось яго зямлячка Ала Хала­дзінская публічным чалавекам сябе не лічыць. Таму, расказваючы пра сваю культуру і свой народ, крышачку саромеецца. Затое доўга і з настроем распавядае пра нацыянальныя стравы, якія яна, пражыўшы ў Беларусі 20 год, гатуе віртуозна.

«Кухні ў нас падобныя, – кажа жанчына. – Проста стравы часам называюцца па-рознаму. Узяць хаця б украінскі боршч. Дык і беларусы ж яго вараць, хіба крышачку па-іншаму. І варэнікі ў вас робяць, і піражкі розныя, бліны з начынкай, вельмі падобныя на нашы наліснікі».

На фестываль Ала прыехала з Клецкага раёна. Разам з сабой прывезла гурт «Забава», што створаны пры Рассветаўскім Доме культуры. Жанчыны з задавальненнем частавалі гасцей рознымі прысмакамі, дзяліліся рэцэптамі, запрашалі пакаштаваць пончыкі, пампушкі, ды пад трапнае ўкраінскае слоўка. «Матчыну мову не забылася, – кажа Ала, – з роднай украінскай магу лёгка перайсці на такую ж родную беларускую. І наадварот».

Грэкаў аб’яднаў «Пелапанэс»
Выпускнік Новачаркаскага політэхнічнага інстытута Рафаэль Дэльянаў прыехаў у Маладзечна ў кастрычніку 1975 года. Ідэя аб`яднаць усіх грэкаў, што жывуць у Беларусі, нарадзілася ў яго ў 1992-м. Знайшоў суайчыннікаў у горадзе, пасля разам з аднадумцамі сталі шукаць іх па ўсёй Беларусі, каб з цягам часу стварыць суполку – цяпер гэта вядомы ва ўсёй краіне «Пелапанэс». Дарэчы, Пелапанэс – гэта паўвостраў у Грэцыі, прыгожае месца, названае ў гонар цара і нацыянальнага героя Пелопса, які лічыцца заснавальнікам Алімпійскіх гульняў.

Сам Рафаэль нарадзіўся за межамі этнічнай радзімы, у Грузіі, куды продкі пераехалі з Турцыі пасля руска-турэцкай вайны. Бацька працаваў у сяле Цінцкара брыга­дзірам трактарнай брыгады, маці – даяркай. Там жыло шмат грэкаў, але многія з’ехалі: хто ў Расію, хто ў Грэцыю, а хто і ў Беларусь.

Са шматнацыянальнага пасёлка Ігнатаўка (Данецкая вобласць), дзе разам жылі цыганы, малдаване і грэкі, трапіла колісь у Мала­дзечна і сям’я Наталлі Ахпаш. Тады лічылі, што часова. Аказалася – на ўсё жыццё. Пра сваю радзіму і пра свой род жанчына можа расказ­ваць бясконца. Як і пра сына Арцёма, які вывучыў грэчаскую мову і сёння свабодна на ёй гаворыць, піша вершы, спявае.

Міншчына – адзіная сям’я
Расквеціў фестывальную па­літру тэматычны канцэрт «Міншчына – адзіная сям’я», які адкрыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Сяргей Ладышаў.

«Наша Міншчына стала домам для прадстаўнікоў 30 нацыянальнасцей і 13 канфесій, – зазначыў ён. – І мы ніколі не ведалі канфліктаў, нейкіх непаразуменняў. Таму цяжка ўсвядоміць, што ёсць усвеце краіны, дзе людзі не мірацца адно з адным».

Яшчэ больш паяднала прадстаўнікоў розных народаў маладзечанская сцэна. Грэчаскую культуру прадстаўлялі Сабрына Саўдон, самая юная ўдзельніца фестывалю, Дзмітрый Такопула, Вікторыя Бакурская. Пра сонечны Туркменістан спявала Аліна Меледжаева, «Яўрэйскае мястэчка» – Тамара Сяргеева.

Армянскую культуру прапагандаваў на фестывалі сямейны дуэт у складзе Таццяны Саарбекян і Ганны Язэпчык з пасёлка Новагарадзейскі Нясвіжскага раёна, малдаўскую – вакальны гурт з Дзяржыншчыны на чале з Васілём Семенюком.

Па выніках фестывалю журы, якое ўзначальваў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча прафесар Міхаіл Дрынеўскі, вызначыць лаўрэатаў, якія прадставяць вобласць на ХІІ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, што пройдзе ў наступным годзе ў Гродне. І яны, як і тут, у Мала­дзечне, будуць старацца паказаць сваю культуру, пазнаёміць з традыцыямі свайго народа. Бо куды б ні закінуў чалавека лёс, ён ніколі не забудзе сваю мову, свае песні, вядомыя з маленства ўзоры. І ў той жа час будзе паважаць спадчыну той краіны, дзе яму наканавана жыць. 

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»