Суббота, 04 апреля 2015 16:51

Партызанскiя часопiсы

Наталья ФИЛИППОВИЧ
Партызанскiя часопiсы mpravda.by

У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца ўнікальная калекцыя партызанскіх рукапісных часопісаў. Іх 248 — аб жыцці, баявой дзейнасці і творчасці беларускіх партызан, выданні партызанскіх фарміраванняў Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.

Цэнтралізаваны збор першых помнікаў вайны музейнага значэння пачаўся з прыняцця рашэння аб стварэнні Камісіі па збору дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны 2 чэрвеня 1942 года. Старшынёй камісіі быў прызначаны сакратар ЦК КП(б)Б па прапагандзе Цімафей Гарбуноў, адказным сакратаром — супрацоўнік апарату ЦК КП(б)Б Васіль Стальноў, які потым стаў першым дырэктарам музея. Дакументы і матэрыялы аб партызанскім руху ў Беларусі, у тым ліку партызанскія часопісы, пачалі паступаць у камісію праз год.

Наступны этап — стварэнне ў верасні 1942 года Беларускага штаба партызанскага руху і ўстанаўленне пастаяннай авіясувязі Беларусі з Вялікай зямлёй праз партызанскія аэрадромы. Новы этап у гісторыі збору рэліквій — пастанова ЦК КП(б) Беларусі ад 30 верасня 1943 года аб стварэнні музея па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецкафашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну. З адкрыццём Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (22 кастрычніка 1944 года) усе сабраныя дакументы былі перададзены ў музейныя фонды.

Матэрыялы рукапісных часопісаў адлюстроўваюць дзейнасць партызан на працягу 1941—1944 гадоў, такім чынам, увесь перыяд барацьбы ў тыле ворага. Першыя нумары часопісаў з’явіліся на пачатку 1942 года ў Магілёўскай вобласці, на працягу 1943—1944 гадоў — у іншых абласцях. Выданні былі перыядычнымі (штомесячнымі, двухтыднёвымі) і ў адзіным экзэмпляры. Устанавіць, колькі часопісаў было выпушчана ў партызанскіх фарміраваннях за гады баявой дзейнасці на Беларусі, на жаль, немагчыма, звесткі аб іх фрагментарныя. Рукапісныя часопісы з’яўляліся адной з крыніц агітацыйна-прапагандысцкай і ідэйна-выхаваўчай работы сярод партызан. Ствараліся часопісы калектыўна. Рэдактарамі, як правіла, прызначаліся камісары атрадаў і брыгад, сакратары партарганізацый. Назвы часопісаў адлюстроўваюць іх змест, часта супадаюць з назвай атрада ці брыгады. Аўтарамі артыкулаў, апавяданняў, старонак гумару і сатыры былі палітработнікі, байцы і камандзіры.

На старонках «малога друку» яскрава адлюстроўваецца ўвесь спектр як аматарскага выяўленчага мастацтва, так і талент вядомых беларускіх мастакоў, што апынуліся ў радах партызан, — Генрыха Бржазоўскага, Мікалая Гурло, Сяргея Раманава, Уладзіміра Сухаверхава і іншых. Мастакі не пакідалі без увагі ніводны эпізод партызанскага жыцця. Ідэйная накіраванасць часопісаў забяспечвалася іх шматлікімі сюжэтна-тэматычнымі замалёўкамі, трагічнымі карцінамі злачынстваў фашыстаў на беларускай зямлі, фрагментамі баявых дзеянняў партызан, партрэтамі народных мсціўцаў, мініплакатамі і сатырычнымі малюнкамі рознай тэматыкі — ад палітычных карыкатур да бытавога жанру.

Арганізоўваліся калектыўныя чытанні па ўзводах, ротах, аддзяленнях. Захоўваліся часопісы  разам з даку ментамі атрада ці брыгады. Апы нуўшыся ў варожай блакадзе, партызаны закопвалі рукапісныя часопісы ў зямлю ў скрынях ад патронаў і снарадаў. Хочацца пазнаёміць чытачоў «МП» з гісторыяй першага рукапіснага часопіса, аб чым распавядаюць матэрыялы музейных фондаў і ўспаміны яго першага рэдактара — Васіля Бачарова. Былы партызан і падпольшчык, ён зведаў на сабе горыч адступлення і акружэння, палон і махавік рэпрэсій…

У студзені 1942 года пры разгроме торфапрадпрыемства ў Дукорах разведка данесла, што на складах торфазавода знаходзяцца вялікія запасы мукі, мяса і іншага харчавання, прызначанага для вывазу ў Германію. Акрамя знішчэння прадпрыемства, была пастаўлена задача захапіць прадукты і даставіць іх на базу атрада. Аперацыя была праведзена паспяхова. Бачарову ўдалося стварыць таксама запасы пісчай і капіравальнай паперы, сшыткаў, і так званы папяровы голад штаба атрада быў ліквідаваны. Як газетчыку, Бачарову было даручана весці дзённік баявых дзеянняў. Вось тады і ўзнікла ідэя выпускаць рукапісны часопіс, і ў канцы студзеня 1942 года на пасяджэнні бюро атрада №208 па прапанове яго камандзіра Уладзіміра Нічыпаровіча было вырашана выпускаць мастацка-палітычны часопіс пад назвай «Народный мститель», першы нумар якога выйшаў у лютым 1942 года. Бачароў быў прызначаны рэдактарам, членамі рэдкалегіі — сакратар партбюро Бывалы, палітрук, гісторык па адукацыі Юдзін, палітрук партызан Дзееў, які да вайны працаваў журналістам і ў якога быў прыгожы почырк. Мастацкім афармленнем займаўся партызан-кулямётчык Міша (Мухамед Муртазавіч) Байбекаў. Першы нумар часопіса выйшаў як самаробны сшытак, збрашураваны ніткамі з аркушаў абгортачнай паперы і школь нага сшытка.

Паводле ўспамінаў рэдактара часопіса Бачарова, «тэматыку творчасці партызан падказвала сама барацьба, жыццё ў тыле ворага. Апісанне баявых аперацый партызаны перачытвалі па некалькі разоў. За часопісам была чарга, і калі ў адным падраздзяленні часопіс затрымліваўся, у іншых гэта выклікала незадаволенасць. Быў устаноўлены строгі графік перадачы часопіса з падраздзялення ў падраздзяленне. Кожны апісаны эпізод быў блізкі і дарагі народным мсціўцам…» Так, напрыклад, у замалёўцы малодшага палітрука Івана Яфімава «Бой у засадзе» расказваецца пра подзвіг партызана Сямёна Макарава, які, вяртаючыся з разведкі ў марозную лютаўскую ноч 1942 года, разам з таварышам трапіў у засаду. Байцы прынялі бой, былі паранены, схаваліся ў закінутым хляве ля дарогі. Каб не загінуць разам, лейтэнант Макараў загадаў малодшаму па званню Стрэльскаму дабрацца да атрада, а сам адстрэльваўся да апошняга патрона. І калі фашысты ўварваліся ў бастыён героя, ён падарваў сябе і ворагаў апошняй гранатай.

Усё знайшло адлюстраванне ў часопісе — героіка баёў, партызанскія будні і, вядома, сатыра і гумар пад рубрыкай «Не ў брыво, а ў вока». Перагортваеш старонкі першага рукапіснага часопіса «Народный мститель», які нарадзіўся ў лютым 1942 года: загалоўкі, шапкі палос… Кожны артыкул, нарыс, заметка — своеасаблівы радок у летапісе партызанскай прэсы.

Партызанскія рукапісныя часопісы, дзвесце сорак восем адзінак… Героі іх публікацый, розныя па нацыянальнасці, уласным жыццём служаць сваёй справе, свайму народу. Гэтай унікальнай музейнай калекцыі ў 2009 годзе быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.

Прочитано 2163 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»