Суббота, 25 апреля 2015 01:11

Партызанскі вернісаж

Наталля ФІЛІПОВІЧ

У музеі рыхтавалася выстава да 85-годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Сяргея Раманава. Падчас афармлення экспазіцыі расчыніліся дзверы выставачнай залы, і мы ўбачылі нашага паважанага мастака, які за плячыма нёс нешта загорнутае ў коўдру. 

Сяргей Рыгоравіч разгарнуў сваю цяжкую ношу са словамі: «Вось якой была мая першая творчая справаздача ў маі сорак чацвёртага года ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне». Так мы сталі першымі гледачамі карціны «Партызанскі вернісаж» і з хваляваннем слухалі гісторыю яе стварэння: — Увесь мой мастацкі багаж складаўся з самаробнага кішэннага альбомчыка, агрызка алоўка ды кавалачка гумкі. Знайсці паперу было вельмі цяжка. Іншы раз ёю забяспечвалі разведчыкі, галоўным чынам шпалерамі. Маляваць даводзілася ў самых незвычайных умовах: верхам на кані, калі брыгада была ў паходзе, у засадзе, на прывале, у хвіліны адпачынку ў зямлянцы, нават стоячы ў нарадзе. Усе свае малюнкі я насіў у рэчмяшку, у вокладцы фотаальбома, які мне аднойчы падаравалі… У пачатку лета 1944 года адзначалася двухгоддзе нашай брыгады. Да таго часу я ўжо меў нямала малюнкаў, карыкатур, сяброўскіх шаржаў. Камісар атрада Аляксандр Мальцаў прапанаваў арганізаваць іх выставу, прымеркаваўшы яе да другой гадавіны стварэння 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады. Паўстала пытанне: дзе і як? Неўзабаве выйсце было знойдзена: я нарэзаў пруткоў лазы, расшчапіў іх, уставіў у шчыліны малюнкі і на лыкавых вяровачках развесіў на галінках дрэў. Ад павеваў ветрыку ўся экспазіцыя ажывала, гайдалася, а наўкол стаялі ўзброеныя людзі. Гэта былі першыя гледачы маёй першай персанальнай выставы.

Гэты аповед мастака-партызана яскрава адлюстраваны ў кампазіцыі «Партызанскі вернісаж», як роздум аб часе і аб сабе. Сяргей Рыгоравіч Раманаў нарадзіўся ў Маскве 17 верасня 1914 года. Пасля заканчэння фабрычна-заводскага вучылішча працаваў токарам на заводзе і адначасова вучыўся на курсах для мастакоў заводскіх шматтыражак пры рэдакцыі часопіса «Крокодил». У 1939 годзе скончыў мастацкапедагагічнае вучылішча і быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. Першае бая вое хрышчэнне малады баец прыняў у чэрвені 1940-га, як удзельнік Бесарабскага канфлікту ў складзе Паўночнай групы войскаў пад кіраўніцтвам генерала арміі Георгія Жукава. За выдатную вучобу і грамадскую дзейнасць у палку Раманаў быў прэміраваны дзесяцідзённым водпускам дадому. Але пачалася вайна.

Абарончыя баі пад Кіевам, дзе ён быў паранены, зведаў горыч акружэння, пакуты першых адступленняў і палон у 1942 годзе. Потым Сяргей здолеў уцячы з фашысцкага канцлагера. Партызанскі рух на Беларусі выліўся ў магутнае ўсенароднае супраціўленне. Народныя мсціўцы наводзілі жах і паніку на захопнікаў, мацавалі веру ў Перамогу нашага народа. У цяжкіх баях мужнелі людзі, прыходзіла папаўненне. Так, у 1943 годзе Раманаў прыйшоў вопытным байцом у 8-ю партызанскую брыгаду, якая базіравалася ў Рагачоўскіх, Усакінскіх, Клічаўскіх і Быхаўскіх лясах. У якасці кулямётчыка ўдзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях, быў паранены. Партызанскія мастакі заўсёды былі разам са сваімі героямі, хадзілі з імі на заданні, мініравалі дарогі, узрывалі масты, знішчалі варожыя гарнізоны. Свае замалёўкі Раманаў рабіў у рэдкія вольныя хвіліны. Маляваў разведчыкаў і падрыўнікоў, камандзіраў і камісараў, герояў баёў, эпізоды партызанскага жыцця — будаўніцтва зямлянак у новым лагеры, кароткі адпачынак у лесе, — часам добрым гумарам. Трэба зазначыць, што шматлікія сюжэтныя замалёўкі партызанскіх мастакоў дапаўняюць пэўнымі фактамі пісьмовыя звесткі аб баявой дзейнасці і ідэйнавыхаваўчай рабоце атрадаў і брыгад, што захоўваюцца сёння ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яны прыцягваюць увагу перш за ўсё сваёй шчырасцю. Партызанскае жыццё іншы раз было поўнае такіх дэталей, што знарок і не прыдумаеш. І гэта знайшло сваё ўвасабленне ў графічных аркушах. Унікальнай старонкай творчасці Сяргея Раманава стала афармленне партызанскіх рукапісных выданняў. У «баявых лістках», насценных газетах і рукапісных часопісах ён стварыў дзясяткі арыгінальных ілюстрацый да артыкулаў, апавяданняў, партызанскага фальклору. З сімпатыяй і любоўю мастак прапускаў праз прызму гумару многія моманты партызанскага жыцця. Сатыра з’яўлялася дзейснай зброяй нагляднай агітацыі. Не было паратунку Гітлеру і яго  памагатым у карыкатурах і коміксах Раманава. Такі сплаў літаратуры, вуснай народнай творчасці і выяўленчай мовы — вельмі моцны мастацкі інструмент. На жаль, ва ўмовах ляснога жыцця з яго баямі і паходамі, не заўсёды ўдавалася беражліва захоўваць нават самыя каштоўныя ў мастацкіх адносінах работы. А пасля вайны карэнны масквіч назаўсёды застаўся ў Беларусі. Тут сустрэў ён і асабістае шчасце. Раманаў стаў адным з першых мастакоў — супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Запіс аб прыёме на работу ў музей датаваны 16 ліпеня 1944 года. Большасць супрацоўнікаў — былыя партызаны і падпольшчыкі. Сярод іх быў і мастакфрантавік, мастак-партызан Раманаў, узнагароджаны медалямі: «За адвагу», «За абарону Кіева», «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Музею быў выдзелены адзін з нямногіх уцалелых у Мінску будынкаў — Дом прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Першая экспазіцыя для наведвальнікаў адкрылася 22 кастрычніка 1944 года афармленнем дзвюх выстаў: «Узбраенне беларускіх партызан» і «Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны». За творчую працу над іх афармленнем разам з іншымі супрацоўнікамі Сяргей Раманаў быў узнагароджаны першымі музейнымі граматамі. Дзесяцігоддзямі фарміраваўся творчы багаж Раманава. Мастак шырокага творчага дыяпазону, ён выступаў у якасці графіка-станкавіста і ілюстратара кніг, сатырыка і плакатыста, плённа працаваў у жывапісе. Яго першае сюжэтна-тэматычнае палатно «У пошуках сына», напісанае ў 1945 годзе, і сёння прадстаўлена ў музейнай экспазіцыі. Мастак стварыў некалькі графічных цыклаў, прысвечаных мірнай працы, але галоўнай у творчасці Сяргея Рыгоравіча заўсёды заставалася партызанская тэма. Знаёмых герояў мы сустракаем і ў кніжнай графіцы. Сярод аформленых ім кніг такія вядомыя, як «Дрыгва» Якуба Коласа, «Векапомныя дні» Міхася Лынькова. Творчы партрэт Раманава дапаўняе яго трыццацігадовая праца як таленавітага карыкатурыста ў часопісе «Вожык», на старонках якога паказаў сябе майстрам палітычнай і бытавой сатыры.

Раманаў — мастак-рэаліст, ён быў выключна патрабавальны да сябе. Не адно дзесяцігоддзе яго творы былі ў цэнтры мастацкага жыцця рэспублікі, сталі залатой спадчынай беларускага выяўленчага мастацтва.

 «Пока творю, я буду жить!». Гэтыя словы вядомага паэта Мікалая Дарызо з’явіліся эпіграфам юбілейнай выставы, прысвечанай 85-годдзю заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргея Рыгоравіча Раманава. На жаль, яна была апошняй.

Прочитано 2700 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»