Понедельник, 17 апреля 2017 15:00

«Сала многа не браў»

Ірына МАТУСЕВІЧ, Дзяржынскі раён.

Выпадак, пра які хачу расказаць, адбыўся 17 год таму. Але і зараз успамінаю яго з усмешкай.


Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта я працавала ў вясковай школе і, вядома, надзвычай ярка ўспрымала ўсе праявы свайго новага, дарослага жыцця.

...З вучнямі сёмага класа вывучалі апавяданне Віктара Карамазава «Дзяльба кабанчыка». Яны шчыра зацікавіліся творам, шкадавалі маці, якая аддала дзецям, што жылі ў горадзе, усё мяса ды сала, а сабе пакінула толькі хвост ад кабана. Асуджалі яе дачок: ім бы толькі торбы паўней напхаць! Ухвалялі малодшага сына – за тое, што ў апошні момант вырашыў не ехаць у горад, а застацца ў бацькоўскай хаце.

Дома дзеці павінны былі напісаць сачыненне. Прапанавала тэмы на выбар: «Трэба дома бываць часцей», «У вёску па сала», «За што я асуджаю герояў апавядання». На наступным уроку сачыненні зачытвалі. Узрушана і пранікнёна мае выхаванцы дзяліліся ўласнымі думкамі пра тое, што яны ніколі не здрадзяць вёсцы і не павядуць сябе так, як літаратурныя персанажы. Але з усіх сачыненняў асабліва запомнілася адно, даўжынёй... у два радкі. Вучань пісаў як бы з будучыні: «Я прыехаў да маці, накалоў дроў, прынёс вады. Сала многа не браў». І больш – ні слова.

Відавочна, аб’ём пісьмовай работы не адпавядаў праграме. Не помню нават, якую адзнаку за гэты «твор» паставіла. Толькі каму з калег пасля ні расказвала, усе, паўсміхаўшыся, сыходзіліся на думцы: выхаваўчая мэта ўрока дасягнута.
Праз столькі год цікава было б даведацца, як сябе паводзіць мой даўно дарослы вучань, прыязджаючы «ў вёску па сала»…

Прочитано 123 раз
Оцените материал
(0 голосов)
Система «Расчёт»