Версия для печати
Пятница, 16 Март 2018 09:27

Месца сустрэчы змяніць нельга

Ірына РЫБАЧЭНКА

Як мы жылі раней без мабільных тэлефонаў? Гэтые пытанне раз-пораз задае сабе, мабыць, кожны. Безумоўна, рэч вельмі зручная. Але ж яны былі не заўсёды

 

 

Памятаю, расказ майго мужа, як ён у юнацтве сустракаўся з сябрам у Мінску (мабільнікаў у нас тады яшчэ не было). Дамовіліся яны пабачыцца каля “дома мод”. Адзін падумаў пра Дом мадэлі, што быў тады на Нямізе, другі – пра Нацыянальную школу прыгажосці на Мельнікайтэ. Так і стаялі кожны на сваім месцы каля гадзіны, пакуль не раз’ехаліся па дамах.

Цяпер усё па-іншаму: сазваніўся-спісаўся, расказаў, дзе знаходзішся – і ўжо праз 5—10 хвілін бачыш свайго сябра, які па сваіх справах ў тым жа раёне. Аднак, як высвятляецца, не ўсё так проста. Нядаўна была сведкай камічнай сцэны. Метро. Народу шмат. Усе, як водзіцца, кудысьці спяшаюцца. Спускаюсь разам з натоўпам па лесвіцы на перон. Чуем, жанчына ўзрушана кажа ў тэлефон:

-- Ну куды ты падзелася? Я чакаю ўжо хвілін пятнаццаць. Мы ж дамовіліся сустрэцца на лесвіцы…

  І тут з другога боку той жа лесвіцы:

-- Ды я ўжо паўгадзіны тут стаю, але ж цябе не бачу!

-- Дзе тут? Я таксама цябе не бачу.

І вось яны пачынаюць разумець, што абедзьве знаходзяцца на лесвіцы, толькі з разных канцоў. Праз шчыльную плынь людзей углядаюцца ў процілеглы бок і – якая радасць! – усё ж сустракаюцца. Мы таксама за іх рады, бо за тыя некалькі хвілін, пакуль доўжылася размова, пачалі нервавацца, перажываць: ці знойдуць адна адну. Гэтая гісторыя, дзякуй богу, скончылася шчасліва. Толькі выходзіць, што мабільны тэлефон не вырашае ўсіх праблем…

Прочитано 886 раз
Оцените материал
(1 Голосовать)