Пятница, 11 Май 2018 11:45

Начны крадзеж

Ірына РЫБАЧЭНКА

Гэтую гісторыю мне расказала сяброўка. У яе дома жылі два каты. Першы – Лорд – стары, хворы, любіў спакойна ляжаць дзе-небудзь у цёплым месцы. А другі, яго завуць Рыжы, – малады, свавольны, гарэзлівы. Ён увесь час надакучваў Лорду, вымушаў таго бегаць, хавацца, нервавацца. Але ўвогуле яны жылі мірна, нават гулялі ра­зам. Гаспадыня, безумоўна, любіла абодвух, заўсёды імкнулася накарміць смачненькім. Пасля працы, калі прыходзіла дадому, каты яе сустракалі, чакалі ўвагі і… ежы. І атрымлівалі адно і другое.

 

Аднойчы вечарам сяброўка вырашыла зварыць суп, каб назаўтра ўзяць яго на работу (сталоўкі на працы не было, даводзілася браць з сабой). Смачны атрымаўся курыны булён. Але ж яшчэ вельмі гарачы, у халадзільнік не паставіш, а час позні, трэба і спаць класціся. Вырашыла пакінуць на пліце, каб назаўтра адліць у слоічак, астатняе можна й вечарам з’есці. Раніцай па будзільніку ўскочыла, хуценька сабралася, кавы папіла, слоічак схапіла, у які супу думала наліць, – і да каструлі. Адкрыла крышку – і ажно рот разявіла: «Дакладна памятаю, што было мяса».

Але ж дзе яно цяпер? Што рабіць? Час выходзіць з дома. Наліла ў слоік, што было, і пабегла на працу. Вечарам вяртаецца, адчувае: нешта не так. Каты, якія кожны дзень сустракалі яе і лашчыліся, нават не выйшлі. Мабыць, штосьці здарылася. Сэрца непрыемна заныла. Увайшла ў пакой – гадаванцы на месцы: здаровыя на выгляд, задаволеныя. Пакрочыла на кухню. Уся падлога выпацкана ў нешта тлустае. «Што гэтыя гарэзы тут рабілі?» – здзівілася гаспадыня.

Прыгледзелася і зразумела: яе любімыя коцікі добра паабедалі курыцай з супу, бо кавалкі мяса былі раскіданы, як аказалася, па ўсёй кватэры. Але ж як змаглі дастаць? Гэта засталося загадкай. Відаць, вельмі хацелася есці. 

Збіралася, было, насварыцца, пакараць. Але ўжо праз колькі імгненняў злосць адступіла: бедныя мае, мо, так есці хацелі, што прыдумалі такое! Прыбралася, вымыла падлогу. І пайшла гатаваць сваім любімым гадаванцам смачненькае...

Прочитано 672 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»