Пятница, 20 Июль 2018 14:26

Выдатнікі па школьнаму сяброўству

Алёна КАРАНЕЎСКАЯ

Яны доўга рыхтаваліся да гэтай сустрэчы. Спісваліся ў сацсетках, сазвоньваліся, узгаднялі планы, каб вызначыць ідэальную дату – выпускнікі вясковай школы зрабілі ўсё мажлівае, каб зноў убачыцца. Здаецца, нічога незвычайнага. Акрамя таго, што тым дзяўчынкам ды хлопчыкам – як яны ­па-ранейшаму называюць адно аднаго – сёлета стукнула па 70 годзікаў.


– Трэба! Яно. Мне. Трэба. Сустрэча аднакласнікаў пройдзе ў нашай хаце, – на корані спыніла нясмелыя намёкі на залішнія клопаты і неспакой мама. Нам з сястрой давялося толькі пагадзіцца. 

Па традыцыі ў назначаны дзень яны збіраюцца ў цэнтры вёскі а ­18-й гадзіне ля двухпавярховага будынка з чырвонай цэглы – тут сёння вучаць музыцы дзяцей ды месціцца бібліятэка. А для іх гэта школа, у якой з першага па дзясяты разам с ведамі расло і набіралася моцы іх сяброўства. Дзе класны кіраўнік Аляксандр Сяргеевіч быў Аляксашай, дзе прынцыповы дырэктар здаўся і дазволіў пасля суботніка правеці вечарыну адпачынку з танцамі, дзе ў кожнага з’явілася гісторыя, якую спачатку яны расказвалі дзецям, а потым – унукам і праўнукам. І толькі ў гэтым годзе старая школа не дачакалася сваіх выпускнікоў. 

– А раптам нехта там усё ж такі чакае? – углядаецца праз вакно ў суцэльную сцяну дажджу Гена. Супакойваецца, толькі ў трэці раз пачуўшы: усе папярэджаны і ведаюць, куды сёлета ісці. Пяцідзесяцігадовы юбілей свайго выпуску яны адзначалі па-багатаму: замовілі мясцовае кафэ, успаміналі, пелі песні свайго юнацтва, таньчылі… Але святы ў такім фармаце для пенсіянераў – сапраўдная раскоша. 

– Падкажы, з ялавічыны што лепш прыгатаваць: адбіўныя ці салату слоеную? – не магла з раніцы вызначыцца з выбарам Валя. Яна прыязджае з Санкт-Пецярбурга. Як і адна з колішніх маміных лепшых сябровак і суседак Люда. У вёсцы ў іх засталіся бацькоўскія хаты і бясконцыя ўспаміны. Ларысу да аднакласнікаў на машыне вязе муж. Ноччу яны вернуцца дадому ў Віцебск. А Вера ўжо ніколі больш не далучыцца да гэтых сустрэч. Не пасмакуе шыкоўны пірог з лічбай 70, што для святкавання агульнага юбілею аднакласнікаў спякла жонка Вовы Вольга. Яны прыехалі з Мінска. За 20 кіламетраў сустракаць Раю, якая з Наваполацка дабіраецца на сустрэчу чыгункай, адправілі Валеру. 

– А вы, дзяўчаткі, будзьце ласкавыя, бутэрбродзікі начараваць, – кладзе ён на стол банку чырвонай ікры з клапатліва прадугледжаным камплектам з духмяных багетаў ды пачкам сметанковага масла. Кожны імкнуўся прынесці смачнейшы пачастунак, цікавыя навіны, удалыя жарты і анекдоты, станоўчы настрой. Было відавочна, што ім сапраўды вельмі патрэбна гэтая сустрэча. Таму няпростую дарогу пераадолела цёця Люда (яна перанесла складанейшую аперацыю і жыве «на таблетках»). Таму ехала амаль сотню кіламетраў цёця Ларыса, якая пасля пералому нагі ходзіць з кіёчкам. Таму не сталі прычынай адмовіцца ад сустрэчы выпускнікоў два інсульты цёці Раі. Ды нават кожны з нешматлікіх мясцовых аднакласнікаў знайшоў бы чым заняцца дома. Той жа ўзрост – дастатковы аргумент. 

«А я? А дзе мае аднакласнікі?» – пранеслася думка. Мы не святкавалі ні 20, ні 25 год выпуску. Увогуле, нават не спрабавалі сустрэцца ўсе разам. Можа, справа ў адсутнасці завадатара? Крыўдна так стала: мы ж, здаецца, сябравалі, хадзілі і ў паходы, і на школьныя вечары… А зараз, у лепшым выпадку, ставім у сацсетках «лайкі» новым фота­здымкам тых, з кім сядзелі за адной партай ці елі адзін яблык на дваіх. А потым – калі абсалютна сумленна – падумалася: нават атрымаўшы запрашэнне на такую сустрэчу, я б шукала і абавязкова знайшла б прычыну не ісці. Не цягне. Не трэба. Пацікавілася ў малодшай сястры – і яна б не пайшла. Дачка ўвогуле такую ідэю лічыць праявай вар’яцтва. Здаецца, у майго пакалення нейкія струны душы засталіся незакранутымі, а ў сучаснай моладзі іх і няма ўжо…

Сямідзесяцігадовыя аднакласнікі яшчэ доўга гаманілі, а потым пачалі спяваць. На дзіва стройны хор разбудзіў малога пляменніка. 

– Не-не! – пераконвалі мы гасцей. – Ромка выспіцца, а калі вы яшчэ зберацеся, каб вось так разам паспяваць? 
І пачулі ў адказ:

– Пакуль жывыя, будзем сустракацца! Калі дасць Бог – і 80 разам адсвяткуем!..
Нібыта ком захрас у горле. Здавалася, што мяне пусцілі крыху пагрэцца ля чужога вогнішча, а я ўпотай заглынула той цеплыні ды апяклася да болю… Што з намі не так? n

Прочитано 452 раз
Оцените материал
(10 голосов)

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»